Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 05 красавіка 2000 г.


Ганна Навумовіч, Менск

З наступнай нядзелі Расея ўводзіць мытны кантроль на мяжы з Беларусьсю.

Усё пачалося з таго, што Вярхоўны суд Расеі фактычна дазволіў увозіць імпартныя тавары празь Беларусь без даплаты розьніцы ў мытах. Расейская мытня спрабуе абскардзіць гэтае рашэньне суду. Калі расейскія грамадзяне ня будуць плаціць дадаткова, могуць паўстаць сур'ёзныя праблемы з папаўненьнем бюджэту.

Таму мытня пачала прымаць актыўныя захады. На прыканцы сакавіка расейскі ўрад выдаў пастанову, згодна зь якой тавары з трэціх краінаў, якія прайшлі мытнае афармленьне ў Беларусі, падлягаюць дэкляраваньню на расейскай мяжы. Тым самым расейскі ўрад унёс зьмены ў пагадненьне аб мытным хаўрусе, якое было падпісанае ў 1995 годзе.

Калі Лукашэнка з Чарнамырдзіным валілі памежныя слупы, мелася на ўвазе, што мытныя пасты непатрэбныя, паколькі ўсе тавары, якія знаходзяцца ў легальным абарачэньні на тэрыторыі Беларусі, могуць свабодна перамяшчацца ў Расею. Гэта тычылася тавараў зь Беларусі й Расеі, а таксама тавараў з трэціх краінаў, якія былі належным чынам аформленыя ў вадной з краінаў мытнага хаўрусу. Цяпер, калі дэкляраваньню й мытнаму афармленьню падлягаюць тавары з трэціх краінаў, спатрэбіцца мытная мяжа й мытны кантроль.

Кіраўнік Мытнага камітэту Расеі мае намер падпісаць адпаведны дакумэнт сёньня ці заўтра. Хутчэй за ўсё, мытны кантроль будзе ўведзены 9 красавіка.

Для беларускіх уладаў такое рашэньне Расеі – вялікая нечаканасьць. Пакуль расейскі ўрад зьбіраецца наладзіць мытны кантроль, Лукашэнка абмяркоўвае разьвіцьцё мытнага хаўрусу ў Таджыкістане.

Дарэчы, трэба адзначыць, што Расея зьмяніла пагадненьне аб мытным хаўрусе без узгадненьня зь беларускім бокам. Кіраўнік аддзелу "саюзнага" выканаўчага камітэту Юры Малумаў лічыць – "гэта парушэньне ўмоваў мытнага хаўрусу. Але мы за сталом перамоваў мусім шукаць кампраміснае рашэньне".

Але наўрад ці такое кампраміснае рашэньне магчымае, бо за пяць гадоў існаваньня мытнага хаўрусу яно так і не было знойдзена.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG