Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 красавіка 2000 г.


Мікола Іваноў

Каля 20 тысячаў візаў для сталай працы ў Нямеччыне плянуюць выдаць нямецкія эміграцыйныя ўлады замежным спэцыялістам вышэйшай кваліфікацыі да ліпеня сёлета. На думку некаторых палітычных аглядальнікаў, гэта выразная зьмена усёй нямецкай эміграцыйнай палітыкі. У чым сутнасьць гэтай зьмены? Наколькі шырока адчыняюцца цяпер дзверы Нямеччыны для тых, хто хацеў бы эміграваць туды?

Адным з галоўных ініцыятараў новай нямецкай эміграцыйнай палітыкі зьяўляецца цяперашні канцлер Нямеччыны Гэрхард Шродэр. На ягоную думку, прыліў сьвежай "крыві" (а дакладней кажучы, сьвежых мазгоў) у выглядзе дзесяткаў тысячаў таленавітых маладых эмігрантаў зможа дапамагчы нямецкай эканоміцы выйсьці на перадавыя пазыцыі ў сьвеце і пасьпяхова канкураваць з амэрыканцамі ў галіне кампутарных тэхналёгіяў, біятэхналёгіі, банкаўскага бізнесу і да т.п.

На думку экспэртаў, Нямеччына патрабуе ў бліжэйшыя гады, як мінімум да 80 тысячаў маладых эмігрантаў-праграмістаў ды іншых спэцыялістаў-кампутаршчыкаў. Праўда, у самой Нямеччыне на сёньня каля 32 тыс. спэцыялістаў гэтай галіны – беспрацоўныя. Але гэта праграмісты, падрыхтаваныя да працы ў галіне старых кампутарных сыстэмаў. Сучасная ж індустрыя патрабуе тых, хто дасканала ведае новыя праграмы, хто здольны ня толькі добра працаваць на кампутары, але і сам ствараць новыя пэрспэктыўныя праграмы. А менавіта такіх спэцыялістаў у Нямеччыне не хапае.

Нямецкая адукацыя ў галіне кампутарнай тэхнікі, як сцвярджаюць спэцыялісты, адстае ад сусьветнага ўзроўню. І каб пераадолець гэтае адставаньне патрэбныя гады.

Прыхільнікі адкрыцьця нямецкіх межаў для спэцыялістаў высокай кваліфікацыі лічаць, што патрэбныя толькі мінімальныя зьмены ў цяперашнім іміграцыйным заканадаўстве, але, як высьвятляецца, гэта далёка ня так.

Нямецкая бюракратычная машына – вельмі неэлястычная і кансэрватыўная. Карнэлія Даскалу, высоклясная праграмістка з Румыніі, якая зьвярнулася ў нямецкую амбасаду ў Бухарэсьце, каб высьветліць, якія існуюць магчымасьці працаўладкаваньня ў Нямеччыне, расказвае:

(Даскалу: ) "Гэта абуральна. Мы ведаем, што Нямеччына патрабуе высокакваліфікаваных спэцыялістаў-кампутаршчыкаў амаль у кожнай галіне. Аднак, ніхто ў нямецкай амбасадзе ня ведаў, якія крытэрыі патрэбныя, каб атрымаць працу, альбо, што трэба зрабіць, каб мець працоўны дазвол".

На сёньняшні дзень нямецкае Дзяржаўнае агенцтва працаўладкаваньня атрымала прыблізна 700 заявак ад тых, хто хацеў бы працаваць у гэтай краіне. Пераважна гэта заяўкі з Расеі, прыбалтыйскіх краінаў, Румыніі, краінаў Цэнтральнай і Усходняй Эўропы.

Ёсьць думка, што новая ініцыятыва канцлера Шродэра можа папросту патануць у складанасьцях нямецкай бюрократычнай машыны. Калі міністар працы Вальтэр Рыстэр зьвярнуўся да сваіх спэцыялістаў з просьбай падрыхтаваць новыя простыя правілы эміграцыі для высокакваліфікаваных спэцыялістаў, ён атрымаў праект, які журналісты ўжо пасьпяшаліся ахрысьціць як "тыповае бюракратычнае спагэці".

Паводле гэтага праекту, віза будзе выдавацца толькі ў тым выпадку, калі мясцовыя нямецкія ўлады прадставяць доказ таго, што на мясцовым рынку працы няма спэцыяліста, здольнага запоўніць працоўную вакансію. Акрамя таго, кандыдат на працу ў Нямеччыне павінен мець дыплём вядомага ўнівэрсытэту. А ўсё гэта можа падоўжыць працэс атрыманьня візы на доўгія месяцы.

Тут, магчыма, можна прыгадаць, што Біл Гэйтс, кіраўнік сусьветна вядомай фірмы Майкрасофт ніколі ніводнага ўнівэрсытэту ня скончыў.

Ініцыятыва канцлера Шродэра ў галіне новых правілаў эміграцыі сустракаецца таксама з выразнай апазыцыяй з боку правых партыяў. Адзін з правых палітыкаў, хрысьціянскі дэмакрат Юрген Рутгерс нават праводзіў сваю выбарчую кампанію пад лёзунгам "Кіндэр стат індэр", што ў перакладзе азначае: "Дзеці замест індусаў". Гэта намёк на тое, што значную частку новых эмігрантаў-кампутаршчыкаў могуць складаць індусы. Пазьней, праўда, у сувязі з абвінавачаньнямі ў расізме ён зьмяніў гэты лёзунг на лёзунг: "асьвета замест іміграцыі". Ён лічыць, што куды прасьцей падрыхтаваць спэцыялістаў-кампутаршчыкаў на месцы, ў Нямеччыне.

Прыгадаем, што паводле разьлікаў апарата нямецкага канцлера, новы закон павінен быць гатовыі і зацьверджаны ўжо ў травені, і першыя спэцыялісты змогуць ужо ўлетку прыехаць у Нямеччыну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG