Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 красавіка 2000 г.


Віталь Цыганкоў, Менск

Аляксандар Лукашэнка накіраваўся з афіцыйным візытам у Таджыкістан, напярэдадні падпісаўшы сваім указам дамову аб дружбе й супрацоўнiцтве памiж Рэспублiкай Беларусь i Рэспублiкай Таджыкiстан. Што зьвязвае афіцыйныя Менск і Душанбэ? Якія дачыненьні йснуюць сёньня паміж дзьвюма краінамі?

Афіцыйныя крыніцы паведамляюць, што пад час вiзыту ў Душанбэ «прэзыдэнт» Беларусi мае намер абмеркаваць з прэзыдэнтам Таджыкістану Эмамалі Рахмонавым шырокi спэктар пытаньняў, зьвязаных з разьвiцьцём узаемавыгодных сувязяў. Бакам ёсьць што абмеркаваць у эканамічнай сфэры, паколькі ў гандлёвым супрацоўніцтве пакуль не заўважаецца аніякіх станоўчых зьменаў.

Рэч у тым, што, паводле вынікаў мiнулага году, таваразварот памiж Беларусьсю й Таджыкiстанам зьнiзiўся на 30 адсоткаў і склаў усяго 8 млн. даляраў. Гэта, дарэчы, найменшы паказьнік у гандлі Беларусі з постсавецкімі краiнамі. Асаблівасьць балянсу яшчэ і ў тым, што імпарт Беларусі з Таджыкістана значна перавышае экспарт. Тлумачыцца гэта даволі проста – неплацёжаздольнасьцю таджыцкіх партнэраў, якія ня могуць разьлічыцца за беларускія тавары.

Тым ня менш, беларускi бок выяўляе пэўную зацiкаўленасьць у павялічэньні паставак таджыцкага алюмiнiю, бавоўны й тытуню. Ну і, зразумела, Беларусь гатовая павялiчыць свой экспарт, аснову якога складае прадукцыя машынабудаваньня й хiмiчнае прамысловасьцi.

Таджыкістан таксама зьяўляецца сябрам гэтак званага «Мытнага хаўрусу пяці» (Расея, Беларусь, Таджыкістан, Казахстан, Кыргызстан), у рамках якога застаецца шмат неўрэгуляваных пытаньняў. Пра некаторыя аспэкты беларуска-таджыцкага супрацоўніцтва разважае аглядальнік газэты «Белорусский Рынок» Аляксандар Патуцін.

(Патуцін: ) «У апошнія два гады беларускі і таджыцкі бакі дэманструюць вельмі вялікую цікавасьць адно да аднаго ў пытаньнях ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва. Напрыклад, два гады таму ў нас быў зь візытам міністар абароны гэтай краіны, а год таму ў Таджыкістан езьдзіў наш міністар. Пад час візыту Чумакова ў Таджыкістан бакі дакладна вызначылі тыя сфэры, да якіх яны маюць інтарэс. Гэта, паводле словаў Чумакова, пытаньні мадэрнізацыі бронетанкавай і авіяцыйнай тэхнікі, а таксама іншыя галіны, напрыклад, супрацьпаветраная абарона, навучаньне таджыкаў у беларускіх ваенных ВНУ, абмен вопытам. Пад час свайго візыту ў 1998 годзе, міністар абароны Таджыкістану цікавіўся, напрыклад, прадукцыяй Менскага завода колавых цягачоў ці НВА «Агат».

(Карэспандэнт: ) «Але аб'ёмы экспарту зьніжаюцца, паколькі таджыцкія партнэры проста ня могуць аплочвацьь беларускі экспарт – яны неплацежаздольныя. Ці можа там сытуацыя зьмяніцца, і якія ёсьць пэрпэктывы павялічыць экспарт у Таджыкістан?»

(Патуцін: ) «Я думаю, што пэрспэктывы зьвязаныя як зь мірным гандлем, так і з ваенным супрацоўніцтвам. Трэба прывесьці галіны, у якіх мы маем зацікаўленьне. Гэта сыравіна, якую мае Таджыкістан – алюміні, бавоўна.
Невыпадкова, падчас свайго візыту Лукашэнка мяркуе зьезьдзіць у адзін з раёнаў, які багаты на бавоўну. Вельмі вялікі патэнцыял у ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва, зьвязанага з рамонтам ваеннай тэхнікі Таджыкістану. Беларускі 140-ы завод у Барысаве заключыў кантракт із заводам аўта-бронетэхнікі з Таджыкінстану, які прадугледжваў рамонт вузлоў і агрэгатаў бронетанкавай тэхнікі ўзброеных сілаў гэтай рэспублікі. І такіх прыкладаў можна прывесьці не адзін»,

– лічыць Аляксандар Патуцін, карэспандэнт «Белорусского Рынка».

Але ня меншую цікавасьць выклікае й палітычны аспэкт візыту. Кожны раз пад час сваіх замежных паездак Аляксандар Лукашэнка любіць выказваць захапленьне палітычным ладам тае краіны, у якую яго запрасілі. У гэтым сэнсе Таджыкістан даволі нетыповы прыклад сярод сваіх аўтарытарных сярэднеазіяцкіх суседзяў. Там доўгі час ішла грамадзянская вайна, было падпісанае пагадненьне з апазыцыяй, але цяпер прэзыдэнт Рахмонаў узмацняе сваю ўладу, адбываецца фізычнае зьнішчэньне палітычных канкурэнтаў і журналістаў. Паводле дадзеных праваабаронцаў, за апошнія 5 гадоў у краіне было забіта 72 журналісты. Цікава, ці спадабаецца Аляксандру Лукашэнку палітычны лад Таджыкістану?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG