Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 13 красавіка 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Старшыня ўправы Менскага Транзытнага банку Ганна Грынкевіч выступіла на працэсе над Міхалам Чыгіром з паказаньнямі, якія пацьвярджаюць ягоную невінаватасьць у эпізодах з будаўніцтвам новага офісу й выдачай валютных крэдытаў.

Ганна Грынкевіч, якая цяпер узначальвае Менскі Транзытны банк, у сярэдзіне 90-х працавала ў "Белаграпрамбанку" пад кіраўніцтвам Міхала Чыгіра. Яна была загадчыцаю эканамічнае ўправы й, паводле ейных словаў, дасканала ведае пра справы ў банку як раз у той пэрыяд, які цяпер цікавіць судовую калегію на чале з Аляксандрам Васілевічам.

Напярэдадні выступу Грынкевіч абарона экс-прэм'ера й не хавала, што ўскладае шмат спадзеваў на такую кампэтэнтную сьведку й вядомую ў банкаўскай справе спэцыялістку. Зь цікаўнасьцю паставіліся да паказаньняў Ганны Грынкевіч таксама пракурор і судзьдзі. Мяркую пра гэта па колькасці іхных пытаньняў да сьведкі.

Што самае істотнае зь яе паказаньняў? Па-першае, яна заявіла, што ідэя будаўніцтва новага офісу "Белаграпрамбанку" зьявілася яшчэ да таго, як банкам пачаў кіраваць Чыгір. Ідэю гэтую пачаў рэалізоўваць ягоны папярэднік Туроўскі. У 1995-м годзе ўласных грошай для будаўніцтва хапала, да того ж – можна было выкарыстоўваць іншыя крыніцы. Гэты тэзыс абвяргае высновы сьледзтва, якое сьцьвярджала, што будоўлю Чыгір пачаў авантурна, ня маючы патрэбных сродкаў.

Другі варты ўвагі момант тычыцца выдачы валютных крэдытаў. Сьледзтва падазрае Міхала Чыгіра ў невыкананьні службовых абавязкаў і адсутнасьці пільнага кантролю за даўжнікамі. Ганна Грынкевіч з гэтым катэгарычна нязгодная. Яна сьцьвярджае, што ўмовы былі створаныя належныя, кантроль быў наладжаны, інструкцыі выконваліся. Іншая рэч, што гэта былі яшчэ недасканалыя інструкцыі, бо многае даводзілася рабіць упершыню. Напрыклад, выдаваць валютныя крэдыты. "Гэта цяпер Нацыянальны банк усё распісаў ад "а" да "я", а тады нарматыўная база толькі стваралася, але правілы пры Чыгіры не парушаліся", – заявіла суду Ганна Грынкевіч.

Сьведка таксама паведаміла, што й пасьля зыходу Міхала Чыгіра з банку ня йшло гаворкі пра адмову ад будоўлі, новае кіраўніцтва казала толькі пра адтэрміноўку ў сувязі з праблемамі фінансаваньня. "Ніколі не стаяла пытаньня пра нанесеныя будоўляю страты, гаворка йшла выключна пра часовую кансэрвацыю аб'екта", – заявіла Ганна Грынкевіч і тым самым абвергла высновы сьледзтва, паводле якіх Чыгір сваёй будоўляй новага офісу нанёс дзяржаве стратаў больш чым на два мільёны даляраў.

Яшчэ адной важнай падзеяй працэсу стала адхіленьне судзьдзямі хадайніцтва адвакатаў аб прызначэньні гэтак званае камісійнай экспэртызы справы. Адвакат Аляксандар Пыльчанка, даказваючы неабходнасьць такой экспэртызы незалежнымі спэцыялістамі з Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, заўважыў:

(Пыльчанка: ) "Тое, што мы бачым на паседжаньні з боку мытнага камітэту, сьведчыць аб тым, што яны ўхіляюцца ад прамых адказаў, чорнае называюць белым ім наадварот".

Сутыкнуўшыся з такой няшчырасьцю грамадзянскіх зыскальнікаў і абвінавачваньня, абарона й дамагалася правядзеньня экспэртызы заканадаўчых актаў, на якія яны спасылаюцца. Аднак суд гэтае хадайніцтва адхіліў.

Цяпер, як мяркуюць адвакаты Чыгіра, працэс худка можа выйсьці да стадыі судовых спрэчак.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG