Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 красавіка 2000 г.


Уладзімер Глод, Менск

У Вене, дзе разьмешчаная штаб-кватэра АБСЭ, пачалася буйная міжнародная канфэрэнцыя, якая непасрэдна тычыцца Беларусі. Абмяркоўваецца пытаньне – ці накіроўваць міжнародных назіральнікаў на парлямэнцкія выбары, якія плянуецца правесьці ў Беларусі гэтай восеньню.

Прыезд міжнародных назіральнікаў на парлямэнцкія ці прэзыдэнцкія выбары або йгнараваньне імі гэтае кампаніі – факт надзвычай важны. І ня толькі для Беларусі, а для любой краіны. Калі міжнародныя арганізацыі, у першую чаргу АБСЭ, прымаюць рашэньне, што іхныя прадстаўнікі ня будуць адсочваць правядзеньне выбараў, гэта аўтаматычна прыводзіць да непрызнаньня вынікаў такіх выбараў міжнароднай супольнасьцю. І наадварот – прыезд назіральнікаў азначае, што ў краіне існуюць умовы для таго, каб выбары адпавядалі міжнародным дэмакратычным стандартам. Да прыкладу, у назіраньні за прэзыдэнцкімі выбарамі ў Расеі ў сакавіку ўдзельнічалі каля паўтысячы назіральнікаў толькі ад АБСЭ.

Як патлумачылі мне ў Кансультацыйна-назіральнай групе АБСЭ ў Менску, адмова накіраваць назіральнікаў на парлямэнцкія выбары – падзея звышардынарная.

У гэтай сувязі цікава, што ў КНГ так і не ўзгадалі, у якую канкрэтна дзяржаву АБСЭ адмовілася апошні раз прыслаць назіральнікаў, калі там праводзіліся парлямэнцкія або прэзыдэнцкія выбары. Паведамілі толькі, што ў адну з сярэднеазіяцкіх краінаў, якая раней уваходзіла ў склад Савецкага Саюзу.

6 красавіка ў Вену выляцеў кіраўнік Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ ў Беларусі Ганс-Георг Вік. Ён будзе выступаць на канфэрэнцыі ў якасьці асноўнага дакладчыка. Акрамя прадстаўнікоў АБСЭ, у працы канфэрэнцыі ўдзельнічаюць прадстаўнікі яшчэ 10 міжнародных арганізацыяў.

У Менску пра вынікі венскае канфэрэнцыі падрабязна даведаюцца, мабыць, 12 красавіка. Менавіта ў гэты дзень амбасадар Вік вяртаецца ў Беларусь і будзе ўдзельнічаць у чарговым паседжаньні Кансультацыйнае рады апазыцыйных палітычных партыяў.

Рашэньне, прынятае ў Вене, ня будзе канчатковым. На апошнім паседжаньні Кансультацыйнае рады апазыцыйных партыяў спадар Вік паведаміў, што АБСЭ, хутчэй за ўсё, вызначыцца з гэтым пытаньнем у траўні. Але ж і прамежкавае рашэньне пакажа, да якой пазыцыі схіляюцца міжнародныя арганізацыі.

XS
SM
MD
LG