Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 06 красавіка 2000 г.


Любоў Лунёва, Менск

Распачаты два тыдні таму канвэер судовых паседжаньняў у справах затрыманых удзельнікаў апазыцыйнай акцыі 25 сакавіка не спыняецца. Сёньня адбыўся суд над сябрам Кансэрватыўна–Хрысьціянскае партыі БНФ Міхалам Новікам.

Судзьдзя Руслан Казадаеў больш за дзьве гадзіны разглядаў адміністрацыйную справу Міхала Новіка з-за таго, што вымушаны быў праглядаць відэастужку. У гэтым не было б патрэбы, калі б сьведкі з боку міліцыі не далі супярэчлівыя паказаньні. Справа ў тым, што й сёньня на судовае паседжаньне зьявіліся тыя самыя міліцыянты – Раманоўскі й Валадзько.

Сёньня яны ўвесь час ухіляліся ад наўпроставых адказаў на пытаньні судзьдзі, спасылаючыся на дрэнную памяць. Валадзько казаў, што Міхал Новік крычаў, нецэнзурна лаяўся на асобу Лукашэнкі, кідаўся на супрацоўнікаў міліцыі. Але на пытаньне: на якім мейсцы яго затрымалі, у чым ён быў апрануты й што менавіта ён крычаў, адказаць ня здолеў.

Пасьля прагляду апэратыўных відэастужак судзьдзя Руслан Казадаеў вынес папярэджаньне.

Гаворыць Міхал Новік:

(Новік: ) "Сёньня на судовым працэсе сьведка з боку міліцыі Валадзько дзейнічаў нахабна. Ён там не прысутнічаў, нічога ня бачыў. Адчувае беспакаранасьць, нехта за ім стаіць. Напэўна яму кажуць, рабі што хочаш, хлусі што хочаш…На жаль, гэта малады хлопец. І калі ў міліцыю прыходзіць такая моладзь – гэта страшна.

Калі казаць, як яно здарылася… З жонкай у мяне не зусім добра, і тут было не да гэтай акцыі. Але пасьля гэтага я абавязкова буду браць удзел ва ўсіх акцыях. Бо калі ня ўдзельнічаць, дык гэты гвалт будзе працягвацца. Хочуць тых, хто за Беларусь, сутыкнуць зь міліцыяй. Міліцыя – гэта наш народ, гэта беларусы, і гэтага нельга дапусьціць.
Але ў Лукашэнкі вялікае жаданьне, каб мы пачалі адно аднаго душыць і старляць. Гэтага не павінна здарыцца".

Сёньня судзьдзя Аксана Рэлява павінна была судзіць Георгія Кішкурну і Ўладзімера Куратовіча, але тыя ў суд не зьявіліся.

XS
SM
MD
LG