Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 12 красавіка 2000 г.


Алег Жукоўскі, Віцебск

Сёньня ў Віцебску адбыўся другі суд над дэпутатам Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Валерыем Шчукіным. Пасьля дзьвюхгадзіннага слуханьня адказчыка і сьведак судзьдзя Сьвятлана Туфан перанесла разгляд справы на 20 красавіка з-за адсутнасьці некаторых сьведак з боку супрацоўнікаў міліцыі.

Вячаслаў Краўчук, які суправаджаў менскага журналіста да месца збору ўдзельнікаў акцыі 25 сакавіка, у сваіх паказаньнях дакладна пацьвердзіў словы Шчукіна пра тое, што карэспандэнт "Народнай Волі" падышоў да арганізатараў шэсьця, каб узяць у іх інтэрвію. Пры гэтым ён на патрабаваньне міліцыянтаў прад'явіў сваё пасьведчаньне. Гэта бачыў і пацьвердзіў адзін з арганізатараў акцыі Зьміцер Піменаў.
Аднак кіраўнік аддзелу грамадзкай бясьпекі Чыгуначнага РАУС маёр Кузьняцоў, паводле яго словаў, пасьведчаньня ня бачыў і затрымаў журналіста за тое, што той сабраў вакол сябе гурт людзей і трымаў у руцэ нейкі аркуш паперы. Таксама маёр дадаў, што ўспрымаў Шчукіна як сябру БНФ "Адраджэньне", што разам із загадам кіраўніка адпаведнага аддзелу УУС аблвыканкаму Гардзіенкі, на яго погляд, зьявілася дастатковай падставай для арышту.

Старэйшы лейтэнант Асташонак зусім ня ведаў, за што затрымлівалі Шчукіна, але ніякага сумневу ў яго не было. Паводле ягоных словаў, ён заўсёды бачыў гэтага чалавека на шматлікіх віцебскіх акцыях апазыцыі. Гэта выклікала рогат у залі – спадар Шчукін 25 сакавіка быў у віцебску першы раз.

Заля, дарэчы, не зьмясьціла ўсіх жадаючых прысутнічаць на працэсе. Падтрымаць дэпутата прыйшлі прадстаўнікі маладзёвых арганізацыяў абодвух плыняў БНФ, сацыял-дэмакраты, чальцы Гэльсынскага Камітэту ды іншыя. Ад АБСЭ зноўку прыехала вядомая адвакатка Надзея Дударава.

Напрыканцы паседжаньня сябра Беларускай Асацыяцыі журналістаў Валеры Шчукін выказаў спадзяваньне, што па прыкладзе вышэйшага кіраўніцтва зь Менску і віцебскія кіраўнікі ворганаў аховы парадку папросяць усё ж прабачэньня за незаконнае затрыманьне журналіста.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG