Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 красавіка 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Прадстаўнікі апазыцыі падалі ў Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт заяўку на правядзеньне 26 красавіка ў сталіцы традыцыйнага "Чарнобыльскага Шляху". Апазыцыянэры маюць намер правесьці калёну дэманстрантаў па галоўным менскім праспэкце.

Аўтары заявы, пад якой стаяць подпісы 82 вядомых у Беларусі асобаў, прапанавалі ўладам, у адпаведнасьці з Канстытуцыяй, даць дазвол на правядзеньне дэманстрацыі й мітынгу пад агульнай назваю "Чарнобыльскі Шлях – 2000". Удзельнікі акцыі плянуюць сабрацца 26 красавіка, а 18-й гадзіне, на пляцы Якуба Коласа й прайсьці па праезнай частцы праспэкту Скарыны да пляцу Незалежнасьці, дзе правесьці жалобны мітынг.

Арганізатары зьбіраюцца праводзіць гэтую акцыю як пад экалягічнымі лёзунгамі тыпу "Спыніць вытворчасьць прадуктаў у забруджаных зонах", гэтак і палітычнымі патрабаваньнямі сапраўдных перамоваў паміж уладаю і апазыцыяй.

На думку Вінцука Вячоркі, улады пасьля правалу сілавой акцыі 25 сакавіка ў разгубленасьці з-за вострай рэакцыі з боку міжнароднае супольнасьці, і гэта дае надзею на тое, што 26 красавіка "Чарнобыльскі Шлях" пройдзе мірна.

Арганізатары чарнобыльскай акцыі таксама паведамілі, што не выключаюць саступак уладам адносна маршруту шэсьця, калі тыя канструктыўна падыйдуць да вырашэньня гэтае праблемы.

Паводле словаў старшыні Нацыянальнага аргкамітэту прафэсара Івана Нікітчанкі, "Шляху" будзе папярэднічаць навуковая канфэрэнцыя, прысьвечаная праблеме выжываньня беларускае нацыі ва ўмовах Чарнобыльскае катастрофы. Паводле зьвестак прафэсара Нікітчанкі, на забруджаных тэрыторыях цяпер жыве 1 мільён 840 тысячаў чалавек, і ўтрыманьне радыёнуклідаў у арганізмах гэтых людзей перавышае ўсе дапушчальныя нормы.

На думку арганізатараў "Чарнобыльскага Шляху", цяпер беларускае грамадзтва апынулася ў сытуацыі, якая існавала да 1989 году, калі камуністычныя ўлады не прызнавалі наступстваў катастрофы.

Паводле словаў кіраўніка дабрачыннага фонду "Дзеці Чарнобыля", дэпутата Вярхоўнага Савету Генадзя Грушавога, улады хаваюць інфармацыю пра стан здароўя людзей у чарнобыльскіх раёнах, не выконваюць праграму ліквідацыі наступстваў катастрофы, прынятую на пачатку 90-х гадоў, перашкаджаюць заходнім арганізацыям пастаўляць гуманітарную дапамогу ахвярам трагедыі.

Паводле словаў сябраў аргкамітэту, дзеля кантроля за захаваньнем правоў чалавека ў часе правядзеньня "Чарнобыльскага Шляху – 2000" 26 красавіка ў Менск прыедуць парлямэнтары шэрагу эўрапейскіх краінаў, а таксама сябры міжнародных гуманітарных і праваабарончых арганізацыяў.

XS
SM
MD
LG