Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 05 красавіка 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Са Швэцыі вярнулася група дзяцей беларускіх палітвязьняў. Пра ўражаньні ад наведваньня гэтае краіны распавяла дачка дэпутата Вярхоўнага Савету Ўладзімера Кудзінава Зоя.

Дзеці беларускіх палітвязьняў выпраўляліся ў Эўропу другі раз. Гэтае падарожжа й адпачынак былі зарганізаваныя швэдзкімі грамадзкімі арганізацыямі пры дапамозе нашае "Хартыі–97".

У Швэцыі пабывалі Зоя і Натальля Кудзінавы, дачка дэпутата Андрэя Клімава Ксенія Разумовіч, Аня Статкевіч, Валера Лабковіч ды іншыя дзеці зь сем'яў тых, каго перасьледуюць беларускія ўлады. Днямі яны вярнуліся ў Менск і цяпер як дзіўны сон згадваюць сваё падарожжа праз ўсю Швэцыю, са сталіцы краіны Стакгольму да маленькага мястэчку Люксэль на самай поўначы.

"Там яшчэ ляжыць снег, прычым вельмі глыбокі, мы каталіся на сьнегаходах. Швэды любяць сьнегаходы, для іх яны як для нас ровары. Там было вельмі здорава!", – з такіх успамінаў пачалася мая размова з шаснаццацігадовай Зояй Кудзінавай, якая ўсё не магла "адысьці" ад швэдзкіх ўражаньняў. Толькі празь немалы час мне ўдалося перавесьці нашую гутарку на больш сур'ёзныя тэмы, чым захапляльная язда на сьнегаходах па швэдзкіх пушчах.

Вось фрагмэнт далейшае гутаркі з дачкою дэпутата Вярхоўнага Савету Зояй Кудзінавай…

(Кудзінава: ) "Нам усё спадабалася. І прыём спадабаўся, і праграма, якую яны нам зрабілі. Нам нават не хацелася зьяжджаць. Нам адпачынак зрабілі "Арляняты". Гэта такая арганізацыя моладзі. Галоўны "арляня", Торгні, кожны дзень быў з намі, запрашаў нас у госьці".

(Карэспандэнт: ) "Што ведаюць швэды, што ведае іх моладзь пра Беларусь?"

(Кудзінава: ) "Пра Беларусь яны амаль што нічога ня ведалі, але з намі сустракаліся карэспандэнты, і яны вельмі былі зьдзіўленыя такім становішчам у Беларусі. Мы расказвалі, якія ў нас людзі, як яны жывуць. Калі мы езьдзілі ў школу, мы расказвалі, як у нас вучацца дзеці, якія ў нас школы".

(Карэспандэнт: ) "А школы вельмі адрозьніваюцца?"

(Кудзінава: ) "О, там зусім іншыя школы. Там дзеці вельмі вольныя. У іх адносіны з настаўнікамі іншыя. Ставяць ім адзнакі толькі з восьмае клясы. Экзамены, нават, зусім не здаюць. Там усё зроблена для дзяцей. У школе навучаньне бясплатнае – абеды, кнігі і сшыткі. Мне яшчэ спадабалася, што там моладзь ня так п'е, курыць, як у нас.
Калі нашае інтэрвію прачыталі ў газэтах мясцовыя людзі, дык адзін чалавек, пэнсіянэр Зыгмунд, са сваёй пэнсіі выдаткаваў нам грошы. Людзі там вельмі добрыя".

Далей Зоя распавяла, што ў школе, дзе яна вучыцца (а гэта 4-я Івацэвіцкая сярэдняя школа) лічаныя дзеці пабывалі дзе за мяжою. Некаторыя езьдзілі з бацькамі на летні адпачынак ці пабывалі за мяжою як турысты, але для пераважнае бальшыні ейных сяброў наведваньне замежных краінаў проста не па кішэні бацькам.

Зоя вучыцца ў 11-й клясе, раней яны езьдзілі ў падарожжы клясам, а вось вучні малодшых клясаў нікуды ўжо ня езьдзяць – няма грошай. Не аказалася 4-я Івацэвіцкая школа й сярод тых, каму надаюць увагу розныя "чарнобыльскія" арганізацыі.

"У выніку, – кажа Зоя, – мае сябры падрастаюць ва ўмовах ізаляцыі ад усяго сьвету". Ад гэтага становіцца вельмі сумна, – падзялілася сваімі ўражаньнямі Зоя Кудзінава й дадала, што яна марыць зусім пра іншае жыцьцё – калі ўсе дзеці Беларусі будуць мець магчымасьць заводзіць сяброў у іншых краінах.

XS
SM
MD
LG