Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 12 красавіка 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Рада сустаршыняў аргкамітэту ў правядзеньні 3-га Ўсебеларускага зьезду сустрэлася зь лідэрамі Беларускага Народнага Фронту й абмеркавала плян падрыхтоўкі да гэтае дзеі. Канчатковы парадак вылучэньня дэлегатаў, а таксама дата зьезду будуць зацьверджаныя на паседжаньні аргкамітэту, якое прызначана на 16 красавіка.

Кіраўніцтва Фронту выказала гатоўнасьць узяць чынны ўдзел у падрыхтоўцы да Ўсебеларускага зьезду, але з пэўнымі агаворкамі. Фронтаўцы лічаць, што правядзеньне акцыі такога роўню патрабуе вялікіх арганізацыйных і фінансавых высілкаў. Так, паводле словаў намесьніка старшыні БНФ Віктара Івашкевіча, падрыхтоўку варта пачынаць пасьля заканчэньня вулічных веснавых акцыяў апазыцыі, г.зн. пасьля 1 траўня.

Папярэдне называная дата правядзеньня Ўсебеларускага зьезду – 14 траўня – на думку лідэраў БНФ абсалютна не рэальная, паколькі за такі кароткі адрэзак часу немагчыма правесьці сходы грамадзянаў па ўсёй Беларусі, якія б вылучылі дэлегатаў на зьезд.

Лідэры Фронту й сустаршыні аргкамітэту лічаць, што дэлегаты зьезду павінны рэпрэзэнтаваць усе пласты беларускага грамадзтва й быць абранымі непасрэдна народам, таксама, як гэта было на першым і другім Усебеларускіх зьездах у 1917 і 1944 гадох. Канчатковы парадак абраньня дэлегатаў будзе зацьверджаны на паседжаньні аргкамітэту, аднак папярэдне прапанавана вылучаць дэлегатаў на агульных сходах грамадзянаў у кожнай вёсцы, горадзе ці раёне.

Пакуль няма пэўнасьці і з вызначэньнем даты Ўсебеларускага зьезду, але, хутчэй за ўсё, ён пройдзе ў верасьні ці ў кастрычніку. Праўда, сустаршыня аргкамітэту, народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін не выключае, што ён можа адбыцца ў два этапы: першы (падрыхтоўчы) у траўні, другі (асноўны) – увосень.

Галоўны аргумэнт на карысьць такога фармату зьезду – тое, што ўлады зьбіраюцца перахапіць у апазыцыі ініцыятыву й правесьці ўвосень г.зв. "Зьезд дэпутатаў усіх роўняў". (Пра гэта паведаміў пад час учорашняга выступу перад Нацыянальным сходам Аляксандар Лукашэнка). Вось што думае на гэты конт Рыгор Барадулін:

(Барадулін: ) "Там, паводле неафіцыйных дадзеных, якія прасачыліся, яны ў разгубленасьці – ці пачынаць душыць ці пачынаць улазіць туды".

Канчатковы парадак падрыхтоўкі да зьезду будзе прыняты ў нядзелю. Сябры аргкамітэту плянуюць запрасіць на сваё паседжаньне прадстаўнікоў іншых апазыцыйных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG