Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 05 красавіка 2000 г.


Кіраўніцтва Беларускага Гэльсынскага камітэту лічыць, што парушэньні ўладамі правоў грамадзянаў на мірныя шэсьці, дэманстрацыі й сходы ў Беларусі апошнія некалькі гадоў носяць сыстэматычны характар. На думку старшыні БГК Тацяны Процькі, Аляксандар Лукашэнка ведаў папярэдне пра падрыхтоўку Міністэрства ўнутраных справаў да жорсткага падаўленьня дэманстрацыі апазыцыі 25 сакавіка.

Сёньня ў часе прэсавае канфэрэнцыі кіраўніцтва Гэльсынскага камітэту прэзэнтавала выніковае заключэньне адносна падзеяў у Менску 25 сакавіка. У ім на падставе сьведчаньняў пацярпелых, справаздачаў назіральнікаў БГК й паведамленьняў прэсы зроблена падсумаваньне, што менскімі гарадзкімі ўладамі й ворганамі Міністэрства нутраных справаў у дзень Незалежнасьці было зроблена 29 парушэньняў асноўных правоў чалавека.

Гэта пазбаўленьне грамадзянаў канстытуцыйнага права на мітынгі й дэманстрацыі, нематываванае ўвядзеньне ў сталіцу войскаў і бранятэхнікі, прэвэнтыўныя арышты й зьбіцьццё журналістаў і замежных назіральнікаў, маральныя й матэрыяльныя страты, панесеныя грамадзянамі ў выніку супрацьпраўных дзеяньняў міліцыі і нутраных войскаў ды шмат чаго іншага.

Кіраўнік службы назіральнікаў БГК Зьміцер Маркушэўскі паведаміў, што на ўчорашні дзень у судзе было разгледжана 32 адміністрацыйныя справы затрыманых 25 сакавіка. Бальшыні гэтых падсудных было вынесенае афіцыйнае папярэджаньне. Некалькі справаў спынена судзьдзямі за недаказанасьцю ці адсутнасьцю складу правапарушэньня.

Кіраўніцтва Гэльсынскага камітэту лічыць, што даволі мяккія прысуды ўдзельнікам сьвяткаваньня Дня Волі судзьдзі вынесьлі таму, што на падзеі 25 сакавіка ў Менску была даволі вострая рэакцыя з боку міжнароднае супольнасьці. Адной з характэрных рысаў нядаўніх судоў над затрыманымі, на думку назіральнікаў БГК, ёсьць масавыя, дакумэнтальна зафіксаваныя, хлусьлівыя паказаньні сьведкаў – міліцыянтаў.

З гэтае нагоды, а таксама паводле іншых шматлікіх фактах парушэньня "ахоўнікамі парадку" заканадаўства кіраўнік грамадзкай арганізацыі "Праўная дапамога насельніцтву" Алег Воўчак ужо зьвярнуўся да пракурора Менску спадара Купрыянава з патрабаваньнем узбудзіць крымінальную справу й прыцягнуць вінаватых да адказнасьці.

А Гэльсынскі камітэт патрабуе ад уладаў правядзеньня службовага расьледваньня й афіцыйных прабачэньняў пацярпелым 25 сакавіка. І пакуль гэтага ня будзе зроблена, іхная арганізацыя ў гэтак званым "грамадзкім дыялёгу" ўдзельнічаць ня будзе.

Гаворыць старшыня БГК Тацяна Процька:

"Ва ўмовах, калі ўлада так беспрэцэдэнтна і масава парушае правы грамадзянаў, дыялёг – ці форма маскіроўкі чыіхсьці амбіцый, ці проста цынічная і беспрынцыпная зьява," – паведаміла спадарыня Процька.

Старшыня Гэльсынскага камітэту перакананая, што Аляксандар Лукашэнка быў добра паінфармаваны пра тое, што зьбіраліся рабіць войскі 25 сакавіка ў сталіцы краіны.

Тацяна Процька працягвае:

"Я ехала 25-га ў горад, і 12 "Уралаў" ішлі поўныя з Уручча з гэтымі супрацоўнікамі АМОНу ці ўнутраных войскаў, перакрыўшы ўсю дарогу, а насустрач ім ішоў картэдж прэзыдэнта, які зьяжджаў у Эміраты. Ну не сьляпы ж ён і бачыў гэтую калёну, якую ўзначальвалі два бронетранспартэры," – гэта была кіраўніца БГК спадарыня Процька.

Падобнай думкі прытрымліваюцца і іншыя ейныя калегі.

Альгерд Невяроўскі, Менск

XS
SM
MD
LG