Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 06 красавіка 2000 г.


Ганна Навумовіч, Менск

Паведамленьне пра ўвод мытнага кантролю на беларуска-расейскай мяжы стала поўнай нечаканасьцю для беларускага кіраўніцтва. Афіцыйныя камэнтары на гэты конт гучалі ня жорстка, а хутчэй разгублена.

Афіцыйную інфармацыю пра зьмены ў пагадненьні аб мытным хаўрусе, якія Расея прыняла яшчэ на прыканцы сакавіка, беларускае кіраўніцтва атрымала толькі ўчора. Адразу пасьля гэтага яно пачало прымаць актыўныя захады дзеля таго, каб захаваць мытны хаўрус.

Сёньня ў Маскве знаходзіцца беларуская дэлегацыя, у склад якой уваходзіць намесьнік міністра замежных справаў Валеры Садоха. Дэлегацыя абмяркоўвае з расейцамі праблемы далейшага йснаваньня мытнага хаўрусу й шукае варыянты, якія адпавядалі б інтарэсам абодвух бакоў.

У Менску чакаюць вынікаў маскоўскага абмеркаваньня, таму афіцыйныя камэнтары былі вельмі асьцярожнымі. Напрыклад, новы прадстаўнік Беларусі ў ворганах СНД Дзьмітры Булахаў у інтэрвію нашаму радые заявіў:

(Булахаў: ) "Гэта не знаходзіцца ў рамках разьвіцьця нашых двухбаковых стасункаў і ў рамках СНД. Калі гэта будзе – гэта будзе дрэнна для нас. Але структура СНД й структура двухбаковых стасункаў вельмі складаная. Яна стала прагматычнай, а не рамантычнай".

Больш падрабязны камэнтар, але таксама вельмы стрыманы, мы атрымалі ў прэсавага сакратара Міністэрства замежных справаў Беларусі Мікалая Барысевіча. Ён паведаміў:

(Барысевіч: ) "Галоўная мэта інтэграцыйных працэсаў – гэта стварэньне роўных умоваў. Я маю на ўвазе эканамічны аспэкт. Стварэньне роўных умоваў для суб'ектаў гаспадараньня дзьвюх краінаў. Натуральна, што працэс сутыкаецца з шэрагам практычных праблемаў. Жыцьцё есьць жыцьцём, і часам зьяўляюцца сытуацыі, якія патрэбна вырашаць. Таму сёньня там знаходзіцца дэлегацыя, якая займаецца ўрэгуляваньнем гэтых пытаньняў. Каб знайсьці нейкі агульны падыход, каб знайсьці ўзаемапрымальнае рашэньне для абодвух бакоў. Дэлегацыя займаецца такім ўзгадненьнем".

Спадар Барысевіч ня змог адказаць на пытаньне, ці магчыма прыняцьце такога ўзаемапрымальнага рашэньня. Ён толькі выказаў спадзеў, што гэта магчыма. Больш падрабязныя камэнтары міністэрства зможа зрабіць толькі пасьля таго, як будуць вядомыя вынікі перамоваў у Маскве.

XS
SM
MD
LG