Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 красавіка 2000 г.


Алег Жукоўскі, Віцебск

Вядомы апазыцыянэр Валеры Шчукін 25 сакавіка браў удзел у апазыцыйнай акцыі ў Віцебску і адседзеў за супраціў міліцыі 10 сутак. Сёньня ён мусіў стаць перад судом за ўласна ўдзел у шэсьці.

Паседжаньне павінна было адбыцца ўчора, але яго перанесьлі. Як удалося высьветліць, прычынай пераносу ў першую чаргу зьявілася тэлеграма на адрас абласнога пракурора з просьбай прасачыць разгляд справы, а таксама зьвярнуць увагу на тыя парушэньні працэсуальнага кодэксу, якія адбываліся пры затрыманьні дэпутата і правядзеньні першага судовага паседжаньня.

Гэткіх парушэньняў было шмат. Журналіста затрымалі падчас выкананьня ім службовых абавязкаў, а таму патрабаваньні міліцыянтаў пакінуць месца на вуліцы, дзе ён браў інтэрвію, былі незаконнымі. Пратаколы складаліся недакладна, судовы працэс абвесьцілі закрытым, адмовілі ва ўдзеле адвакату і сьведкам з боку адказчыка.

Сёньня суд таксама перанесьлі з-за алсутнасьці адвакаткі спадара Шчукіна Тацяны Вардомскай зь Менску. Але невядома, як разгортваліся б падзеі, каб не зьявілася прадстаўніца АБСЭ, вядомая ў Беларусі праваахоўніца Надзея Дударава. Яна дамаглася, каб Шчукін, які катэгарычна адмаўляўся ісьці ў суд пад аховай, усё ж зьявіўся ў залю да судзьдзі Сьвятланы Туфан і выклаў свае патрабаваньні. Справа ў тым, што чалавека нельга прывесьці з ізалятару ў суд без пастановы судзьдзі аб прымусовай дастаўцы. У выніку суд адбудзецца 12 красавіка ў прысутнасьці адваката.

Каля ганку пастарунка вядомага ва ўсёй рэспубліцы полацкага дэпутата сустракалі прадстаўнікі розных палітычных плыняў і недзяржаўных арганізацыяў.

Карсэпандэнт Радыё Свабода спытаў у спадара Шчукіна, які, напэўан, мае самы багаты досьвед адміністрацыйных пакараньняў у Беларусі, ці будзе ён абскарджваць першы прысуд і удзельнічаць у наступным паседжаньні. Вось што ён адказаў:

(Шчукін: ) "Увогуле, гэта быў ня суд, але судзілішча. Але як паслухмяны грамадзянін я абскрадзіў яго яшчэ знаходзячыся за кратамі. Тым ня менш неразваротлівая віцебская фэміда дагэтуль яго не разгледзела. Што ж датычыць далейшага ўдзелу, дык абавязкова буду ўдзельнічаць. Флоцкі афіцэр Шчукін ніколі не ўхіляўся ад бою".

(Карэспандэнт: ) "Якія ў Вас уражаньні ад віцебскай фэміды і месцаў часовага ўтрыманьня?"

(Шчукін: ) "Ня ведаю, як астатнія суды, але што датычыць суда Чыгуначнага раёну, дык тут поўны "беспредел" – судзілі закрытым судом без адваката і бяз сьведкаў. Што ж датычыцца ўмоваў утрыманьня, дык яны, як і паўсюль у Рэспубліцы Беларусь, парушаюцца і не адпавядаюць абсалютна дзеючым у Беларусі нормам утрыманьня асобаў, якія знаходзяцца пад арыштам. Тым ня менш, павінен адзначыць, што віцебскія ўмовы ўсё ж лепшыя, чым у Менску".

XS
SM
MD
LG