Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 06 красавіка 2000 г.


Алег Супрунюк, Берасьце

Сёньня скончыўся рабочы візыт у Берасьце амбасадара Польшчы ў Беларусі Марыюша Машкевіча. Не сакрэт, што асноўная мэта візыту была зьвязаная з так званым касьцельным канфліктам.

Фармальнай падставай для першага візыту Марыюша Машкевіча ў Берасьце ў якасьці амбасадара было адкрыцьцё выставы-кірмашу "Садружнасьць-2000", у якой пасьля працяглага перапынку прынялі ўдзел і польскія фірмы.

Берасьцейскія ўлады надалі гэтаму факту значную ўвагу. Выставу наведаў асабіста губэрнатар Васіль Даўгалёў, а папярэднічала гэтай падзеі падпісаньне дамовы аб прыгранічным супрацоўніцтве паміж Берасьцейскай вобласьцю і Люблінскім ваяводзтвам Польшчы.

Але шмат якія дэталі сьведчаць, што польскі пасол меў больш важкія прычыны наведаць Берасьце. У першую чаргу, маецца на ўвазе канфлікт паміж мясцовымі ўладамі і парфіянамі касьцёлу Ўзьнясеньня Крыжа. Супрацьстаяньне вернікаў і чыноўнікаў зь берасьцейскай вэртыкалі ўзьнікла пасьля таго, як праваахоўчыя ворганы затрымалі каталіцкага сьвятара, грамадзяніна Польшчы Зьбігнева Кароліка. Яго абвінавачваюць у парушэньні правілаў знаходжаньня замежных грамадзянаў на тэрыторыі Беларусі і адмаўляюцца даваць дазвол на працяг рэлігійнай дзейнасьці ў каталіцкай парафіі Берасьця. Неаднаразовыя звароты парафіянаў з просьбай зарэгістраваць іх сьвятара не далі вынікаў. Пэўныя спадзяваньні вернікі зьвязвалі з новым губэрнатарам, але памочнікі Васіля Даўгалёва не дазволілі ім нават запісацца да яго на прыём па асабістых пытаньнях. Таксама застаецца без адказу і прапанова аб сустрэчы, якая паступіла ў выканкам ад кардынала Казіміра Сьвёнтака.

Дарэчы, кіраўніка Каталіцкай Царквы Беларусі на працягу чатырох апошніх гадоў так і ня здолеў прыняць былы старшыня Берасьцейскага выканкаму Ўладзімер Заламай. Гледзячы па ўсім, мясцовыя ўлады не зьбіраюцца ўносіць зьмены ў сваю пазыцыю. Аб гэтым, у прыватнасьці, сьведчыць публікацыя ў абласной дзяржаўнай газэце "Зоря", у якой старшыня савету па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Берасьцейскай вобласьці Барыс Ляпешка ў катэгарычнай форме абвінавачвае ксяндза Зьбігнева Кароліка ў шматлікіх парушэньнях закону і нежаданьні выконваць рашэньні дзяржаўных структураў.

Канфлікт вакол асобы берасьцейскага ксяндза атрымаў шырокі розгалас ня толькі ў Беларусі, але і ў Польшчы. Днямі падрабязнасьці гэтай гісторыі былі пададзеныя ў амэрыканскіх польскіх выданьнях ды ў іншых замежных сродках масавай інфармацыі. Таму натуральна, што гэтая тэма ўздымалася як на сустрэчах амбасадара Марыюша Машкевіча з Васілём Даўгалёвым, так і ў неафіцыйных размовах з прадстаўнікамі польскай меншасьці ў Берасьці. Падрабязнасьці гэтых размоваў пакуль не разгалошваюцца, але некаторыя з удзельнікаў сустрэчы далі зразумець, што чакаюць больш жорсткай пазыцыі польскага боку ў адносінах да грамадзяніна гэтай краіны, які перасьледуецца беларускімі ўладамі.

XS
SM
MD
LG