Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 красавіка 2000 г.


Віталь Тарас

Сёньня ў Страсбургу Камітэт Рады Эўропы ў справе папярэджаньня катаваньняў зрабіў даклад па выніках расьледаваньня адносна фактаў зьбіцьця зьняволеных у фільтрацыйным лягеры Чарнакозава ў Чачні. Між тым, як мы паведамлялі, вярхоўны камісар ААН у справе правоў чалавека Мэры Робінсан у часе яе паездкі на Паўночны Каўказ не была дапушчаная расейскімі ўладамі ў фільтрацыйныя лягеры, у тым ліку, і ў Чарнакозаве. Міжнародная прэса працягвае сачыць за візытам Мэры Робінсан ў Расею.

Сёньня Вярхоўны камісар ААН Мэры Робінсан дала прэсавую канфэрэнцыю ў Маскве. Вось што яна сказала адносна Чачні.

(Робінсан: ) "Я ўпэўнілася ў тым, што там былі сур'ёзныя парушэньні правоў чалавека. Я чула ў Назрані непасрэдных відавочцаў масавых забойстваў, рабаваньняў і марадзёрства. Павінен надыйсьці дзень, калі за ўсё гэта трэба будзе адказваць".

Мэры Робінсан гаварыла таксама аб сваёй сустрэчы зь міністрам замежных справаў Расеі Ігарам Івановым. Яна, у прыватнасьці, зазначыла:

(Робінсан: ) "Я заклапочаная тым, каб можна было разьлічваць на правядзеньне расейкім урадам шырокамаштабнага сьледзтва ў справе парушэньня правоў чалавека. У мяне склалося ўражаньне пасьля ранішняй сустрэчы зь міністрам замежных справаў Івановым, што ёсьць усьведамленьне маштабу парушэньняў правоў чалавека, і што гэта праблема патрабуе адпаведных высілкаў. Я думаю, гэта была канструктыўная сустрэча".

Як піша сёньня "Washington Post", напярэдані Вярхоўнаму камісару ААН было адмоўлена ў наведваньні мясьцінаў, дзе, згодна з паведамленьнямі праваабарончых арганізацыяў, адбываліся вайсковыя злачынствы. У прыватнасьці, Робінсан не пусьцілі у раён Грознага пад назвай Альдзі, дзе, паводле некаторых зьвестак, расейскія жаўнеры забілі 40 мірных жыхароў.

Газэта "Moscow News" надрукавала сёньня артыкул, у якім падаюцца падрабязнасьці, зьвязаныя з расправай над мірнымі жыхарамі ў Альдзі. Газэта сьцвярджае, што на відэстужцы, датаванай 9-м лютага, бачныя два дзесяткі трупаў, некаторыя зь іх – абезгалоўленыя.

Мясцовыя жыхары сьведчаць, што расейкія жаўнеры рабавалі, зьневажалі, забівалі людзей. "Яны паклалі траіх нашых суседзяў на падлогу, забілі іх і выбілі ў іх залатыя зубы прыкладамі," – гаворыць 65-гадовая кабета Мака Джамалдаева.

Сярод забітых, як можна бачыць на відэакадрах, шмат пажылых людзей са сьлядамі катаваньняў. Сярод іх былі, паводле мясцовых жыхароў, этнічныя рускія.

Калі Мэры Робінсан, працягвае газэта, прыехала ў лягер чачэнскіх уцекачаў Арджанікідзэўская, кожны зь іх спрабаваў падыйсьці як мага бліжэй да камісара ААН, каб пагаварыць зь ёй. "Вяртацца назад нельга. Усе мы страцілі свае дамы, у кожнай з нас ёсьць забітыя сярод розных і блізкіх," – сказала Аза Юпаева з Грознага ў кароткай гутарцы з Робінсан.

Робінсан заявіла, што падасьць свой даклад у камісію ААН у справе правоў чалавека ў сераду.

Між тым, Міжнародная Фэдэрацыя правоў чалавека ў гэты панядзелак абвінаваціла Расею ў вайсковых злачынствах і злачынствах супраць чалавечнасьці й заклікала аддаць вінаватых у гэтых злачынствах пад трыбунал. Фэдэрацыя правоў чалавека абвінаваціла абодвух прэзыдэнтаў Расеі, Барыса Ельцына і цяперашняга прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна, ў выкарыстаньні сілы супраць мірнага насельніцтва Чачні і запатрабавала расьледаваньня зьверстваў з боку расейекіх войскаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG