Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 12 красавіка 2000 г.


Вольга Караткевіч

На тэрыторыі Чачні працягваецца вайна, якая перайшла ў стадыю партызанскай. Учора чачэнскія байцы абстралялі групу Ітум-Калінскага памежнага аддзелу, які ахоўвае адрэзак мяжы Чачні і Грузіі ў Аргунскай цясьніне. Напад чачэнцаў патрапілі адбіць толькі з дапамогай авіяцыі. Тым часам памочнік прэзыдэнта Расеі Сяргей Ястржэмбскі заявіў, што не выключае магчымасьці пераходу да палітычнага працэсу ў Чачні пры ўмове выкананьня пэўных патрабаваньняў.

Пра палітычны працэс у чачэнскім пытаньні Сяргей Ястржэмбскі заявіў пад час паездкі па сярэднеазіяцкіх краінах СНД, камэнтуючы інтэрвію Аслана Масхадава радыёстанцыі "Нямецкая Хваля", у якім чачэнскі прэзыдэнт упершыню сказаў, што Шаміль Басаеў нясе адказнасьць за напад на Дагестан.

Умовы, якія расейскі бок называе папярэднімі, наступныя: поўнае разбраеньне чачэнскіх аддзелаў, пакараньне лідэраў маджахедаў Хаттаба, Басаева і Гелаева. Што да самога чачэнскага прэзыдэнта, Ястржэмбскі паведаміў, што Расея ніколі не пераставала лічыць Масхадава лідэрам чачэнцаў, зь якім можна размаўляць.

Учора расейскае прадстаўніцтва ў Арганізацыі Аб'яднаных Нацыяў распаўсюдзіла зварот, падпісаны 21 вядомымі расейскімі дзеячамі. Яны выступаюць супраць спробаў Захаду ізаляваць Маскву ці ўвесьці санкцыі з прычыны ваеннай кампаніі ў Чачні. Гэты зварот быў раздадзены пад час абмеркаваньня парушэньня расейцамі правоў чалавека ў Чачні ў Камітэце правоў чалавека ААН у Жэнэве.

Навукоўцы і культурныя дзеячы Расеі папрасілі расейскія і міжнародныя сродкі масавай інфармацыі памятаць, што мэтай ваеннай акцыі ў Чачні была барацьба з тэрарызмам, і што расейцы падтрымалі кампанію, абраўшы прэзыдэнтам Владзіміра Пуціна. Сярод тых, хто падпісаў зварот – Юры Осіпаў, прэзыдэнт Расейскай Акадэміі Навук, Аляксандар Прохараў, нобэлеўскі ляўрэат у галіне фізыкі, кінарэжысэр Нікіта Міхалкоў, Карэн Шахназараў, сьпявак Аляксандар Градзкі ды іншыя.

Пастанову Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы аб прыпыненьні права голасу Расеі ў Радзе Эўропы Сьпікер Расейскай Дзярждумы Генадзь Селязнёў назваў памылкай. Сёньня й Дзярждума асудзіла дзеяньні Парляэанцкай Асамблеі Рады Эўропы.

Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі працягваюць жорстка крытыкаваць расейскі ўрад за кампанію супраць Чачні. Плянаваны візыт Владзіміра Пуціна ў Вялікую Брытанію выклікаў шмат камэнтароў. Адразу дзьве арганізацыі - Human Rights Watch і Міжнародная Амністыя рыхтуюць адмысловыя пасланьні на адрас брытанскага ўраду.

На думку праваабаронцаў, сустрэча з прэм'ерам Блэйерам будзе спрыяць росту міжнароднага прэстыжу Пуціна. Асабліва яны выказваюцца супраць сустрэчы Пуціна і брытанскай каралевы. Прадстаўнік брытанскага міністэрства замежных справаў лібэральны дэмакрат Мэнзіс Кэмпбэл заявіў, што "Брытанія не павінная вітаць з абдымкамі чалавека, які пабудаваў сваю прэзыдэнцкую кампанію на правядзеньні жорсткай ваеннай акцыі ў Чачні". Кэмпбэл зьвярнуўся да Тоні Блэйера з пытаньнем, ці не адчувае ўрад пэўны дыскамфорт, вітаючы Пуціна ў Лёндане.

Часопіс "The Times" цытуе расейскіх праваабаронцаў. У прыватнасьці, меркаваньне Елены Бонэр, што "ў Чачні адбываецца генацыд чачэнскага народу". The "Guardian" учора зьмясьціла артыкул пра Пуціна пад назовам "У ложку з Пуціным", а сёньня – "Заставайцеся дома, спадар Пуцін!"

Тым часам у выніку так званай "антытэрарыстычнай" кампаніі ў Ічкерыі і суседніх рэспубліках слалася вельмі напружаная гуманітарная сытуацыя. Паводле апошніх расейскіх афіцыйных зьвестак, за час правядзеньня апэрацыі на Паўночным Каўказе ў Інгушэтыі, Паўночнай Асетыі, Дагестане і Стаўрапольскім краі разьмешчаныя 221370 часовых перасяленцаў з Чачні. Усяго зафіксавана афіцыйна 285 тысячаў чачэнскіх уцекачоў. У Інгушэтыі каля 25 тысячаў чачэнцаў жывуць у палатачных гарадках. У самой Чачні харчы на гуманітарных пунктах змушаныя атрымліваць каля 35 тысячаў чалавек.

Расейскія вайскоўцы рэгулярна выкарыстоўваюць авіяцыю, бамбуючы горы і пячоры. Баявыя сутычкі перамяшчаюцца ў верхавіны Шара-Аргунскай цясьніны – цяжкага для перадыслякацыі раёну, які мяжуе з Дагестанам. На выстаўленыя там памежныя расейскія аддзелы рэгулярна нападаюць чачэнскія байцы.

Не адпавядае сапраўднасьці інфармацыя расейскіх ваенных пра тое, што чатыры аддзелы чачэнскіх байцоў колькасьцю ад 60 да 140 чалавек гатовыя здацца фэдэральным сілам. Радыёперахопы размоваў палявых камандзіраў сьведчаць, што байцы намагаюцца аднавіць сувязь паміж разьдзеленымі групамі і зноўку сфармаваць арганізаванае войска. Расейцы лічаць, што такім чынам чачэнцы зацягваюць час, якога ў фэдэральных войскаў няшмат – ужо на мінулым тыдні ў Ічкерыі зьявілася лісьце на дрэвах. Лета – спрыяльны час для партызанскай вайны.

І яшчэ адна інфармацыя. Сёньня газэта "Московский комсомолец" паведаміла, што ў Чачні затрыманы афіцэр расейскага войска, які перапраўляў параненых чачэнскіх байцоў у бясьпечнае месца. Аўтамабіль палкоўніка Саўчанкі быў спыненая на адным з блёкпостаў. Міліцыянты зазірнулі ў аўтамабіль і ўбачылі пяцёх параненых. Расейскі палкоўнік Саўчанка займаў пасаду намесьніка камандзіра дывізіі ў справе выхаваўчай работы з асабовым складам.

XS
SM
MD
LG