Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 13 красавіка 2000 г.


Казімір Яноўскі, Гомель

Яшчэ на два месяцы працягнутае сьледзтва па гучнай справе аб хабарніцтве ў Гомельскім мэдычным інстытуце. Такое рашэньне прыняла Генэральная пракуратура, якая хоча, каб сьледзтва завяршылася не пазьней як 12 чэрвеня.

Як ведаюць слухачы, справа аб хабарніцтве ў мэдінстытуце была ўзбуджаная летась у ліпені. Заарыштаваны быў і рэктар гэтай установы – сусьветнавядомы навуковец прафэсар Юры Бандажэўскі. Напярэдадні новага году прафэсара вызвалілі з-за кратаў, і зараз ён знаходзіцца ў Менску ў сваякоў пад падпіскай аб нявыезьдзе. Па выкліку ён рэгулярна зьяўляецца ў Генпракуратуру даваць паказаньні.

У розны час за кратамі гомельскага сьледчага ізалятара пабывалі чацьвёра выкладчыкаў. Цяпер тут утрымліваецца былы намесьнік Бандажэўскага, кандыдат мэдычных навук Уладзімер Раўкоў. Сьледчы ў асабліва важных справах Генпракуратуры Вячаслаў Цераховіч, які вядзе справу аб хабарніцтве і знаходзіцца зараз у Гомелі, адмаўляецца даваць камэнтар, аднак вядома, што Ўладзімеру Раўкову пагражае турэмнае зьняволеньне ад васьмі да пятнаццаці гадоў. Прынамсі, ў гэтых межах сьледзтва будзе прасіць суд пакараць былога прарэктара.
Паподле вэрсіі сьледзтва, ён нібыта асабіста аб'яжджаў бацькоў абітурыентаў і зьбіраў хабар, прычым, у розных гарадох. Глебу дзяля гэтага рыхтавалі выкладчыкі інстытуту і старшыні экзаменацыйных камісіяў. Паводле няпоўных дадзеных абвінавачваюцца ажно 18 асобаў.

Што тычыцца былога рэктара, прафэсара Юрыя Бандажэўскага, то хутчэй за ўсё ён будзе абвінавачаны ў халатных адносінах да выкананьня службовых абавязкаў. За лёс пафэсара трывожацца шматлікія сусьветныя навуковыя арганізацыі, у тым ліку, Нью-Ёркская Акадэмія Навук. Зусім нядаўна прыйшла вестка, што Міжнародная арганізацыя лекараў ганаравала Бандажэўскага Залатою Зоркаю за дасьледаваньні па ўзьдзеяньні малых дозаў радыяцыі на арганізм чалавека.

На чэрвень прафэсар Бандажэўскі запрошаны ў Парыж на міжнародны сымпозыюм у праблемах ядзернае энэргетыкі, аднак, ці патрапіць ён туды, будзе залежаць ад дазволу Генпракуратуры.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG