Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 06 красавіка 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Заўтра беларуская міліцыя правядзе своеасаблівы "дзень сустрэчаў" з пакрыўджанымі ёю прадстаўнікамі СМІ. Да міністра Сівакова запрошаныя расейскія тэлежурналісты, а кіраўніцтва гарадзкой міліцыі сустрэнецца з супрацоўнікі газэтаў і радыё, у тым ліку "Радыё Свабода", ды іншых СМІ, якія былі затрыманыя 25 сакавіка. Чакаецца, што журналісты пачуюць прабачэньні за неадэкватныя дзеяньні міліцыі на Дзень Волі.

Прэсавы сакратар міністра нутраных справаў Дзьмітры Партон пацьвердзіў нашаму радыё зьвесткі пра заўтрашнюю сустрэчу міністра Сівакова з журналістамі расейскіх тэлекампаніяў ОРТ, РТР і НТВ і Беларускае тэлевізіі:

"…У бліжэйшы час міністар правядзе сустрэчу з тэлежурналістамі, усе пытаньні мы пагасілі, пачынаючы з маральных і заканчваючы матэрыяльнымі", – сказаў Дзьмітры Партон.

Паводле ягонай інфармацыі, заўтра ж адбудзецца й сустрэча кіраўніцтва менскае гарадзкое міліцыі зь некаторымі журналістамі газэтаў і радыё, якіх міліцыянты затрымлівалі на Дзень Волі. Сьпісы запрошаных удакладніць не ўдалося, але вядома, што там ёсьць прозьвішчы прэзыдэнта Беларускай асацыяцыі журналістаў Жаны Літвіной і вашага карэспандэнта Алега Грузьдзіловіча.

Нагадаю, Асацыяцыя зьвярнулася ў пракуратуру краіны з патрабаваньнем разабрацца й пакараць вінаватых у незаконных затрыманьнях журналістаў на Дзень Волі. Магчыма, пра вынікі разьбіральніцтва й пойдзе гаворка на сустрэчы ў гарадзкой міліцыі.

Што будзе на сустрэчы ў міністра Сівакова – дакладна невядома. Прэсавы сакратар Дзьмітры Партон пацьвердзіў жаданьне Сівакова папрасіць прабачэньня ў тэлежурналістаў, але ўстрымаўся ад адказу, ці завершанае расьледваньне падзеяў 25 сакавіка. Адпаведна, Партон палічыў заўчасным пытаньне пра пакараньне канкрэтных асобаў, адказных за дзеяньні міліцыі. Заўважу, што гэткая заява аніяк не стасуецца з прызнаньнем факту нанясеньня матэрыяльных стратаў журналістам, якія працавалі ў той дзень.

Нагадаем, напрыклад, пра страты расейскіх тэлежурналістаў. Адзін з якіх, апэратар ОРТ Дзьмітры Завадзкі, пералічае: "…У нас пры затрыманьні пашкодзілі накамэрную падсьветку й мікрафон, безь якіх працаваць вельмі цяжка. Падсьветку мы неяк адрамантавалі, а з мікрафонам дагэтуль праблемы", – сказаў апэратар ОРТ Дзьмітры Завадзкі. Паводле ягоных прыблізных падлікаў, рамонт абыйдзецца больш чым у сто даляраў.

А вось страты, нанесеныя другому расейскаму тэлеканалу – РТР – прыкладна ўтрая большыя. Пра немалыя матэрыяльныя прэтэнзіі да беларускае міліцыі заяўляе і тэлекампанія НТВ.

Між тым, падобна на тое, што кіраўніцтва міліцыі Беларусі сьвядома падзяляе журналістаў на расейскіх, страты якіх кампэнсаваць трэба, і ўсіх астатніх, у тым ліку карэспандэнтаў нашага радыё:

"…Я разумею вас, журналістаў… Спрацоўвае псыхалёгія – у аднаго год таму асадка зьнікла, у другога батарэйкі", – гэтак пракамэнтаваў спадар Партон маё згадваньне таго, што ў карэспандэнтаў "Радыё Свабода" Любові Лунёвай і Міхала Стэльмака міліцыянты пад час затрыманьняў на Дзень Волі пашкодзілі дыктафоны. – "…Гэта трэба было адразу даказваць дакумэнтальна, напісаць заяву, я ня сьледчы, а прэсавы сакратар, я думаю, што ўсё будзе высьветлена", – запэўніў мяне Дзьмітры Партон.

Аднак ацаніць сур'ёзнасьць намераў міліцыі адносна рэагаваньня на падзеі 25-га паводле падобных заяваў немагчыма. Апэратар ОРТ Дзьмітры Завадзкі на гэты конт мяркуе:

(Завадзкі: ) "Пажывем – убачым".

(Карэспандэнт: ) "А вы на што спадзяецеся?"

(Завадзкі: ) "Я ні на што не спадзяюся"

(Карэспандэнт: ) "Можа хоць прабачэньне пачуеце".

(Завадзкі: ) "Напэўна".

Гэта быў адзін з пацярпелых 25 сакавіка журналістаў Дзьмітры Завадзкі, які ўсё ж спадзяецца на прабачэньні міліцыі.

XS
SM
MD
LG