Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 05 красавіка 2000 г.


Кастусь Бандарук

Учора ў камісіі Бясьпекі і Супрацоўніцтва ў Эўропе Кангрэсу ЗША адбыліся слуханьні, прысьвечаныя пагаршэньню сытуацыі ў галіне свабоды прэсы ў посткамуністычных краінах. У слуханьнях узялі удзел: галоўны каардынатар Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША ў пытаньнях разьвіцьця дэмакратыі Дэвід Янг, дакладчык АБСЭ ў справах свабоды прэсы Фрэймут Дувэ, Мэрлін Грын з Камітэту Свабоды Прэсы ў Сьвеце, Лінда Фолей з Міжнароднай Фэдэрацыі журналістаў, прадстаўнік Камітэту Абароны журналістаў, а таксама прэзыдэнт Радыё Свабодная Эўрора/Радыё Свабода Томас Дайн. Удзельнікі слуханьняў шмат увагі прысьвяцілі свабодзе прэсы ў Беларусі.

Паводле старшыні камісіі, якую называюцьгэльсінскай, Крыстафэра Сьміта (рэспубліканца са штату Нью-Джэрзі), сытуацыя ў галіне свабоды прэсы ў некаторых рэспубліках былога СССР і былых камуністычных краінах – пагаршаецца. Ён паведаміў пра шматлікія выпадкі перасьледу, нападаў, выкраданьня і забойстваў незалежных журналістаў. Некаторыя журналісты страцілі жыцьцё у часе выкананьня сваіх абавязкаў, – паведаміў Крыстафэр Сьміт. Старшыня гэльсынскай камісіі адзначыў, што крымінальныя сродкі шырока ужываюцца супраць прэсы у такіх краінах як Беларусь, Босьнія, Сэрбія, Харватыя, Азэрбэйджан і Украіна.

(Сьміт: ) "Каля траціны зь ліку 34-х журналістаў, якія страцілі жыцьцё ў мінулым годзе, былі забітыя ў краінах, што належаць да АБСЭ. Чвэрць зь ліку ўсіх зьняволеных журналістаў апынуліся ў турмах ў Турцыі, Узбэкістане і Югаславіі".

Каардынатар у пытаньнях дэмакратыі Дзярждэпартамэнту ЗША Дэвід Янг сказаў у часе слуханьняў, што свабодны доступ да інфармацыі зьяўляецца падставай здаровай дэмакратыі, і бяз гэтага грамадзяне ня ў стане зрабіць свой выбар. Паводле ягоных слоў:

"Урады надалей рознымі спосабамі прымушаюць незалежныя галасы замаўчаць. Яны ужываюць цэнзуру, ліцэнзаваньне, абкладаньне падаткамі, глушэньне вяшчаньня, абмежаваньне доступу да друку, кантроль за рэклямай і абмежавальныя законы якія скарыстоўвае пракуратура".

У Беларусі, – падкрэсьліў ён, – урад абмяжоўвае свабоду слова, свабоду атрыманьня, захоўваньня і распаўсюджваньня інфармацыі. Незважаючы на канстытуцыйныя гарантыі з 98-га году, урадавы дэкрэт абмяжоўвае права грамадзянаў на выказваньне сваіх поглядаў.

Спрабуючы наогул здушыць усякую дзейнасьць апазыцыі, беларускі урад распачаў кампанію перасьледу незалежных СМІ. Хаця канстытуцыя не дае нікому манаполіі на СМІ, урад уціскае свабодную прэсу пры пасярэдніцтве дзяржаўных друкарняў і дзяржаўных СМІ, а таксама адмаўляючы ў акрэдытацыі журналістам, якія крытыкуюць рэжым. Урад аказвае таксама эканамічны ціск на незалежныя СМІ, зьнеахвочваючы заказчыкаў да публікаваньня сваіх рэклямаў на старонках незалежных выданьняў. Ужываецца адміністрацыйны перасьлед і абкладаньне штрафамі.

У верасьні летась – заявіў Дэвід Янг, – у выніку зыску Міністэрства ўнутраных спраў нібыта у справе абразы, перастала выходзіць незалежная газэта "Навіны". Таксама у верасьні рэжым адмовіў у рэгістрацыі 10-ці іншым выданьням. У студзені перстала выходзіць аршанская газэта " Куцейна". 2-га сакавіка, на другі дзень свайго выхаду у сьвет, спыніла дзейнасьць пераймальніца Навінаў – Наша Свабода. З таго часу яе перасьледуюць падаткавыя службы.

Паводле Дэвіда Янга, рэжым Лукашэнкі не абмежаваўся перасьледам толькі беларускіх журналістаў. Сярод 35-ці журналістаў, арыштаваных у часе разгону апазыцыйнае дэманстрацыі ў Менску 25-га сакавіка, было некалькі замежных рэпартэраў. Некаторых зь іх, як апэратараў ОРТ і польскага тэлебачаньня, зьбілі і пашкодзілі іхнае абсталяваньне.

Кантраляваная ўрадам дзяржаўная тэле-радыёкампанія мае манаполію на вяшчаньне на ўсю краіну. У кантраляваных дзяржавай установах абмежаваны нават доступ да Інтэрнэту. Аднак такія крокі з боку ўладаў не спынілі дзейнасьці незалежных журналістаў, такіх сьмелых і адважных, як рэдактары "Нашай Свабоды" Павал Жук і "Рабочага" Віктар Івашкевіч.

Дзярждэпартамэнт ЗША шэраг разоў заклікаў беларускі урад выконваць міжнародныя стандарты у галіне свабоды друку, –адзначыў Дэйвід Янг. Мы выказвалі востры пратэст у сувязі з паасобнымі выпадкамі беларускаму амбасадару у Вашынгтоне і беларускаму ўраду у Менску. Дэмакратычная Камісія і Інфармацыйная Служба нашай амбасады ў Менску пачалі фінансава падтрымоўваць незалежныя СМІ. Мы таксама падтрымоўваем радыёвяшчаньне на тэрыторыю Беларусі. Мы павінны ўсемагчымымі спосабамі дапамагчы незалежным СМІ ў Беларусі выжыць перад абліччам палітычнага і эканамічнага ўціску, – заявіў каардынатар у пытаньнях дэмакратыі Дзярждэпартамэнту ЗША Дэвід Янг.

На ягоную думку, ня менш важная маральная падтрымка з боку ўраду ЗША. У лістападзе мінулага году Беларусь наведаў памочнік дзяржсакратара Кох. У сувязі з сытуацыяй ў галіне свабоды прэсы ён накіраваў вострае тонам папярэджаньне беларускім ўладам, а таксама прамаўляў на праваабарончай прэсавай канфэрэнцыі. Ягоны зварот да журналістаў і актывістаў атрымаў шырокі розгалас. Паводле аднаго незалежнага тыднёвіка: "Візыт у Менск памочніка дзяржсакратара Коха быў значнай падзеяй ня толькі для ўдзельнікаў прэсавай канфэрэнцыі, але і для ўсіх беларусаў. Гэты візыт
пацьвердзіў, што амэрыканцы сапраўды вельмі сур'ёзна зьвяртаюць увагу сьвету на патрэбу дапамогі іншым".

Гаворачы пра сытуацыю ў Расеі, Дэвід Янг адзначыў нярэдкія выпадкі фізычнага гвалту супраць журналістаў, у прыватнасьці, згадаў карэспандэнта Радыё Свабода Андрэя Бабіцкага. Паводле ягоных слоў, злачынства Бабіцкага палягала ў тым, што насуперак афіцыйным паведамленьням, ён спрабаваў перадаваць з Чачні аб'ектыўную інфармацыю. Справа Бабіцкага павінна была зьнеахвоціць іншых журналістаў, якія хацелі б паведамляць праўду.

У часе слуханьяў у Камісіі Бясьпекі і Супрацоўніцтва ў Эўропе выступіў таксама прэзыдэнт Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода Томас Дайн. Ён абгрунтаваў патрэбу міжнароднага вяшчаньня на былыя камуністычныя краіны. Ён адзначыў, што зараз перад нашым Радыё больш адказная задача, чым ў мінулым. Радыё павінна працягваць сваю дзейнасьць да таго часу, пакуль у былых камуністычных краінах ня ўзьнікнуць ўстойлівыя свабодныя СМІ і свабодныя грамадзтвы. Як адзначыў Томас Дайн:

"У апошнія гады мы паставілі перад сабою дзьве дадатковыя задачы: быць свайго роду страхоўкай для краінаў, якія ставяць першыя крокі у напрамку дэмакратыі і свабоды прэсы, а таксама паказваць, якой павінна быць сапраўдная журналістыка".

Томас Дайн адзначыў, што свабода слова зьяўляецца падставай усіх іншых свабодаў. Прэзыдэнт нашага Радыё выказаў думку, што журналізм у заходнім выданьні ня меў магчымасьці укараніцца ў былых камуністычных краінах. Дайн працытаваў красамоўны расейскі анэкдот, які адлюстроўвае вельмі сур'ёзную праблему: няверу грамадзтва ў магчымасьць аб'ектыўнай інфармацыі. Згодна гэтаму анэкдоту, ёсьць тры віды інфармацыі: нэкралёгі, які заўсёды праўдзівыя, прагнозы надвор'я, якія бываюць праўдзівыя, і усё астатняе, якое загадзя хлусьня.

Томас Дайн заявіў, што шлях да свабоды ніколі не пралягаў без першкодаў, але абяцаў удзельнікам слуханьняў у Кангрэсе ЗША, што Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода будзе працягваць змаганьне за праўду і дэмакратыю.

XS
SM
MD
LG