Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 07 красавіка 2000 г.


Марыя Ўсьціновіч, Магілеў

На Магілеўскім мясакамбінаце сёньня ўсе лядоўні запоўненыя на сто адсоткаў. У іх захоўваецца паўтары тысячы тонаў мяса, якое здалі сельскія гаспадаркі вобласьці. Прычына – у калгасах няма чым карміць жывёлу і яе папросту выразаюць.

На прыканцы зімоўкі ў лютым кожная пятая сельская гаспадарка Магілеўшчыны знаходзілася ў крытычным стане па наяўнасьці кармоў. Відаць, паправіць гэты стан не ўдалося.

Кіраўнікі вэртыкалі некаторых сельскіх раёнаў нават вымушаныя былі зьвяртацца да прыватнікаў, каб тыя падзяліліся кармамі, але і гэта было дарэмна. Напрыклад, ва ўсім Крычаўскім раёне зараз засталося толькі 900 сьвіней.

На мясакамбінаце сьцьвярджаюць, што мясны бум такіх маштабаў здарыўся ўпершыню цягам апошніх дзсяцігодзьдзяў – лічы з савецкіх часоў. Сёньня ў Магілеве мяса нарыхтавана на 1 мільярд новых беларускіх рублёў, і цяперашніх запасаў хопіць на два месяцы няспыннай працы. Але ў той самы час, на мясакамбінаце выказваюць і перасьцярогі. Ёсьць небясьпека, што праз некалькі месяцаў давядзецца ўвогуле спыніцца, бо як толькі зьявіцца зялёная трава – калгасы наагул перастануць здаваць жывёлу.

Сёньня магілеўскі мясакамбінат здольны вырабляць штодзённа 40-45 тонаў каўбасных вырабаў, але справа ў тым, што насельніцтва, у выніку сваёй нізкай пакупніцкай здольнасьці, можа спажываць толькі 30 ці крыху больш тонаў мяса. Тым больш, што сярод жыхароў Магілеўшчыны ўсё больш становяцца папулярнымі вандроўкі па харчаваньне ў сталіцу, якое там істотна таньнейшае чымся ўласнае, Магілеўскае. Паводле нават афіцыйнай статыстыкі, магілеўцы жывуць сёньня бядней, чым іхныя суайчыньнікі ў іншых рэгіёнах Беларусі.

XS
SM
MD
LG