Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 красавіка 2000 г.


Алена Радкевіч

На думку экспэртаў Усясьветнага Банку, да 2002 году варта чакаць сьціплага эканамічнага росту ў краінах Усходняй Эўропы і Садружнасьці Незалежных Дзяржаваў. Аднак, Усясьветны Банк даволі асьцярожны ў сваіх прагнозах. Сёньня абнародваная штогадовая справаздача Банку…

Усясьветны Банк прадказвае даволі сярэдні ўзровень эканамічнага росту ў былых камуністычных краінах Усходняй Эўропы і краінах СНД на працягу наступных трох гадоў. Траха вышэйшы рост прагназуецца на Блізкім Усходзе і ў Паўночнай Афрыцы.

Штогадовая справаздача Банку аб глябальным фінансавым разьвіцьці прадказвае сёлетні сярэдні рост валавога ўнутранага прадукту ў краінах Усходняй Эўропы і былога СССР у сярэднім на два з паловай адсоткі. Налета і ў 2002 годзе, паводле справаздачы, варта чакаць па тры з паловай адсоткі росту.

Аднак, Банк перасьцерагае, што існуе значная няпэўнасьць у прагназаваньні. Адным з такіх фактараў няпэўнасьці зьяўляецца цана на нафту, якая вызначае сытуацыю ў Расеі і краінах Сярэдняй Азіі. Шмат што будзе залежаць таксама ад таго, ці вытрымаюць краіны Ўсходняй Эўропы інэрцыю інтэграцыі іхных эканамічных сыстэмаў – а ў прыватнасьці, банкаўскіх – у сыстэму вольнага рынку.

У справаздачы адзначаецца, што падзеньне ў 90-ых гадох цаны на нафту разам з расейскім фінансавым крызысам 98-га прывяло да падзеньня валавага ўнутранага прадукту ў рэгіёне – ня толькі ў Расеі, але і ў залежных ад ейнай эканомікі краінах СНД.

Аднак, у другой палове леташняга году цэны на нафту пачалі расьці, што прынесла невялікае паляпшэньне рэгіёну. У той жа час, Расея пачала вырабляць адносна танныя ўласныя тавары замест многіх імпартных, якія былі не па кішэні расіянам. З гэтага скарысталіся і іншыя дзяржавы СНД.

Тымчасам краіны Усходняй Эўропы падвышалі свой дабрабыт праз гандаль і інвэстыцыі з Захаду. Чакаецца, што сёлета іхная эканоміка ўзрасьце амаль на тры з паловай адсоткі. Прагноз жа на наступныя два гады ў гэтым рэгіёне – ад чатырох да чатырох з паловай адсоткаў росту.

Вашынгтонскі аналітык Арыэль Когэн, які спэцыялізуецца на Расеі, уважае, што прагноз Усясьветнага Банку можа аказацца завышаным.

Когэн згодны, што стабільная цана на нафту і далейшае паляпшэньне банкаўскай сыстэмы можа дапамагчы эканомікам гэтых краінаў. Аднак, на ягоную думку, трэба ўлічваць больш фактараў.

(Когэн: ) "Тры з паловай адсоткі росту на 2001-2002 г.г. выглядаюць занадта аптымістычнымі, калі вы ня маеце значных сьлядоў эканамічных рэформаў, барацьбы супраць карупцыі, заканадаўчых рэформаў і далейшага будаўніцтва інстытутаў рынкавай эканомікі".

Паводле Когэна, бальшыня гэтых краінаў ня выканала яшчэ умоваў, неабходных дзеля росту. Ён уважае, што гэта залежыць ад урадаў – і, у прыватнасьці, ад расейскага – ці стварыць гэтыя ўмовы, ужыўшы суворыя захады супраць карумпаваных чыноўнікаў і бізнэсоўцаў. Паводле Когэна, гэта адзіны шлях прыцягнуць больш грошай у сваю краіну і запабегчы вывазу капіталу за мяжу.

(Когэн: ) "Ізноў жа, вельмі шмат залежыць, наколькі пасьпяхова ўрад будзе ўзмацняць і будаваць інстытуты ачысткі ад карупцыі, ствараць ўмовы, якія б заахвоцілі замежных інвэстараў і абаранілі рух капіталаў".

Цану на нафту Ўсясьветны Банк разглядае таксама як важны фактар разьвіццья Блізкага Ўсходу і Паўночнай Афрыкі. Апошнім часам кошт сырой нафты на міжнародным рынку ўзрос да 30-ці даляраў за барэль, аднак цяпер Арганізацыя краінаў-экспарцёраў вырашыла павялічыць здабычу, што, як чакаецца, зьнізіць цану да 24-25 даляраў. Паводле аналітыкаў Усясьветнага Банку, гэта значна паўплывае на эканамічны рост блізкаўсходніх і паўночнаафрыканскіх краінаў цягам бліжэйшых трох гадоў.

Банк прагназуе, што сярэдні эканамічны рост у гэтых краінах дасягне амаль пяці адсоткаў – што пакрые выдаткі ад усясьветнага фінансавага крызысу 97-98 гадоў.

Увогуле ж, паводле Банку, у 41-ой краіне з нізкім даходам – з агульным насельніцтвам каля мільярда чалавек – наўрад ці ўвогуле будзе зарэгістраваны які-кольвечы эканамічны рост.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG