Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 красавіка 2000 г.


Ягор Маёрчык, Менск

Згуртаваньне беларускіх студэнтаў ладзіла пікет супраць абавязковага разьмеркаваньня вупускнікоў вышэйшых навучальных установаў. Арганізатары плянавалі пікетаваць Савет міністраў і Міністэрства адукацыі – установы, якія штогод спрычыняюцца да абавязковага разьмеркаваньня. Але Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт дазволіў правесьці акцыю толькі ля будынку Дзяржаўнага мэдычнага інстытуту, на ўскрайку Менску.

Сёньня рэктар Дзяржаўнага мэдычнага інстытуту Павал Беспальчук прыпыніў прыём хворых у клініцы. Замест гэтага ён зьявіўся на пікеце супраць прымусовага разьмеркаваньня, які наладзіла ЗБС пад лёзунгамі "Не – разьмеркаваньню!", "Не – прыгону!", "Студэнтаў – у Зону" й "Саўгас "Гарадзец" чакае цябе. Пачні сваю кар'еру!". Спадар Беспальчук адразу ж патрабаваў спыніць пікетаваньне.

З журналістамі Павал Беспальчук размаўляць адмовіўся. Ён так і не паведаміў, чым выкліканая нэрвовая рэакцыя на пікет і любое ўзгадваньне словазлучэньня «абавязковае разьмеркаваньне».

Сёньняшнія дзеяньні й заявы рэктара сталі лягічным працягам папярэдняе сустрэчы з арганізатарам пікету Крысьцінаю Сідун…

(Сідун: ) "Рэктар сказаў, што ён дазваляе любыя мерапрыемствы ў сьценах інстытуту і нічога – на фоне. Калі мы сказалі, што станем на фоне аўтобуснага прыпынку, ён сказаў, што мы ня маем права стаяць на прыпынку, на якім напісана "Мэдінстытут", бо ён тут гаспадар".

Прысутнасьць рэктара на пікеце надала акцыі неабходны дынамізм. Студэнты прадбачліва абыходзілі пікетоўцаў за колькі мэтраў, калі бачылі побач свайго рэктара. Тым часам Павал Беспальчук спрабаваў высьветліць у мінакоў, ці зьяўляюцца яны студэнтамі Мэдычнага інстытуту й чаму у гэты момант праходзяць менавіта ля пікетоўцаў.

(Беспальчык: ) "Дзе тут студэнты мэдінстытуту? Калі ласка, скажыце мне, хто тут студэнт мэдінстытуту?"

Пасьля спадар Беспальчук зышоў, паабяцаўшы прыпыніць дзеяньне суполкі ЗБС у Мэдычным інстытуце.

Нядаўна Згуртаваньне беларускіх студэнтаў зьвярнулася ў Савет міністраў з просьбаю адмяніць прымусовае разьмеркаваньне, а таксама – у Вышэйшы гаспадарчы суд і гэтак званы "Нацыянальны сход" з прапановаю, каб тыя зьвярнуліся ў Канстытуцыйны суд.

Старшыня юрыдычнае камісіі ЗБС Сяргей Зікрацкі паведаміў, што рэакцыя дзяржаўных установаў студэнцкую арганізацыю не задавальняе.

(Зікрацкі: ) "Усе гэтыя адказы можна лічыць сапраўднымі адпіскамі, таму што адказы ідуць не па сутнасьці нашага ліста, а па форме".

Афіцыйныя асобы тлумачаць увядзеньне абавязковага разьмеркаваньня клопатам пра будучыню студэнтаў і недахопам спэцыялістаў (перадусім, у чарнобыльскіх раёнах). Бальшыня студэнтаў, якіх апыталі напярэдадні актывісты ЗБС, лічаць прымусовае разьмеркаваньне парушэньнем сваіх правоў на вольнае абраньне месца працы й жыхарства.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG