Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 05 красавіка 2000 г.


Валер Каліноўскі, Менск

Яшчэ ня сьціхлі размовы пра вынікі сьвяткаваньня Дня Волі 25 сакавіка ў Менску, а апазыцыя пачала інфармацыйную падрыхтоўку да іншай масавай акцыі «Гарачай Вясны-2000» – Чарнобыльскага Шляху. З 5 па 26 красавіка прадстаўнікі Аб'яднанае Грамадзянскае партыі і "Хартыі-97" праводзяць штодзённыя пікетаваньні на пляцы Бангалёр у Менску з патрабаваньнямі да ўладаў выконваць правы чалавека.

Асноўная мэта сэрыі пікетаваньняў, як паведаміла адная зь іх арганізатараў, дэпутат Вярхоўнага Савету Людміла Гразнова – інфармаваньне грамадзянаў пра сытуацыю з выкананьнем правоў чалавека ў краіне й выказваньне пратэсту супраць палітыкі стварэньня паліцэйскае дзяржавы.

5 красавіка на пікеце на пляцы Бангалёр у Менску раздавалі грамадзянам адмысловы выпуск газэты "Наша Свабода" пра падзеі 25 сакавіка ў Менску, а 6 красавіка з трох да пяці гадзінаў вечара адбудзецца пікет да гадавіны з дня нечаканае сьмерці вядомага палітыка Генадзя Карпенкі, у якім возьме ўдзел удава нябожчыка.

Актывістка Аб'яднанае Грамадзянскае партыі Людміла Гразнова вельмі адказна ставіцца да такой, здавалася б, сьціплай акцыі як пікетаваньне. Паводле ейных словаў, летась, калі пікетаваньне праводзілася ў больш шматлюдных месцах Менску, яно ахапіла тысячы чалавек. Сёлета гарадзкія ўлады не дазволілі праводзіць пікетаваньне з 5 па 14 красавіка паблізу канцавых станцыяў менскага мэтро, дазволіўшы для пікетаў толькі пляц Бангалёр.

Аднак Людміла Гразнова спадзяецца, што з 16 па 26 красавіка, непасрэдна перад Чарнобыльскім Шляхам, актывістам АГП й "Хартыі-97" удасца правесьці інфармацыйныя пікеты й недалёка ад станцыяў менскага мэтрапалітэну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG