Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 красавіка 2000 г.


Уладзімер Кулажанка, Менск

(эфір 8 красавіка)
Эканамічны агляд тыдня прафэсара Ўладзімера Кулажанкі.

На адыходзячым тыдні адбылося шмат падзеяў, якія засьведчылі праблемны характар інтэграцыйных працэсаў, што адбываюцца паміж Расеяй і Беларусьсю, а таксама краінамі СНД. Напрыклад, Расея на сваёй заходняй мяжы зь Беларусьсю ўвяла мытны кантроль і плацяжы за тавары, якія паступаюць праз тэрыторыю Беларусі з трэціх краінаў. Раней гэтыя зборы паступалі Беларусі.

Дзеяньне Расеі нібыта справядлівае, але яно моцна падрывае мытны хаўрус пяці краінаў. Беларусь са свайго боку, каб кампэнсаваць страты ад спыненьня мытных плацяжоў, бо іх перахапіла Расея, уводзіць зь 1 траўня візавы рэжым для транзытных пасажыраў. Такія захады падаюцца як імкненьне ўпарадкаваць праезд пасажыраў у трэція краіны, а фактычна, каб скарыстаць плату за візы для папаўненьня казны.

І гэта далёка ня ўсё. Як вядома, Аляксандар Лукашэнка на адыходзячым тыдні наведаў Таджыкістан. Заключана пагадненьне аб дружбе й супрацоўніцтве. Дамовіліся пашырыць гандаль. Але што гэта дасьць, калі летась таваразварот з Таджыкістанам дасягнуў толькі 8 млн. даляраў?

Ці не лягічней было б разьвіваць гандаль з суседнімі Украінаю, Польшчаю ды Летувою? Тым болей, што выдаткі на перавозку тавараў з далёкіх краінаў празьмерна вялікія. На іх зьніжэньне, – заявіў па тэлевізіі Аляксандар Лукашэнка, – не пагаджаецца Расея. Фактычна, Расейская Фэдэрацыя перашкаджае разьвіцьцю гандлю з краінамі СНД.

Такія публічныя заявы ня сьведчаць пра нармальны характар інтэграцыйных працэсаў Беларусі з суседняй Расеяй.

Болей таго, у гэтак званым інтэграцыйным працэсе зьявіліся глыбінныя супярэчнасьці. Нават няўзброеным вокам бачна, што Расея намагаецца падпарадкаваць прамысловы патэнцыял Беларусі свайму ўплыву праз стварэньне фінансава-прамысловых групаў. Пра гэта сьведчыць утварэньне міждзяржаўнае ФПГ "Абарончыя сыстэмы", куды ўвайшло 17 прадпрыемстваў з расейскага боку й толькі 2 – зь беларускага (Менскі завод колавых цягачоў і Гомельскі радыёзавод). Хто буде дамінаваць у гэтай групе – зразумела.

Несупадзеньне эканамічных інтарэсаў Беларусі й Расеі прывяло да таго, што беларускі бок стаў выказваць нязгоду й нават супраціў. Толькі што ні з чым пакінуў нашую краіну кіраўнік расейскае кампаніі "Славнефть" Міхал Гуцэрыеў.

Ішло абмеркаваньне праекту рэканструкцыі Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу. Расейскі бок прапанаваў, каб зь беларускага й расейскага бакоў ішло паралельнае фінансаванне. Калі ж беларускі бок ня зможа своечасова плаціць, то будзе разьлічвацца маёмасьцю. Зразумела, што расейскі бок ня будзе мець цяжкасьці зь фінансаваньнем. Значыць, усё разьлічана на тое, каб Беларусь страціла сваю маёмасьць.

Адно да аднаго – і высьвятляецца, што інтэграцыя на словах і на справе далёка не супадаюць. Таму няма ў гэтай справе ранейшага энтузыязму. Невыпадкова гэтак званае "Сьвята яднаньня Расеі ды Беларусі" прайшло нядаўна болей чым сьціпла.

XS
SM
MD
LG