Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 13 красавіка 2000 г.


Валер Каліноўскі, Менск

На 16 красавіка прызначаны аднадзённы рабочы візыт наноўвыбранага прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна ў Менск. У той жа дзень зь Менску Пуцін накіруецца ў Лёндан, а пасьля – у Кіеў і Севастопаль. Праграма Пуціна ў Менску не вызначаецца асаблівай насычанасьцю.

Прэсавы сакратар беларускага вонкапалітычнага ведамства Мікалай Барысевіч сёньня паведаміў, што Ўладзімер Пуцін прыляціць у Менск прыблізна а 13-й гадзіне ўдзень. А адляціць у Лёндан а 19-й увечары. Апрача таго, пэўны час зойме пратакольнае ўскладаньне вянка да абеліску на пляцы Перамогі. Такім чынам, на праграму афіцыйных сустрэчаў застаецца ўсяго некалькі гадзінаў.

Гаворыць прэсавы сакратар Міністэрства замежных справаў Беларусі Мікалай Барысевіч:

"Плянуецца, што адбудуцца перамовы сам-насам, а потым сустрэча ў пашыраным складзе… Асаблівы акцэнт будзе зроблены на пытаньнях гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва паміж дзьвюма краінамі", – паведаміў Мікалай Барысевіч.

Перамовы адбудуцца ў загараднай урадавай рэзыдэнцыі ў Заслаўі, і доступ прэсы на выніковы брыфінг Уладзімера Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі будзе абмежаваны.

Паводле словаў прэсавага сакратара, тэмы да абмеркаваньня стануць лягічным працягам зьместу тых перамоваў, якія правёў 12 красавіка ў Маскве прэм'ер-міністар Уладзімер Ярмошын, гэта значыць – пытаньні далейшай інтэграцыі, стварэньня хаўруснае дзяржавы і ўвесь комплекс двухбаковых стасункаў.

Ці будзе абмяркоўвацца нашумелая заява Аляксандра Лукашэнкі пра стварэньне сумеснае расейска-беларускае 300-тысячнае вайсковае групоўкі, што стаяла б на заходнім кірунку, у МЗС дакладна не ведаюць. Дарэчы, 12 красавіка Ўладзімер Ярмошын і першы віцэ-прэм'ер ураду Расеі Міхал Касьянаў адмовіліся нават камэнтаваць гэтую заяву, спаслаўшыся на тое, што ня бачылі яе дакладнага тэксту. Увогуле, адзінай рэальнай дамоўленасьцю стала, відаць, толькі згода Пуціна ўлічваць Беларусь пры выпрацоўцы расейскага пляну эканамічнага разьвіцьця на бліжэйшыя 10 гадоў.

12 красавіка кіраўнікі ўрадаў Расеі ды Беларусі канстатавалі, што мытнае і падатковае заканадаўства дзьвюх краінаў па-ранейшаму застаецца няўзгодненым на 30 адсоткаў, у пытаньні ўводу адзінае валюты аніякіх рашэньняў не прынята, мэханізмы пагашэньня беларускае запазычанасьці перад Расеяй за энэргарэсурсы таксама канчаткова не ўхваленыя.

Як прызналі ў беларускім урадзе, пакуль што асаблівага руху наперад у расейска-беларускіх стасунках няма, і нейкая пэўнасьць можа зьявіцца толькі пасьля інаўгурацыі Ўладзімера Пуціна й фармаваньня новага ўраду. А пакуль што першы візыт Пуціна ў Менск у новай якасьці выглядае як дзяжурны жэст прыхільнасьці да афіцыйнага Менску.

XS
SM
MD
LG