Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 красавіка 2000 г.


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Шэсьць дзён галадае Сяргей Мальчык – адзін з арганізатараў мітынгу 25 сакавіка ў Горадні. 5 красавіка ён быў засуджаны да 10 содняў арышту. Сёньня справа спадара Мальчыка была тэрмінова запатрабаваная зь Ленінскага суду Горадні ў абласны суд.

Сёньня прадстаўнікамі рэгіянальнай філіі Гэльсынскага камітэту Аляксандрам Антанюком і Алегам Сідзягаевым была пададзеная скарга ў абласны суд. Яны просяць перагледзець пастановы ленінскага раённага суда і вызваліць Сяргея Мальчыка.

Старшыня абласнога суда Грынькевіч прыняў скаргу і загадаў тэрмінова даставіць справу Сяргея Мальчыка, хаця ён папярэдзіў, што раней як у чацьвер разгледзець яе ня ўдасца. Прадстаўнікі Гэльсынскага камітэту хадайнічалі тады, каб была выяўленая гуманнасьць і справу разгледзелі неадкладна, паколькі спадар Мальчык працягвае галадоўку. Учора Аляксандар Антанюк і Алег Сідзягаеў наведалі яго, перадалі шакаляд і пераказалі просьбу сяброў, каб ён спыніў галадоўку. Але Сяргей Мальчык адмовіўся.

Дарэчы, ён падаваў скрагу на ўмовы ўтрыманьня і паспрабаваў перадаць праз міліцыю заяўку да старшыні гарвыканкаму Пашкевіча на правядзеньне масавй акцыі апазыцыі 26 красавіка. Міліцыя перадаць заяўку адмовілася, маўляў, выйдзеце і самі занясеце.

У судзе над Сяргеем Мальчыкам упершыню актыўна ўдзельнічалі прадстаўнікі Гэльсынскага Камітэту. Перад тым ім двойчы адмаўлялі. Тады была пададзеная скарга ў абласны суд, і яго прэзыдыюм абавязаў судзьдзяў дазваляць удзел у працэсах юрыстаў БГК. БГК таксама здолеў дамагчыся скасаваньня судовых пастановаў па дзьвюх справах – Уладзімера Соўцы, які быў аштрафаваны, нібыта, за распаўсюджваньне ўлётак, і спадарыні Тарлецкай, якая быццам бы ажыцьцявіла незаконную валютную апэрацыю. Ёй былі, нават, вернутыя грошы.

Із заявай у падтрымку Сяргея Мальчыка выступілі кіраўнікі палітычных, прафсаюзных і грамадзкіх арганізацыяў Горадні, аб'яднаных у каардынацыйным камітэце "Гарадзенская Ініцыятыва".

XS
SM
MD
LG