Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 12 красавіка 2000 г.


Валер Каліноўскі, Менск

У Менску ў банкетнай залі гатэлю "Плянэта" прайшло другое паседжаньне гэтак званага "дыялёгу грамадзка-палітычных сілаў Беларусі". І на гэты раз, як і два тыдні таму, не было прынята аніякіх рашэньняў ані наконт удасканаленьня Выбарчага кодэксу, ані наконт рэглямэнту самога "дыялёгу".

Другое плянарнае паседжаньне прадстаўнікоў арганізацыяў, што далі згоду на прапанаваны Лукашэнкам "дыялёг грамадзкіх сілаў", было прысьвечанае Выбарчаму кодэксу. Намесьнік кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Ўладзімер Русакевіч адразу нагадаў прысутным пазыцыю ў гэтым пытаньні Аляксандра Лукашэнкі й зазначыў, што прапановы ва ўдасканаленьні выбарчага заканадаўства могуць і будуць разглядацца ў той ступені, у якой яны адпавядаюць дзейнай Канстытуцыі.

Потым з амаль гадзіннай прамоваю аб вартасьцях Выбарчага кодэксу выступіў старшыня камісіі "Палаты прадстаўнікоў" Анатоль Красуцкі. Зь ягоных словаў вынікала, што кодэкс і так добры, а ўсе альтэрнатыўныя прапановы, якія раней не былі ўхваленыя, як раз не адпавядаюць асноўнаму закону.

Тым ня менш лідэрка аб'яднаньня "Яблоко" Вольга Абрамава й старшыня Клюбу выбаршчыкаў Уладзімер Гудзееў выступілі са сваімі прапановамі. Сутнасьць гэтых прапановаў – у неабходнасьці зьменаў прынцыпу фармаваньня выбарчых камісіяў, пашырэньня правоў назіральнікаў і ўсталяваньня роўнага доступу да дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі для прадстаўнікоў апазыцыі.

Уладзімер Гудзееў прапанаваў наблізіць беларускае выбарчае заканадаўства да расейскага, панізіць планку абавязковай яўкі выбаршчыкаў да 25 адсоткаў.

Прапановы адзінае прадстаўніцы ад апазыцыйных партыяў Алены Скрыган, другое сакратаркі Партыі камуністаў, заля выслухоўвала неахвотна, асабліва тыя, што датычыліся магчымасьці правядзеньня парлямэнцкіх выбараў паводле зьмешанай сыстэмы.

Алена Скрыган выказала шкадаваньне, што дагэтуль няма аніякай інфармацыі пра прычыны неабгрунтаваных масавых арыштаў 25 сакавіка ў Менску. З-за гэтай прычыны прадстаўнікі Беларускага Гэльсынскага камітэту й Таварыства Беларускае Мовы працягваюць ігнараваць паседжаньні "дыялёгу".

Памочнік Лукашэнкі Сяргей Посахаў у інтэрвію "Радыё Свабода" выказаў дапушчэньне, што ў выніку гэтага працэсу магчымая зьмена толькі ўмоваў доступу да дзяржаўных СМІ ў перадвыбарчую кампанію – указам Лукашэнкі ці рашэньнем Цэнтарвыбаркаму, а да зьменаў у самім Выбарчым кодэксе ён паставіўся скэптычна.

Аб магчымасьці ўдзелу палітычных партыяў у выбарах паводле зьмешанай сыстэмы Сяргей Посахаў гаварыў толькі ў пэрспэктыве. Сама працэдура "дыялёгу" яго вельмі ўсьцешыла.

Гаворыць Сяргей Посахаў:

"У Беларусі ўсталёўваецца звышдэмакратычная інстытуцыя – стала дзейны грамадзка-палітычны дыялёг, у якім няма абмежаваньняў на ўдзел, няма абмежаваньняў на абмяркоўваемыя пытаньні, у якім няма абмежаваньняў на пастаноўку праблемаў", – зазначыў Сяргей Посахаў.

Прадстаўнік апазыцыі Алена Скрыган была расчараваная ходам гэтага паседжаньня, але адмаўляцца ад удзелу ў ім пакуль не зьбіраецца.

Гаворыць Алена Скрыган:

(Скрыган: ) "Мы будзем удзельнічаць у гэтым дыялёгу датуль, пакуль не закончыцца разгляд першага пытаньня – гэта кодэкс выбарчы і магчымасьці яго зьмены. Як толькі стане зразумела, што тое, што адбываецца – працягваецца: я маю на ўвазе, што сёньняшняе паседжаньне праходзіць у духу маналёгу, а не дыялёгу, бо цэлую гадзіну нам чыталі даклад аб зьмесьце выбарчага кодэксу. Мне здаецца, што адбываецца проста зацягваньне часу, якое можа прывесьці да таго, што многім удзельнікам дыялёгу стане не цікава. Аб гэтым гавораць мае суседзі, якія сядзяць побач, дык гэта не дыялёг".

Гаварыла другая сакратарка апазыцыйнае Партыі Камуністаў Алена Скрыган.

Гэтае паседжаньне "дыялёгу" так і не прыняло аніякіх рашэньняў ані ў пытаньні рэглямэнту, ні ў пытаньні Выбарчага кодэксу.

Намесьнік кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Ўладзімер Русакевіч паведаміў, што цяпер на працягу двух тыдняў праца пойдзе ў экспэртавых групах. Аднак, як паведаміла Вольга Абрамава, экспэртавая група ў пытаньні Выбарчага кодэксу дагэтуль аніяк ня можа сфармавацца, бо толькі дзьве арганізацыі са 107-мі, заяўленых на ўдзел у дыялёгу, накіравалі ў яе сваіх экспэртаў, а трэба хаця б тры.

XS
SM
MD
LG