Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 красавіка 2000 г.


Любоў Лунёва, Менск

Калі сёньня ў Савецкім судзе Менску йшлі суды над затрыманымі ўдзельнікамі апазыцыйнай акцыі 25 сакавіка, у Заводзкім раённым судзе за "графіці" судзілі сябра Беларускае Партыі Свабоды студэнта Палітэхнічнай акадэміі Зьміцера Лімара.

Сёньня ў Савецкім судзе Менску працягваўся разгляд распачатых на мінулым тыдні адміністрацыйных справаў затрыманых удзельнікаў апазыцыйнай акцыі 25 сакавіка.

Судзьдзя Іна Шыйко заслухала апошняга сьведку ў справе й вынесла папярэджаньне Вадзіму Жывіцу, распаўсюджвальніку газэты "Навінкі", які быў затрыманы 25 сакавіка каля філярмоніі. Такі ж прысуд вынес судзьдзя Руслан Казадаеў Уладзімеру Бурдыку.

Адначасова ў Заводзкі суд быў дастаўлены Зьміцер Лімар, сябра Беларускае Партыі Свабоды. Паводле адміністрацыйнага пратаколу ён абвінавачваўся ў дробным хуліганстве за надпіс, зроблены ўначы ў пятніцу на аўтобусным прыпынку – ён напісаў абрэвіятуру Беларускае Патрыі Свабоды (БПС) і накрэсьліў старажытны шасьціканцовы крыж.

Не пасьпеў дзевятнаццацігадовы юнак зрабіць надпіс, як каля яго зьявіліся міліцыянты й адвялі разам зь ягоным сябрам Сяргеем Пецюкевічам у міліцэйскі пастарунак. Там у хлопцаў забралі відэакасэты, кнігу антыфашыстоўскага зьместу з адрэсамі расейскіх фашыстоўскіх арганізацыяў і ўручылі позву зьявіцца наступным днём.

Калі Лімар і Пецюкевіч зноў наведалі пастарунак, Зьміцера Лімара ня выпусьцілі. На яго склалі пратакол і адвезьлі ў спэцпрыёмнік-разьмеркавальнік на вуліцу Акрэсьціна, дзе ён утрымліваўся двое сутак.

У Заводзкім судзе мы спыталі Зьміцера Лімара: чаму ён, студэнт Палітыхнічнай акадэміі, зрабіў гэты ўчынак?

"Я зрабіў надпіс, каб як мага болей людзей даведаліся, што такое БПС, пра яе дзейнасьць, і, вядома, заклік уступаць у нашыя шэрагі", – адказаў сябра Беларускае Партыі Свабоды Зьміцер Лімар.

Судзьдзя Мікалай Балаўнёў разгледзеў пратакол паводле артыкулу 156 Адміністрацыйнага кодэксу (дробнае хуліганства) і пакараў Зьміцера Лімара штрафам памерам адзін мінімальны заробак.

Пасьля вынясеньня прысуду Зьміцер Лімар разам са сваімі сябрамі накіраваліся ў Заводзкі РАУС. Там начальнік РАУСу паабяцаў ім вярнуць толькі сумку й паведаміў, што ані відэакасэты, ані кнігу ім не аддадуць, бо зараз імі зацікавіліся ворганы КГБ.

XS
SM
MD
LG