Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 красавіка 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

У Менскім гарадзкім судзе пасьля тыднёвага перапынку аднавіўся працэс над экс-прэм'ерам Міхалам Чыгіром. Навіною дня стала агалошваньне ліста зь Міністэрства фінансаў, які, на думку Чыгіра, абвяргае прад'яўленае яму абвінавачваньне па аднаму з эпізодаў.

Сёньня на працэсе ў Менскім гарадзкім судзе зноў вывучаўся эпізод з адтэрміноўкаю выплатаў мытаў для фірмы "Піаск", дадзенай урадам на чале зь Міхалам Чыгіром. Суд высьвятляе, па чыёй віне атрымалася, што адтэрміноўку фірма здабыла, ня маючы гарантыі "Белінвэстбанку". Мытны камітэт і Менская рэгіянальная мытня, якая непасрэдна займалася грузамі "Піаска", сьцьвярджаюць, што іхнае віны ў гэтым няма.

Сёньня ў судзе выступілі інспэктары рэгіянальнае мытні Марыя Шчарбак і Ўладзімер Казакоў. Абодва сьведкі спасылаліся на ўказаньне Мытнага камітэту прапусьціць груз фірмы "Піаск" бяз мытаў, паколькі ёсьць адпаведнае рашэньне ўраду.

Між тым, самі яны гэтае рашэньне ня бачылі, як ня бачылі й гарантыі банку. "Мы й не павінны былі яе спраўджваць", – сьцьвярджалі мытнікі, спасылаючыся на службовыя інструкцыі. Калі ж адвакаты паспрабавалі высьветліць абавязкі інспэктараў згодна з гэтымі інструкцыямі, аказалася, папрыклад, што інспэктара Шчарбак з такой інструкцыяй не знаёмілі.

На гэта Міхал Чыгір і ягоныя адвакаты адказалі хадайніцтвам аб запатрабаваньні з мытні службовых інструкцыяў ды іншых дакумэнтаў, якія датычацца справы. Міхал Чыгір потым патлумачыў сытуацыю, што склалася вакол гэтага эпізоду, наступным чынам…

(Чыгір: ) "Пасьля таго, як Беларусь стала незалежнай дзяржавай, узьнікла патрэба мець сваю мытную службу. Сваёй школы падрыхтоўкі мытнікаў у нас не было, нарматыўнай базы ў нас не было. Мала таго, мы яшчэ не змаглі скарыстацца той нарматыўнай базай, якая была ў савецкім саюзе, і якую распрацавала Расея. Пад час сьледзтва я пазнаёміўся з нарматыўнымі дакумэнтамі Расеі. Яны распрацаваныя вельмі кваліфікавана, чаго ня скажаш аб нашай мытні. Вось таму і здарылася па "Піаску" – мытня не выканала распараджэньне кабінэту міністраў. Цяпер мытня, каб сысьці ад адказнасьці, спрабуе нас упэўніць у тым, што гарантыю павінен быў браць кабінэт мністраў ці наогул невядома хто, але толькі не яны. А яны прагледзелі гэтую гарантыю. Не ўзялі яе, а пасьля плацяжы не паступілі".

Гэтую выснову Міхала Чыгіра сёньня ў судзе пацьвердзіў дакумэнт, які на загад суду падала мытня. Гэта ліст за подпісам намесьніка міністра фінансаў спадара Шанько быў накіраваны ў Мытны камітэт у пачатку 1996 году. Намесьнік міністра інфармуе кіраўніцтва Мытнага камітэту, што ўмова атрыманьня адтэрміноўкі для "Піаска" ня выкананая, гарантыі банку няма, і адказнасьць за непаступленьне ў бюджэт 600 тысячаў даляраў мыты ляжыць на мытні. Далей мытнікам прапануецца найхутчэй выправіць памылку й спагнаць з фірмы "Піаск" неабходныя грошы.

Паводле дакумэнтаў, якімі валодае суд, Мытны камітэт урэшце рэшт зьвярнуўся ў падаткавую інспэкцыю і гаспадарчы суд, але фірма "Піаск" на той момант ужо збанкрутавала. На гэтым намаганьні вярнуць грошы скончыліся.

Аднавіліся яны толькі ў 1999 годзе, калі быў зарыштаваны Міхал Чыгір. Тады, – лічыць экс-прэм'ер, – мытню й прымусілі падаць на яго зыск, інакш за страты давялося б адказваць самім мытнікам. Хаця, на думку Чыгіра, існаваў і дагэтуль існуе адзіны законны шлях вяртаньня ня выплачаных "Піаскам" мытаў у бюджэт.

(Чыгір: ) "Аўтамабілі і рэфрэжыратары нідзе не зьніклі. Яны засталіся на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Хтосьці гэтыя рэфрыжэратары сёньня эксплюатуе. І гэты чалавек, гэтая фірма – яны павіны заплаціць гэтыя падаткі. Мне адзін высокі чыноўнік з пракуратуры адказаў, што гэтыя цягачы і рэфрыжэратары паступілі ў распараджэньне адміністрацыі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. Гэта вусная заява, я думаю, што яна адпавядае рэчаіснасьці. Але чамусьці суд і сьледчыя ў гэтым накірунку не працуюць, і захадаў, каб устанавіць уладальнікаў гэтых рэфрыжэратараў і цягачоў, не прадпрымаецца".

Гэтак лічыць экс-прэм'ер Міхал Чыгір, працэс над якім сёньня аднавіўся ў Менскім гарадзкім судзе.

XS
SM
MD
LG