Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 06 красавіка 2000 г.


Уладзімер Глод, Менск

Роўна год таму, 6 красавіка 1999 году, пайшоў з жыцьця Генадзь Карпенка – чалавек, які мог стаць прэзыдэнтам Беларусі. Але гісторыя, на вялікі жаль, ня ведае ўмоўнага ладу. Сёньня ля магілы Генадзя Дзьмітрыевіча, можа, як ніколі, адчувалася – цяпер краіне асабліва не хапае гэтага чалавека.

Нягледзячы на тое, што яшчэ з начы ў Менску йшоў моцны дождж, які працягваўся амаль увесь дзень, апоўдні каля магілы, дзе пахаваны Генадзь Карпенка, сабраліся ягоныя сябры й аднадумцы. Луналі бел-чырвона-белыя сьцягі, сьцягі з сымбалем Аб'яднанае Грамадзянскае партыі, намесьнікам старшыні якое Генадзь Карпенка пасьпеў пабыць усяго два месяцы. Сюды прыйшлі паплечнікі нябожчыка па Вярхоўнаму Савету Беларусі 12-га й 13-га скліканьня, прадстаўнікі шэрагу апазыцыйных палітычных партыяў, навукоўцы, артысты, спартоўцы… Жанчыны сьпявалі жалобныя песьні.

Кароткі жалобны мітынг адкрыў старшыня Аб'яднанае Грамадзянскае партыі Станіслаў Багданкевіч. Выступоўцы пераважна казалі пра тое, што для іх азначаў Генадзь Карпенка.

(Іван Сьвірыд: ) "Будучы дэпутатам Вярхоўнага Савету, я мог бы ўзяць прыклад з Лукашэнкі, з Канаплёва… Я ўзяў прыклад з Карпенкі. Карпенка і Ганчар ня мяне адразу ж зрабілі найвялікшае ўражаньне. Я адчуваю сябе вельмі шчасьлівым і задаволеным з таго, што я быў зь ім".

Гэта быў дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Іван Сьвірыд.

А вось Міколу Статкевічу Карпенка запомніўся такім:

(Статкевіч: ) "Ён быў вялікім чалавекам ва ўсіх сэнсах. Ён быў буйны чалавек – буйны палітык, буйны навуковец, буйны эканаміст, буйны дзяржаўны дзяяч. Я захапляўся ягоным уменьнем любіць жыцьцё і жыць ва ўмовах самага неверагоднага ціску".

Гэта быў старшыня БСДП "Народная Грамада" Мікола Статкевіч.

Сьмерць Генадзя Карпенкі да гэтага часу выклікае пытаньні. Шмат хто лічыць, што яна не была выпадковасьцю. І казалі пра гэта сёньня адкрытым тэкстам.

(Вольга Захаранка: ) "Прыйдзем мы калі-небудзь да канчатковай перамогі, але я спадзяюся, што не такім коштам. Мой муж як Карпенка, як Ганчар, як іншыя, якія, я ўпэўненая, скрадзеныя, забітыя адной рукой".

Гэта была жонка бясьсьледна зьніклага Юрыя Захаранкі.

Такой жа думкі прытрымліваецца й Людміла Карпенка…

"Усе кажуць – сьмерць, сьмерць. Мне гэтае слова вельмі рэжа слых, таму што гэта – ня сьмерць, гэта – забойства. Я гэта адчуваю ня толькі сэрцам", – гэта была ўдава Генадзя Карпенкі Людміла.

У другой палове дня сябры Аб'яднанае Грамадзянскае партыі правялі пікет, прысьвечаны памяці Генадзя Карпенкі. А Кансультацыйна-назіральная група АБСЭ ў Беларусі дапамагла правесьці памінальную вечарыну.

XS
SM
MD
LG