Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 12 красавіка 2000 г.


Марыя Ўсьціновіч, Магілеўская вобласьць

У Бабруйску пачаўся суд над удзельнікамі мясцовай акцыі ў Дзень Волі 25 сакавіка.

Напярдадні сьвяткаваньня чарговай гадавіны ўтварэньня БНР у Бабруйску былі распаўсюджаныя ўлёткі із запрашэньнем прыйсьці на плошчу Перамогі, дзе звычайна ўлады праводзяць мерапрыемствы з нагоды самых важных дзяржаўных сьвятаў, і адзначыць там дэмакратычнае сьвята ўсіх грамадзянаў Беларусі.

Прыйшло каля 300 чалавек. На плошчы таксама аказалася шмат міліцыянтаў у цывільным, супрацоўнікаў КГБ і мясцовай вертыкалі.
Ніякага шэсьця і мітынгу не было, але ўлады палічылі акцыю несанкцыянаваным зборам. Таму праз гадзіну, калі людзі пачалі разыходзіцца, дык некаторых пачалі затрымліваць.

У выніку ў пастарунак трапілі васьмёра дарослых і шасьцёра непаўналетніх. На іх былі складзеныя пратаколы за адміністрацыйныя правапарушэньні, і да пратаколаў, дарэчы, прычэпліваліся тэксты Дэклярацыі правоў чалавека, якія затрыманыя распаўсюджвалі. Двум чалавекам, якія маюць працу, прыйшлі туды паперы – Тацяне Копец у тэхнікум, а Алесю Чыгіру ў школу, дзе ён працуе выкладчыкам гісторыі.

Цяпер у Ленінскім раённым судзе Бабруйску пачаўся суд. На яго першае паседжаньне былі запрошаныя толькі тры з чатырнаццаці затрыманых – Алесь Чыгір, Вячаслаў Сьвізуноў і Юры Кісьляк. Падсудныя ды іх адвакаты са сталічнага і бабруйскага офісаў Беларускага Гэльсынскага Камітэту дамагліся, каб судовае паседжаньне адбывалася ў залі, а не ў габінэце судзьдзі Галіны Савасьцянчык.

На суд прыйшло каля 50 чалавек, былі журналісты і фотакарэспандэнты, але часу хапіла толькі на разгляд справы Алеся Чыгіра, які не згадзіўся з тым, што яго абвінавачваюць у парушэньні адміністрацыйнага кодэксу ў частцы арганізацыі несанкцыянаваных шэсьця і мітынгу. На гэтым учорашняе судовае паседжаньне скончылася і суд працягнецца заўтра.

Дарэчы цяпер наглядальнікі называюць горад Бабруйск адным з самых палітычна актыўных гарадоў на мапе Беларусі. Там усё больш набірае моц дэмакратычны рух.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG