Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 красавіка 2000 г.


Любоў Лунёва, Менск

Савецкім раённым судом Менску была спыненая адміністрацыйная справа намесьніка старшыні Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Анатоля Лябедзькі, распачатая пасьля падзеяў 25 сакавіка.

Сёньня ў Савецкім судзе Менску сабралася шмат людзей, каб назіраць за судовым паседжаньнем у справе Анатоля Лябедзькі. Сярод іх былі прадстаўнікі амбасадаў Нямеччыны й ЗША, прадстаўнікі АБСЭ, шматлікія журналісты. Судзьдзя Аксана Рэлява вымушаная была з-за гэтай прычыны перанесьці разгляд адміністрацыйнае справы ў большае памяшканьне.

Пасьля таго, як былі заслуханыя сьведкі з боку міліцыі (а гэта добра вядомыя Ўладыка й Раманоўскі, якія сёньня зьявіліся ў суд ужо трынаццаты раз за апошні тыдзень), стала зразумела, што менавіта гэтыя людзі насамрэч Лябедзьку не затрымлівалі, а толькі складалі рапарты. А калі былі апытаныя ўсе астатнія сьведкі, высьветлілася, што дэпутата затрымалі прэвэнтыўна, за пятнаццаць хвілінаў да пачатку і за кілямэтар ад мейсца правядзення апазыцыйнай акцыі.

У выніку судзьдзя вымушаная была спыніць адміністрацыйную справу Анатоля Лябедзькі з-за адсутнасьці складу правапарушэньня.

Анатоль Лябедзька, выйшаўшы з судовае залі, выказаў "Радыё Свабода" свае меркаваньні пра паводзіны прадстаўнікоў праваахоўных ворганаў у судовых разьбіральніцтвах, зьвязаных з падзеямі 25 сакавіка:

(Лябедзька: ) "На самой справе, калі чалавек аднойчы парушыў закон, гэта можа быць выпадковасьць. Калі ж ствараецца сыстэма, якая прымушае яго ісьці на парушэньні, даваць сьведчаньні, якія не адпавядаюць рэальнасьці, дык сама сыстэма пачынае гніць. І я баюся, што на сёньняшні дзень у тых жа праваахоўчых ворганах да 80 адсоткаў людзей трэба проста мяняць. Не таму што яны дрэнныя як людзі, але таму, што яны дрэнныя як прафэсыяналы. Для іх ужо не існуе такіх паняцьцяў, як канстытуцыя, як закон, і, нават, я магу, параўноўваючы, сьведчыць, што раней на самай справе бралі дэкрэт Лукашэнкі, нешта перапісвалі, спрабавалі падвесьці, хаця б стварыць уражаньне, што ўсё па законе, а зараз гэтага не адбываецца.

А што да сьведак, дык я скажу так – я ўдзячны, калі можна так сказаць, іх начальнікам, якія не падставілі да канца гэтых маладых хлапцоў. Канешне, яны пазналі. Яны пісалі ў маёй прысутнасьці рапарт, і яны ставілі свае подпісы ў пратаколе, і мы зь імі размаўлялі. Я думаю, што ў маладых людзей не настолькі кароткая памяць. Але добра, што іх начальнікі хаця б не зрабілі іх крайнімі ў гэтай сытуацыі.

Я думаю, што канчатковы вынік – ён цікавы тым, што мы пачнем ствараць нейкія перашкоды вось гэтаму абсалютнаму прававому нігілізму ў праваахоўчых ворганах. Ім даецца індульгенцыя – што б вы не рабілі, ніхто ня будзе прыцягваць вас да ніякай адказнасьці. Таму нам важна зараз стварыць і іншы прэцэдэнт. Проста прымусіць некага сесьці на лаву падсудных. Гэта – архіскладаная задача, але калі яе выканаць у Беларусі, дык гэта было б чырвонае сьвятло перад супрацоўнікамі міліцыі, якія пойдуць і 26-га на Чарнобыльскі Шлях, і 1 траўня на вуліцы.

Я думаю, што ў першую чаргу нам трэба змагацца за аднаўленьне законнасьці ў Беларусі".

Далей Анатоль Лябедзька выказаўся наконт рашэньня суду ў сваёй справе:

(Лябедзька: ) "Ну я так, магчыма з гумарам, скажу, што судзьдзя ж бачыць, што я яшчэ не стары – і ў палітыцы, і ў жыцьці я яшчэ буду працяглы час. Тым больш, што тут сядзелі вельмі вядомыя людзі, прадстаўнікі дыпляматычных місіяў. Судзьдзя, відаць, не пераступіла гэтую рысу – яна не вынесла сама сабе прысуд",

– паведаміў намесьнік старшыні Вярхоўнага Савету Анатоль Лябедзька.

Акрамя справы Анатоля Лябедзькі, сёньня ў Савецкім судзе былі разгледжаныя яшчэ чатыры адміністрацыйныя справы затрыманых удзельнікаў апазыцыйнай акцыі 25 сакавіка.

Судзьдзя Іна Шайко вынесла папярэджаньні Аляксею Шахоўскаму ды Ігару Картэлю. Судзьдзя Руслан Казадаеў разгледзеў справы Алеся Кардаша, Барыса Яфіменкі й Віталя Чарнавуса. Прысуд аднолькавы – папярэджаньні.

XS
SM
MD
LG