Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 красавіка 2000 г.


Вінцэсь Мудроў, Наваполацак

У Наваполацку на ініцыятыву кіраўнікоў суполак вольных прафсаюзаў заснаваная добрая традыцыя – штовечаровыя шпацыры па цэнтральным гарадзкім пляцы.

Людзі прыходзяць на пляц сем'ямі, пры гэтым абменьваюцца навінамі, газэтамі і, наагул, зь цікавасьцю і карысьцю для здароўя бавяць час. Завядзёнку гэтую сябры прафсаюзу запазычылі на Бальканах. Там, у прыватнасьці ў Альбаніі, месьцічы таксама штовечара зьбіраюцца сем'ямі ў цэнтры местаў, абменьваюцца навінамі, распавядаюць вясёлыя показкі, жанчыны наракаюць на цэны, а мужчыны, па дарозе да хаты, выпіваюць у вулічных кавярнях кубак кавы.

Навапалачане ладзяць аздараўленчыя праходкі ад 21 да 22 гадзіны. Час гэты абраны ня выпадкова. Менавіта такой парой на беларускім тэлеканале трансьлюецца славутая "Панарама", пасьля прагляду якой у многіх людзей падвышаецца ціск і псуецца нэрвовая сыстэма.

Каб пазбыцца тэлеачмуры, сябры прафсаюзу вырашылі стацца завадатарамі здаровага ладу жыцьця. Людзей на пляцы зьбіраецца шторазу ўсё больш і больш, і навапалачане спадзяюцца, што іхнае пачынаньне знойдзе прыхільнікаў і ў іншых рэгіёнах краіны.

XS
SM
MD
LG