Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 12 красавіка 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

У Менску за хабарніцтва затрыманая дырэктарка Дзяржаўнага цырку Тацяна Бандарчук, якая , паводле зьвестак, знаходзіцца ў сваяцкіх сувязях зь віцэ-прэм'ерам беларускага ўраду Ўладзімерам Замяталіным. Крыніцы паведамляюць, што дырэктарку цырку арыштавалі пад час спробы выманіць хабару на 4.900 даляраў ЗША.

Сёньня прэсавыя службы міліцыі яшчэ ня мелі дадзеных пра затрыманьне дырэктаркі дзяржаўнага цырку Тацяны Бандарчук, пра што ўжо другі дзень ідзе гаворка ў асяродку дзяячоў беларускага цырку. Кіраўнік службы інфармацыі Міністэрства нутраных справаў Віктар Быкаў спасылаўся на адсутнасьць гэтай інфармацыі ў афіцыйных справаздачах. Тое ж самае казала й прэсавая сакратарка гарадзкой міліцыі Натальля Лапо, але паводле яе дадзеных, у цырку пацьвярджаюць факт арышту дырэктаркі.

Я паспрабаваў гэта спраўдзіць, але атрымаў ад сакратаркі прыёмнай пацьверджаньне толькі таго, што Тацяна Бандарчук дырэктарам дзяржаўнага цырку Беларусі ўжо не працуе. Маўляў, учора звольнілася, і дзе цяпер знаходзіцца – ня ведаем.

Між тым інфармацыю пра затрыманьне Бандарчук пацьвярджаюць сьледчыя гарадзкое ўправы сьледчага камітэту. Паводле іхных дадзеных, Тацяна Бандарчук затрыманая за спробу выманіць хабар памерам 4.900 даляраў ад артыста цырку Цімчанкі. Быццам бы ён ужо даў адпаведныя паказаньні. Згодна з артыстам, які спэцыялізуецца на выступах з морскімі львамі й коцікамі, Тацяна Бандарчук прымушала яго аддаваць ёй частку атрыманых за выступ грошай. Праўда, Бандарчук гэтага не прызнае і заяўляе, што проста зьбіралася пазычыць даляры ў артыста Цімчанкі.

Гісторыя з дырэктаркаю цырку набывае асаблівую цікавасьць у сувязі са зьвесткамі пра сваяцкія стасункі Тацяны Бандарчук зь віцэ-прэм'ерам Уладзімерам Замяталіным. Былыя калегі Бандарчук, якія яе добра ведаюць, заяўляюць, што яе пляменніца замужам за сынам віцэ-прэм'ера. Адзін з супрацоўнікаў цырку казаў мне, што гэта дакладная інфармацыя. Другая акторка цырку распавяла, што, калі ў 1996 годзе нечакана для ўсіх Бандарчук прызначылі дырэктаркаю цырку, для ўсіх артыстаў не было сакрэтам, што гэтае прызначэньне стала магчымым толькі дзякуючы Ўладзімеру Замяталіну.

Што ўдалося высьвятліць пра затрыманую? Аказваецца, Тацяна Бандарчук ніколі ня мела цыркавой адукацыі, а ў цырк трапіла па-сутнасьці выпадкова – дзякуючы былому мужу, вядомаму акрабату Генадзю Бандарчуку. Яе цыркавая кар'ера прайшла без асаблівых дасягненьняў, але яна здолела дамагчыся посьпехаў у бізнэсе – стварыла вар'етэ, якое выступала спачатку ў кавярні "Рандэву", а потым у цырку, калі яна стала дырэктаркаю.

Былы дырэктар цырку Іван Пашкевіч сьцьвярджае, што папярэджваў кіраўніцтва Міністэрства культуры пра нэгатыўныя наступствы ў выніку прызначэньня Тацяны Бандарчук. Маўляў, яна можа пераблытаць уласную кішэню зь дзяржаўнай.

Іван Пашкевіч распавёў гісторыю пра будаўнічую пляцоўку на вуліцы Пуліхава, на якой пры ім плянавалася пабудаваць гатэль для цыркавых артыстаў. Пашкевіч шмат зрабіў, каб атрымаць для цырку гэтую пляцоўку, ужо нават былі зьнесеныя два прыватныя старыя дамы, яле яго звольнілі. А неўзабаве стала вядома, што пляцоўка дасталася камэрсантам і там цяпер пабудаваны даходны дом. "Мне за тое, каб адмовіўся ад гэтае пляцоўкі, прапаноўвалі новую іншамарку", – згадвае былы дырэктар.

Другая крыніца, якая дагэтуль працуе ў цырку, сьцьвярджае, што без сувязяў у вышэйшых эшалёнах улады немагчыма было тры гады працаваць на такой пасадзе з такімі відавочнымі парушэньнямі. Паводле гэтае крыніцы, кіраўніцтва цырку махлявала з грашыма, атрыманымі за арэнду плошчаў ад камэрсантаў, а таксама з матэрыяльнымі сродкамі.

Мне, аднак, не ўдалося высьветліць, ці фігуруюць у прэтэнзіях да Бандарчук іншыя эпізоды, акрамя хабару. Сьледчы гарадзкога сьледчага камітэту Яўген Архірэеў пацьвердзіў толькі, што некалькі месяцаў таму займаўся спраўджаньнем падазрэньняў у вадносінах да Бандарчук, але адмовіўся іх канкрэтызаваць. Паводле сьледчага, справу ў яго забралі й перадалі іншаму супрацоўніку, якому – ён ня ведае.

Варта заўважыць, што затрыманьне былой дырэктаркі дзяржаўнага цырку адбылося менавіта ў той дзень, калі Аляксандар Лукашэнка з трыбуны "Нацыянальнага сходу" запэўніваў, што беларускія чыноўнікі карупцыяй не займаюцца, што гэта замежнікі ўвесь час спакушаюць нашых кіраўнікоў хабарам.

У дадзеным выпадку сьлядоў замежных камэрсантаў пакуль не бачна, а вось сувязь хабарніцы з вышэйшымі ўладнымі сфэрамі прыкметная. Праўда, фінал гэтае гісторыі яшчэ не вядомы. Як сказалі мне крыніцы з цырку, паводле іхнай інфармацыі, нехта спрабуе падаць справу так, быццам дырэктарка цырку не выманьвала, а сапраўды пазычала грошы ў артыста.

Ці будзе справа мець такі вынік – даведаемся заўтра, калі сканчаецца апошні тэрмін прад'яўленьня затрыманай папярэдняга абвінавачваньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG