Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 12 красавіка 2000 г.


Валянціна Аксак, Менск

Выступаючы ўчора перад дэпутатамі гэтак званага "Нацыянальнага сходу", Аляксандар Лукашэнка двойчы ў нэгатыўным кантэксьце прыгадваў Нацыянальную Акадэмію навук. Пры гэтым ён паабяцаў разабрацца з кадрамі вядучае навуковае ўстановы краіны. Мяркуючы па дакумэнце, які патрапіў да нашага карэспандэнта, абяцаньне можа спраўдзіцца ў самы бліжэйшы час.

Уласна дакумэнтаў гэтых некалькі. Але, мяркуючы па зьмесьце, усе яны выйшлі з-пад аднаго пяра з нэтраў прэзыдыюму Нацыянальнае Акадэміі навук. Назовы папераў пачынаюцца з аднаго й тога ж слова – "папраўкі". Папраўкі ў палажэньне пра аддзелы НАН, папраўкі ў палажэньне пра выбары ў ейныя кіруючыя ворганы й папраўкі ў статут Акадэміі.

Ані ініцыятар, ані аўтар паправак не вядомыя нават кіраўнікам акадэмічных аддзелаў. Больш таго, сам факт падрыхтоўкі гэтых паправак трымаўся ад акадэмічнае грамадзкасьці ў вялікім сакрэце. І ня дзіва, бо зьмест іхны скіраваны на скасаваньне дэмакратычных прынцыпаў кіраваньня ў структурах вядучае навуковае ўстановы краіны.

Найбольшую трывогу ў асяродку абазнаных асобаў выклікаюць папраўкі, якія мяркуецца ўнесьці ў статут Акадэміі. У прыватнасьці, прадугледжанае скасаваньне выбарнасьці дырэктараў інстытутаў. Устанаўліваецца, што дырэктараў галіновых інстытутаў ды іншых філіяў будзе прызначаць прэзыдыюм Акадэміі. Прызначаць на кантрактнай аснове тэрмінам на 5 гадоў. Прэзыдыюму даецца таксама права датэрмінова вызваляць ад займаемай пасады кіраўніка любое структуры, якая да гэтага была абраная згодна зь дзейным статутам на сваю пасаду.

Гэткім чынам мяркуецца скасаваць адзін з галоўных прынцыпаў акадэмічнага дэмакратызму – выбарнасьць кіраўнікоў. Якім, дарэчы, дзяячы беларускае навукі пакарысталіся ня так і доўга – блізу дзясятка гадоў. Распрацаваныя папраўкі фактычна вернуць прынцыпы кіраваньня айчыннаю навукаю ў савецкі час.

Паўстае заканамернае пытаньне: дзеля чаго гэта робіцца? Адказ просты – дзеля таго, каб вярнуць у савецкі час ня толькі й ня столькі прынцыпы кіраваньня навукаю, а ейны зьмест. І калі прыродазнаўчыя галіны ад гэтага пацерпяць менш, то дзеля аддзелу гуманітарных навукаў гэтае вяртаньне будзе азначаць поўны разгром.

Як вядома, ужо не адзін год прэзыдэнцкае ідэялягічнае атачэньне рознымі спосабамі спрабуе змусіць гуманітарыяў служыць не навуковым ісьцінам, а існуючай уладзе. Плёну ад гэтых спробаў было ня надта. Цяпер вырашана дасягнуць мэты праз усталяваньне ў галоўным айчынным навуковым асяродку прэзыдэнцкае вэртыкалі.

А што зьмены ў кіраваньні Акадэміяй ініцыяваныя менавіта атачэньнем Лукашэнкі, сьведчыць той факт, што агульны сход акадэмікаў ды сяброў-карэспандэнтаў, на якім зьбіраюцца зацьвердзіць папраўкі, перанесены з 6 красавіка на 14-е. Прычына пераносу, як сьцьвярджаюць дасьведчаныя крыніцы, – занятасьць галоўнага лукашэнкавага ідэёляга віцэ-прэм'ера Ўладзімера Замяталіна. А безь ягонага непасрэднага ўдзелу падобныя падзеі ў Беларусі не адбываюцца.

XS
SM
MD
LG