Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 13 красавіка 2000 г.


Алег Супрунюк, Берасьце

Беларускія ўлады прынялі рашэньне аб дэпартацыі польскага ксяндза Зьбігнева Кароліка, які працуе пробашчам каталіцкай парафіі ў Берасьці. Яму загадана да 22 гадзін 14 красавіка пакінуць межы Беларусі. На сьвятара таксама накладзены штраф у 20 мінімальных заробкаў.

Нагадаем, што 18 сакавіка сёлета ксёндз Зьбігнеў Каролік, ужо больш за дзесяць год – пробашч касьцёлу Ўзьнясеньня Крыжа у Берасьці, быў затрыманы міліцыянтамі проста ў храме і адвезены ў пастарунак. Там на яго склалі пратакол аб парушэньні пашпартнага рэжыму. Такое становішча склалася таму, што ў працягу апошніх год мясцовыя ўлады адмаўляюцца даць дазвол сьвятару на працяг працы ў берасьцейскай парафіі і, адпаведна, не рэгіструюць знаходжаньне Зьбігнева Кароліка на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

На падставе складзенага пратаколу начальнік Ленінскага РАУС Аркадзь Касьцючык 22 сакавіка вынес Кароліку афіцыйнае папярэджаньне. Спробы ксяндза і ягоных юрыстаў абскардзіць гэтае рашэньне ў абласной управе ўнутраных справаў не далі выніку, бо кіраўніцтва міліцыі не палічыла патрэбным адказваць на гэтую скаргу. Цяпер гэтая скарга павінна разглядацца ў судзе.

Але сёньня Зьбігнеў Каролік зноў быў выкліканы да начальніка Ленінскага РАУС, які пастанавіў спагнаць са сьвятара штраф у памеры 20-ці мінімальных заробкаў на падставе часткі першай 181-га артыкулу Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях. Кароліка па-ранейшым абвінавачваюць у тым, што ён жыве ў Берасьці без адпаведнай рэгістрацыі і прапіскі. Больш за тое, у ягоны пашпарт грамадзяніна Польшчы сёньня быў ўнесены запіс, паводле якога ксёндз абавязаны пакінуць тэрыторыю Рэспублікі Беларусь да 22 гадзінаў 14 красавіка. Гэты запіс зрабіў начальнік пашпартна-візавай службы Ленінскага раёну Пётар Верамчук.

Напярэдадні сёньняшніх падзеяў вернікі мясцовай парафіі атрымалі адказ на свае звароты да вертыкалі с просьбай зарэгістраваць свайго духоўнага пастыра. У адказе намесьнік старшыні аблвыканкаму Валеры Захарчанка адзначае, што ксёндз Каролік за час знаходжаньня ў Берасьці неаднаразова парушаў свае паўнамоцтвы, прадугледжаныя палажэньнем іншаземнага сьвятара.

Сярод гэтых парушэньняў Захарчанка згадвае спробы падмяніць дзейнасьць касьцёльнага камітэту, звароты наўпрост у органы дзяржаўнага кіраваньня, умяшаньне ў дзейнасьць Саюзу палякаў і правядзеньне рэлігійных дзеяньняў несанкцыянаваным прыцягненьнем паломнікаў з-за мяжы. Паводле Захарчанкі, гэта і дало падставы Савету па справах рэлігіяў аблвыканкаму не рэгістраваць Зьбігнева Кароліка ў якасьці іншаземнага сьвятара на 96-ты год, і таму ягонае знаходжаньне ў Беларусі пасьля гэтага тэрміну зьяўляецца грубым парушэньнем беларускага заканадаўства.

Цытата: "Ігнараваньне Зьбігневам Каролікам на працягу чатырох гадоў патрабаваньняў дзяржаўных ворганаў аб выкананьні дзеючых законаў стварыла становішча, у якім у цяперашні час рашэньне аб рэгістрацыі яго ў якасьці сьвятара зьяўляецца немагчымым".

Такія высновы, зробленыя чыноўнікамі, узрушылі ўсю парафію. Вернікі катэгарычна не пагаджаюцца з тым, што Каролік падмяняў у сваёй дзейнасьці касьцёльны савет. Яны па-ранейшым гатовыя рашуча адстойваць свайго духоўнага пастыра і заяўляюць, што не дапусьцяць магчымай дэпартацыі Зьбігнева Кароліка з тэрыторыі Беларусі.

XS
SM
MD
LG