Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 красавіка 2000 г.


Валянціна Аксак, Менск

Куды аддаць дзіця вучыцца? Адказу на гэтае, здавалася б, простае пытаньне ня могуць знайсьці бацькі тых менскіх беларускіх дзетак, якія ў сёлетнім верасьні ўпершыню пойдуць у школу.

Цяпер у беларускай сталіцы 242 сярэднія школы. І толькі 11 зь іх захаваліся як беларускія. Я кажу "захаваліся", таму што ў 1995 годзе, да травеньскага рэфэрэндуму, пасьля якога расейская мова стала другой дзяржаўнаю, у беларускай сталіцы было 175 беларускіх школ. Параўнаньне гэтых дзьвюх лічбаў наводзіць на думку, што скарачэньне беларускамоўнай адукацыі, якое ўлады правялі ў Менску, іначай як зьнішчэньнем назваць нельга.

На карысьць такога азначэньня сьведчыць і дынаміка набору ў беларускамоўныя першыя клясы. Пачынаючы з 95-га году, яна выглядае наступным чынам. 58 адсоткаў ад агульнае колькасьці вучняў першых клясаў тады былі беларускамоўнымі. У 96-м адразу ж наступіла рэзкае іх скарачэньне – ажно ў тры разы. У наступным 97-м годзе беларускамоўных першаклясьнікаў стала менш яшчэ на 50 адсоткаў. Толькі 7,3 адсоткі менскіх дзетак пачалі свой школьны шлях на роднай мове ў 98-м годзе, а праз год гэтая лічба паменшылася яшчэ на 2 адсоткі. Летась беларускамоўнымі сталі ўсяго 4,3 адсоткі сталічных першаклясьнікаў.

Гэтыя лічбы абвяргаюць цьверджаньні чыноўнікаў Міністэрства адукацыі пра нібыта стабілізацыю сытуацыі зь беларускамоўным навучаньнем. На амаль двухмільённую сталіцу пакінулі толькі 11 школаў, у якіх навучаньне вядзецца на мове тытульнае нацыі краіны. У той час, як 231 менская школа вучыць і выхоўвае будучых беларускіх грамадзянаў на мове й традыцыях суседняе краіны.

Пытаньне, дзеля чыёй будучыні працуюць школы беларускае сталіцы, – рытарычнае. Адказ на яго палягае ў сфэры стратэгічнае палітыкі кіруючых колаў краіны. І гэта добра ведаюць тыя маладыя сем'і менчукоў, якія былі ў першых шэрагах беларускіх адраджэнцаў канца 80-х – пачатку 90-х. У іх падрасьлі дзеці, якія ў літаральным сэнсе гэтага слова з малаком маці ўсмакталі родную мову. Аднак у пераважнай бальшыні зь іх улада забрала натуральнае права ня толькі думаць, размаўляць, але й вучыцца на матчынай мове.

Гэта асабліва выразна б'е па тых дзетках, якім пашчасьціла жыць у цэнтры сталіцы, а таксама ў такіх вялікіх менскіх мікрараёнах, як "Усход", "Захад", "Чыжоўка", "Сухарава", "Малінаўка". У гэтых раёнах Менску няма аніводнае беларускае школы. І бацькам у іх даводзіцца выбіраць паміж моваю і здароўем дзіцяці. Бо паездка ў школу на другі канец гораду пазбаўляе дзіця як мінімум дзьвюх гадзінаў сну, ня лічачы штодзённае транспартнае стомы ў вечна перапоўненых аўтобусах ці тралейбусах. Уздоўж жа зручнага й хуткага мэтро няма аніводнае беларускае школы.

Гэтыя ахвяры мажлівыя пры ўмове, што бацька ці маці маюць час, каб вазіць дзіця ў школу, а пасьля ехаць забіраць яго адтуль. А такіх, адносна вольных маладых бацькоў, зразумела, амаль няма.

Улічваючы ўсе гэтыя моманты, узьнікае думка, што ўлады наўмысна пакінулі беларускія школы ў аддаленых мікрараёнах. Яна ўзьнікла ня толькі ў назіральнікаў, але і сяброў агульнагарадзкога бацькоўскага камітэту беларускамоўных вучняў. Ён утварыўся ў Менску тры месяцы таму і адразу распачаў змаганьне за свае правы й правы сваіх дзяцей. Пра першыя вынікі гэтага змаганьня мы распавядзем ў аднэй з бліжэйшых нашых праграмаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG