Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 красавіка 2000 г.


Віталь Цыганкоў, Менск

У Менску прайшла нарада ў сельскагаспадарчых праблемах. Аляксандар Лукашэнка чарговы раз падкрэсьліў, што ня будзе рэфармаваць саўгасы й калгасы. Увогуле, Лукашэнка лічыць, што ідэі падобных пераменаў падкідваліся Захадам, які жадае зламаць беларускую сельскую гаспадарку.

Вось ужо 5 гадоў кожную вясну напярэдадні пачатку пасяўное кампаніі Аляксандар Лукашэнка праводзіць сялектарныя нарады на сельскагаспадарчыя тэмы.

Адрозьненьне сёлетняга сходу было найперш у тым, што ён не трансьляваўся Беларускай тэлевізіяй – вырашылі абмежавацца толькі першым каналам дзяржаўнага радыё. Больш як 1200 чалавек – чыноўнікі, кіраўнікі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, прамыслоўцы – сабраліся ў грамадзка-палітычным цэнтры "Менск", у канцэртавай залі, дзе звычайна праходзяць эстрадныя канцэрты.

Ужо на самым пачатку сваёй прамовы, якая доўжылася звыш дзьвюх гадзінаў, Аляксандар Лукашэнка вызначыў прынцыповыя падыходы беларускай улады ў аграпрамысловай галіне. "У цяжкія моманты ніхто нічога не ламае і не рэфармуе", – заявіў кіраўнік дзяржавы.

Ён выказаў упэўненасьць, што ўсялякія рэфарматарскія ідэі падкідваліся ў пачатку 90-х з-за мяжы: "Ім быў патрэбны наш рынак, яны хацелі зламаць нашую сельскую гаспадарку, якая працавала ня горш за заходнюю! Не, і яшчэ раз не! Буйная таварная вытворчасьць застаецца й застанецца – я думаю, назаўсёды – асноваю нашае сельскае гаспадаркі", – заявіў Лукашэнка.

Ён абрынуўся на навукоўцаў-аграрыяў, якія нібыта няздольныя нічога прапанаваць для кіраўніцтва дзяржавы. "У розных галовах блукае ідэя рэфармаваць, але ніхто не сказаў, як рэфармаваць і што нам гэта дасьць", – адзначыў Лукашэнка. Ён перакананы, што эфэктыўнасьць аграпрамысловага комплексу залежыць не ад формы ўласнасьці, а ад адказнасьці й падрыхтаванасьці працаўнікоў.

Зыходзячы з гэтага перакананьня й былі сфармуляваныя тэзысы кіраўніка дзяржавы, якія можна зьвесьці да ўнівэрсальнае формулы – паляпшаць і ўдасканальваць тое, што маем. Тым больш што, паводле словаў Лукашэнкі, усе суседзі па СНД толькі зайздросьцяць Беларусі, якая мае найвышэйшыя паказьнікі ў сельскай гаспадарцы. Так, стратэгічнымі задачамі АПК на бліжэйшую пэрспэктыву былі названыя ўдасканальваньне арганізацыйнага мэханізму кіраваньня, тэхнічнае пераабсталяваньне, спэцыялізацыя вытворчасьці з улікам прыродных умоваў і падвышэньне эфэктыўнасьці землекарыстаньня.

Зноў, як і ў мінулыя гады, Аляксандар Лукашэнка абяцаў, што ў далейшым пустыя крэдыты сялу выдавацца ня будуць. "Хопіць падтрымліваць лайдакоў, кожны рубель будзе накіроўвацца толькі туды, дзе ён можа прынесьці прыбытак", – абвесьціў Лукашэнка. Разам з тым, ён паведаміў, што бюджэтныя выдаткі на сельскую гаспадарку будуць павялічаныя і сказаў, што папросіць прамыслоўцаў выплаціць дадатковы падатак вялічынёю адзін адсотак ад кошту рэалізаванае прадукцыі на патрэбы сяла.

Лукашэнка адмыслова падкрэсьліў, што прамыслоўцы падзеляцца сваімі грашыма выключна дабрахвотна, і ніхто іх прымушаць ня будзе.

XS
SM
MD
LG