Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 красавіка 2000 г.


Кастусь Бандарук

Учора фэдэральны акружны судзьдзя ЗША вынес прысуд аб тым, што найбуйнейшы ў сьвеце вытворца кампутарнага абсталяваньня "Майкрасофт" парушыў антыманапольнае заканадаўства краіны. У прысудзе не гаворыцца пра якое-небудзь пакараньне кампаніі, але для кампаніі гэта быў сапраўдны "чорны панядзелак". З учарашняга дня ўласьнік кампаніі, найбагацейшы чалавек сьвету Біл Гэйтс страціў 80 мільярдаў даляраў.

Фэдэральны судзьдзя Томас Пэнфільд Джэксан ня здолеў пераканаць "Майкрасофт" і ягоных канкурэнтаў пайсьці на саступкі і дасягнуць пазасудовага кампрамісу. Супраць кампаніі выступілі Дзярждэпартамэнт юстыцыі і пракуратуры 19-ці штатаў.

У мінулыя выхадныя працяглыя перамовы юрыстаў з абодвух бакоў не далі вынікаў і Фэдэральны судзьдзя быў вымушаны прыняць рашэньне, якое, як мяркуецца, можа адбіцца на разьвіцьці тэхналогіі і бізнэсу ў бліжэйшыя гады. Ён палічыў, што кампанія Біла Гэйтса, карыстаючыся манапольным статусам на рынку кампутарнага абсталяваньня і апэрацыйных сыстэмаў, парушае антытрэставыя законы са шкодай для канкурэнцыі.

"Майкрасофт" мае намер падаць апэляцыю, але гэта нічога не зьмяніла. Судзьдзя яшчэ не прызначыў пакараньня фірме, але яна ужо пакараная. Адразу пасьля судовага рашэньня акцыі "Майкрасофту" патаньнелі на 15 %, а электронная біржа НАСДАК, на якой кампанія была прадстаўленая, страціла 350 пунктаў – 7,5 % сваёй вартасьці.

Некаторыя аналітыкі лічаць, што гэта не канец бедаў "Майкрасофту". На думку прафэсара з Унівэрсытэту Джорджа Вашынгтана Ўільяма Ковачыча, пасьля апошняга рашэньня Фэдэральнага судзьдзі наступныя групы, гэтым разам прыватных зыскоўцаў, пададуць зыскі супраць "Майкрасофту".
Паводле іншага экспэрта, Давіда Рыдэрмана, "Майкрасофт" загразнуў у юрыдычнай багне, і ў бліжэйшай будучыні яго нічога добрага не чакае".

Тут трэба патлумачыць, што справа " Майкрасофту" – адна са шматлікіх судовых працэсаў у антыманапольных справах ў ЗША. Яна цягнецца ужо амаль 10 гадоў, з чэрвеня 90-га году, калі дзейнасьцю "Майкрасофту" зацікавілася Фэдэральная Камісія Гандлю ЗША. Гэтая кампанія паступова элімінавала канкурэнцыю і шэраг разоў атрымоўвала паряджаньні з боку Фэдэральнага судзьдзі і Дэпартамэнту юстыцыі.

У 94-м годзе "Майкрасофт" абяцаў Міністэрству юстыцыі адкрыць доступ на рынак канкурэнцыйным праграмам. У 97-м годзе гэты ж судзьдзя Джэксан папярэдзіў кампанію "Майкрасофт", каб яна не прымушала вытворцаў пэрсанальных кампутараў інсталяваць ейную праграму "Інтэрнэт Эксплёрэр". У кастрычніку 98-га году ў Вашынгтоне адкрыўся судовы працэс у справе манапольных практыкаў "Майкрасофту", і, нарэшце, ўчора зьявілася згаданая пастанова.

Юрысты, якія прадстаўляюць "Майкрасофт", лічаць, што рашэньне Фэдэральнага судзьдзі "найгоршае з магчымых", але не апускаюць рук. На іхную думку, пастанова антыманапольнага суду ня хутка будзе мець уплыў на рэальную сытуацыю на рынку, паколькі сам разгляд чарговых апэляцыяў можа працягнуцца некалькі гадоў.

"Мы ў выгоднай сытуацыі, бо гэта – працяглая гульня, а мы толькі у ейнай палове," – заявіў адзін з адвакатаў кампаніі. "Гэта толькі адзін крок у судовым разьбіральніцтве, і мы будзем рабіць дакладана тое, што робім," – заявіў галоўны ўласьнік кампаніі Біл Гэйтс.

Кампанія паціху разьлічвае на тое, што на ейную будучыню могуць мець уплыў прэзыдэнцкія выбары ў ЗША. Джордж Буш (малодшы) выказвае некаторае зразуменьне для "Майкрсофту", і пасьля сваёй выбарчай перамогі ён мог бы прызначыць кіраўніцтва Дэпартамэнту юстыцыі, якое не пакрыўдзіць кампанію.

"Выглядае, што праблемы "Майкрасофту" не павінны хваляваць нікога акрамя самога кіраўніцтва кампаніі.

Дзярждэпартамэнт юстыцыі ЗША прывітаў пастанову Фэдэральнага судзьдзі і заявіў, што некарыснае для "Майкрасофту" рашэньне будзе мець станоўчы вынік для спажыўцоў. Яно адкрые шлях да новаўвядзеньняў і дасьць пакупнікам большую магчымасьць выбару.

XS
SM
MD
LG