Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 13 красавіка 2000 г.


Марыя Ўсьціновіч, Магілеўская вобласьць

Сёньня ў Ленінскім раённым судзе Бабруйску адбылося другое судовае паседжаньне ў справе затрыманых на акцыі 25 сакавіка.

Нагадаем, што 25 сакавіка ані мітынгу, ані шэсьця ў Баруйску не было, але каля 300 чалавек сабраліся на цэнтральнай плошчы гораду – полошчы Перамогі, каб толькі сваёй прысутнасьцю адзначыць сьвята чарговых угодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі. Было затрымана ў выніку 14 чалавек – 6 дарослых і 8 непаўналетніх. Першых абвінавачваюць зараз у адміністрацыйным правапарушэньні.

Сёньня суд разгледзеў дзьве справы – Алеся Чыгіра і Юрыя Кісьляка.
Алесь Чыгір, выкладчык гісторыі ў школе, прыйшоў на плошчу адзначыць дзень волі разам са сваёй двухгадовай дачкой, якая трымала ў руках маленькі бел-чырвона-белы сьцяжок. Потым бацька паклаў яго сабе ў кішэню. У дадатак да гэтага міліцыянты завўважылі, што ён распаўсюджваў газэту "Рабочы Бабруйску". Суд вынес яму папярэджаньне.

Таксама папярэджаньне атрымаў і Юры Кісьляк, хаця ніхто дакладна не зразумеў, у чым ён вінаваты. Яго нідзе не заўважылі на відазапісе, які прад'явілі міліцыянты. Ён прыйшоў на сьвята разам са сваёй дзяўчынай, і затрымалі Юрыя ва ўнівэрсаме "Маладзёжны" непадалёк ад плошчы. На разгляд справы Кісьляка суду спатрэбілася літаральна поўгадзіны – ніхто не зьбіраўся разьбірацца дасканала.

На працэсе сьведкамі, зразумела, выступалі міліцыянты, якія адчувалі сябе вельмі разгублена і блыталіся. Адзін з такіх сьведкаў прасіў у калідоры паказаць яму Алеся Чыгіра, супраць якога павінен быў сьведчыць. І нават судзьдзя не змагла зразумець, чаму пратаколы аб правапарушэньнях не былі складзеныя на месцы, а людзей павезьлі ў пастарунак. Адказ быў арыгінальны – аказваецца, блянкі пратаколаў міліцыянтам выдаюцца паштучна.

Невядома калі працягнецца судовае слуханьне. Судзьдзя вырашыла паведаміць аб гэтым ягоным удзельнікам дадаткова. Засталося яшчэ чатыры чалавекі: выкладчыца бабруйскага мэханіка-тэхнічнага тэхнікума Тацяна Копец распаўсюджвала на плошчы перамогі 25 сакавіка інфармацыйны бюлетэнь "Мой горад", рэдактарам якога яна зьяўляецца; Вячаслаў Капусьцін меў з сабой хустку з нацыянальнай сымболікай; Вячаслаў Сьвізуноў, парадстаўнік Беларускага Гэльсынскага Камітэту распаўсюджваў дэклярацыю правоў чалавека; Ігар Ходзька, рэдактар "Рабочага Бабруйску", раздаваў людзям сваё выданьне.

Паводле словаў Тацяны Копец, на яе пачаліся ганеньні на працы. Спачатку туды прыйшла папера зь міліцыі, а цяпер кіраўніцтва тэхнікуму доўга і нудна гутарыць зь ёй аб недапушчальнасьці агітацыі вучняў, хаця прадмет, у прыватнасьці ахова працы, ніякім чынам не зьвязаны з грамадзкай дзейнасьцю Тацяны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG