Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 красавіка 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

З аўторку "Камароўскі рынак" Менску пачаў працаваць у новым рэжыме. Сталічныя ўлады скасавалі тут гандаль шэрагам харчовых тавараў.

Сёньня тысячы жыхароў Менску, як заўсёды, накіраваліся на "Камароўку" па харчовыя прадукты. Рэпутацыя таннага кірмашу (у параўнаньні зь дзяржаўнымі крамамі) асабліва вабіла сюды пэнсіянэраў. Але сёньня іх тут чакала расчараваньне. Гандлёвыя шэрагі пуставалі. Прадстаўнікі адміністрацыі "Камароўкі" падыходзілі да купак раззлаваных наведнікаў і спрабавалі пераканаць іх, што ўлады прынялі слушнае рашэньне. Такая прапагандысцкая праца, аднак, ня мела прыкметнага плёну.

(Гукавая застаўка. Наведнікі "Камароўкі" лічаць, што было прынята няслушнае рашэньне.)

Абураных наведнікаў "камароўскія прапагандысты" накіроўвалі на кірмаш трактарнага заводу. Маўляў, прадпрымальнікі, што працавалі на "Камароўцы", зь сёньняшняга дня гандлююць таннымі бакалейнымі таварамі там. Але гэтым адміністрацыя "Камароўкі" сьвядома ўводзіла людзей у зман. Бо сёньня на трактаразаводзкім кірмашу была зусім іншая сытуацыя.

Вось што паведаміла нашаму радыё адная з былых "камароўскіх" гандлярак Ганна Вяль:

"Нас выкінулі з "Камароўскага рынку". Нам прапанавалі трактарны. Там анічога ня зроблена. Там навогул "нуль". На тым кірмашы няма аўтамабільных пад'ездаў. Там ёсьць стаянка для аўтамабіляў, аднак у яе ёсьць іншыя гаспадары. Людзі, якія сапраўды хадзілі, прасілі, засталіся ні з чым. Вось і ўсё", – паведаміла прадпрымальніца Ганна Вяль.

Былыя "камароўскія" гандляры пасьля гэтага паспрабавалі паскардзіцца ў Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт. Туды скіравалася дэлегацыя іхнага прафэсійнага саюзу "Садружнасьць".

Яе прыняў старшыня гарадзкога камітэту прадпрымальніцтва Валянцін Шлык. Ён выслухаў прафсаюзных актывістаў, але нічым не дапамог. Маўляў, у яго для гэтага занадта мала паўнамоцтваў. Як вынікае зь ягоных словаў, зараз кіраўнікі Менскага гарадзкога выканаўчага камітэту намагаюцца сьпіхнуць вырашэньне гэтае праблемы адзін на аднаго.

Пры гэтым кіраўнікі Менскага гарадзкога выканаўчага камітэту, паводле словаў прадпрымальнікаў, пачуваюць сябе пераможцамі: яны дасягнулі сваёй мэты – ачысьцілі ад гандляроў пляцоўку на "Камароўскім рынку" пад аўтастаянку. Тым самым выканана лютаўскае рашэньне сталічных уладаў, якое было прынятае Ўладзімерам Ярмошыным пад час яго кіраваньня горадам.

Дарэчы, цікавая акалічнасьць. Чыноўнікі Менскага гарадзкога выканаўчага камітэту паведамілі прадпрымальнікам, што цяперашні прэм'ер Ярмошын днямі пахваліў сваіх былых супрацоўнікаў за цьвёрдасьць у "камароўскіх" падзеях. Паводле гэтых зьвестак, Ярмошын працягвае ўважліва сачыць за лёсам сваёй ініцыятывы. Пры гэтым пытаньне – "Навошта старшыні ўраду аўтастаянка на "Камароўцы"?", – пакуль застаецца без адказу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG