Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 12 красавіка 2000 г.


Уладзімер Глод, Менск

Стала вядома пра тое, што рашэньне аб удзеле або няўдзеле міжнародных назіральнікаў у парлямэнцкіх выбарах, якія маюць адбыцца ў Беларусі, будзе прынятае не раней чым у верасьні. Пра гэта ўдзельнікам сёньняшняга паседжаньня Кансультацыйнае рады апазыцыйных палітычных партыяў паведаміў кіраўнік Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ ў Беларусі амбасадар Вік.

Спадар Ганс-Георг Вік трапіў на паседжаньне Кансультацыйнае рады апазыцыйных палітычных партыяў, як кажуць, "з карабля на баль". З гэтае нагоды пачатак сустрэчы нават вымушана адклаўся, хаця амбасадар Вік зь менскага аэрапорту адразу скіраваўся да офісу Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ, дзе й праходзіла паседжаньне.

Перш-наперш, амбасадар агучыў наступныя пазыцыі.

10 міжнародных арганізацыяў, якія ўдзельнічалі ў Венскай канфэрэнцыі ў справах Беларусі, і сярод якіх, у прыватнасьці, былі АБСЭ, Эўрапарлямэнт, Рада Эўропы ды іншыя, аднагалосна прыйшлі да высновы, што ім неабходна выпрацаваць агульную пазыцыю ў пытаньні: ці накіроўваць міжнародных назіральнікаў на выбары ў парлямэнт Беларусі?

Па-другое, прыняцьцё адпаведнага рашэньня будзе залежыць ад таго, ці пойдуць афіцыйныя беларускія ўлады на ўзгодненыя з палітычнай апазыцыяй варыянты зьмены Выбарчага кодэксу, гарантаванага доступу апазыцыі да дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі і зьмены пэўных функцыяў і паўнамоцтваў цяперашняе "Палаты прадстаўнікоў".

Больш за тое, міжнародныя арганізацыі ўзгадалі яшчэ адную ўмову – датрыманьне правоў чалавека.

І нарэшце трэцяе – канчатковае рашэньне міжнародныя назіральнікі будуць прымаць не раней, чым у верасьні. Да гэтага часу, дарэчы, яны будуць зьбірацца адзін раз на два месяцы ў Вене, каб назіраць за тым, ці зьмяняецца становішча ў Беларусі. У сувязі з гэтым Кансультацыйна-назіральнай групе АБСЭ ў Менску даручылі кожныя два тыдні адсылаць у Вену падрабязную справаздачу пра тое, што робіцца ў Беларусі.

Больш за тое, у жніўні Беларусь наведаюць вялікія групы міжнародных экспэртаў, якія хочуць уласнымі вачыма паглядзець на тое, што адбываецца ў краіне. Іхныя ўражаньні разам са справаздачамі КНГ АБСЭ й будуць узятыя для абгрунтаваньня канчатковага рашэньня. Якім яно будзе – сёньня ніхто не бярэцца сказаць, але, паводле амбасадара Віка, назіральнікі ўжо рыхтуюцца для сваёй справы, нягледзячы на тое, будуць яны накіраваныя ў Беларусь або не.

На сёньняшнім паседжаньні спадар Вік паведаміў і новыя рэчы пра візыт "тройкі" АБСЭ ў Менск. Нагадаем, што пасьля падзеяў 25 сакавіка прадстаўнікі гэтае міжнароднай арганізацыі перанесьлі свой візыт з пачатку красавіка на канец месяца. Але магчыма, што й гэты тэрмін ня будзе канчатковым. Паколькі 26 красавіка пройдзе "Чарнобыльскі Шлях", а 1 травеня дэманстрацыя працоўных, некаторыя прадстаўнікі АБСЭ лічаць, што ім лепш наведаць Беларусь не раней, чым 3 травеня. Як падкрэсьліў Вік, візыт адбудзецца ў любым выпадку.

Кіраўнік Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ закрануў і тую частку ўчорашняга выступу Аляксандра Лукашэнкі, якая тычылася ролі КНГ. Ён ня выключыў таго, што пасьля вывучэньня стэнаграмы прамовы група зробіць адмысловую заяву. Але ўжо сёньня Вік заявіў, што "…Нашая місія аніводнага разу ня выйшла за рамкі свайго рэглямэнту".

На сёньняшнім паседжаньні прадстаўнікі Кансультацыйнае рады апазыцыйных палітычных партыяў пацьвердзілі, што яны ня маюць намеру ўключацца ў гэтак званы "нацыянальны грамадзка-палітычны дыялёг". На іхную думку, магчыма толькі вяртаньне да фармату кансультацыяў экспэртаў ад урадавага боку й палітычнай апазыцыі.

XS
SM
MD
LG