Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 06 красавіка 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Адміністрацыя Менскага трактарнага заводу зьбіраецца судзіцца з Рэспубліканскім працоўным арбітражам. Гэты сканадальны намер зьвязаны з рашэньнем арбітражу падтрымаць дзеяньні Свабоднага прафэсійнага саюзу МТЗ.

Генэральны дырэктар МТЗ Міхал Лявонаў быў уражаны пастановаю Рэспубліканскага працоўнага арбітражу аб неправамерных дзеяньнях адміністрацыі заводу ў дачыненьні да мясцовай арганізацыі Свабоднага прафэсійнага саюзу. У дакумэнце адміністрацыі МТЗ рэкамэндавана прызнаць свае дзеяньні памылковымі й распачаць працэс прымірэньня з арганізацыяй дэмакратычнага прафэсійнага саюзу.

Галоўны працоўны арбітар краіны Дзіковіч давёў да ведама спадара Лявонава, што Свабоднаму прафэсійнаму саюзу трэба, у прыватнасьці, адвесьці для працы памяшканьне, правесьці дыялёг наконт заключэньня калектыўнае дамовы, наладзіць пералічэньне на прафсаюзны рахунак сяброўскіх складак, дазволіць лідэру прафэсійнага саюзу Вячаславу Козелу магчымасьць наведваньня заводу. І, ці ня самае галоўнае, арбітраж пастанавіў, каб дырэкцыя інфармавала Свабодны прафэсійны саюз ва ўсіх пытаньнях, зьвязаных з сацыяльна-эканамічным разьвіцьцём прадпрыемства.

Лявонаў не паверыў, што такое рашэньне мог прыняць дзяржаўны ворган, бо гэта, на ягоную думку, супярэчыць цяперашняе палітыцы ў Беларусі. Ён напісаў Дзіковічу ліст, што арбітраж пад ягоным кіраўніцтвам прыняў незаконнае рашэньне, якое, маўляў, супярэчыць дакумэнтам Лукашэнкі ды ягонай адміністрацыі.

Але старшыня арбітражу ў паўторнай пастанове захаваў у сіле папярэдняе рашэньне.

А ці выконваецца яно? З такім пытаньнем я зьвярнуўся да старшыні Свабоднага прафэсійнага саюзу МТЗ Вячаслава Козела:

«На сёньняшні дзень рашэньне працоўнага арбітражу не выконваецца. Я толькі што меў размову з намесьнікам генэральнага дырэктара Мікалаем Стукачам, які паведаміў, што адміністрацыя і не зьбіраецца гэтага рабіць. Ён заявіў, што адміністрацыя будзе абскарджваць гэтае рашэньне ў судзе», – зазначыў Вячаслаў Козел.

Чаму адміністрацыя МТЗ так упарціцца вяртаньню на прадпрыемства арганізацыі Свабоднага прафэсійнага саюзу, на думку яго сяброў, зразумець няцяжка. З моманту перасьледу гэтага прафэсійнага саюзу на трактарным заводзе пануе атмасфэра жорсткага дыктату начальства ды інфармацыйнага вакууму.

5 красавіка, напрыклад, 120 рабочых МТЗ не змаглі паехаць у заводзкі прафілякторый. Адміністрацыя паведаміла, што няма грошай на іхнае аздараўленьне. Пры гэтым, начальства не патлумачыла прычынаў фінансавых цяжкасьцяў. Не патлумачыла, што тысячы трактароў у апошні час у адпаведнасьці з указаньнем Аляксандра Лукашэнкі былі прададзеныя за бясцэнак.

Напрыклад, прададзеныя Расеі – за тое, каб яна не спыняла забесьпячэньне газам. Або прададзеныя за мізэрныя грошы Казахстану – за тое, каб ён паставіў у Беларусь дэфіцытнае зараз збожжа. Нарэшце, зрэалізаваныя за бясцэнак уласнаму аграрнаму сэктару, каб калгасы й саўгасы змаглі правесьці неяк сёлетнюю сяўбу.

Свабодны прафэсійны саюз, паводле ягонае ранейшае дзейнасьці, не мірыўся з такімі парадкамі на МТЗ і актыўна ім супрацьдзейнічаў. Вось чаму мясцовае начальства палохае пэрспэктыва вяртаньня гэтага прафэсійнага саюзу на завод.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG