Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 03 красавіка 2000 г.


Кастусь Бандарук

Праз год пасьля далучэньня да НАТО трох новых краін – Вугоршчыны, Польшчы і Чэхіі, ў адносінах паміж старымі і новымі членамі альянсу назіраецца некаторая напружанасьць, – адзначае амэрыканская газэта "Wall Street Journal". Аб гэтым сьведчыць, не зважаючы на яго дыпляматычную фармулёўку, прыняты згаданымі краінамі дакумэнт. Адзначаючы ў Будапэшце першую гадавіну ўступленьня сваіх краінаў у НАТО, міністры замежных справаў Вугоршчыны, Польшчы і Чэхіі заявілі, што падчас апрацоўваньня новай стратэгіі эўрапейскай бясьпекі павінна быць улічаная роля новых сябраў, якія не належаць да Эўразьвязу.

Заходнеэўрапейскія сябры НАТО апрацоўваюць праграму "Эўрапейскай Бясьпекі і Абарончай Тоеснасьці", якая прадугледжвае большую незалежнасьць Эўропы ад заакіянскіх сябраў: Злучаных Штатаў і Канады. Вашынгтон ставіць пад сумнеў мэтазгоднасьць і сэнс гэтай праграмы. Пагаджаюцца з Амэрыкай і тры новыя цэнтральна-эўрапейскія сябры НАТО, а таксама краіны, якія хочуць далучыцца да альянсу: Славаччына і балтыйскія дзяржавы.

Аднак заходнія эўрапейцы аказваюць ціск на усходнікаў, недвухсэнсоўна спрабуючы замкнуць ім рот. Паводле міністра замежных справаў Францыі Вэдрына, былыя сябры Варшаўскага Пакту могуць адыграць ролю "траянскага каня" і перашкодзіць Францыі і Нямеччыне стварыць незалежны ад ЗША саюз.

Тое, што дамінуючая роля ЗША ў НАТО і ў сьвеце яўна ўсё больш раздражняе заходнюю Эўропу – відавочнае. Жак Шырак падвучыў Ведрына, каб той перастаў называць ЗША "звышдзяржавай". Гаворачы пра супольную эўрапейскую валюту "эўра", Шырак адзначыў, што яна азначае "супрацьдзеяньне амэрыканскай гегемоніі" і дадаў, што "ніводная краіна ня мае права выказвацца ад імя ўсяго сьвету".

Падобныя думкі, хаця і ў больш мягкай форме, выказалі іншыя палітыкі. Былы канцлер ФРГ Шмідт заявіў, што "эўра можа зьмяніць сытуацыю ў сьвеце такім чынам, што ЗША ня змогуць накідаць астатнім краінам сваю волю". Міністар абароны Бэльгіі задаў рытарычнае пытаньне: "як можам будаваць самастойную палітычную структуру ў Эўропе і адначасова ў пытаньнях абароны заставацца залежнымі ад свайго галоўнага суперніка?"

Зыходзячы з такой пазыцыі, прэзыдэнт Францыі і міністар замежных справаў ФРГ у прыватнасьці выказалі сваё незадаволеньне праамэрыканскай пазыцыяй Польшчы.

"Wall Street Journal" цытуе Шырака, які, нібыта, зьедліва спытаўся ў польскага міністра Гэрэмка: "Што, можа Польшча хоча стаць 51-м штатам ЗША?". Таксама Ёшка Фішэр павучаў прафэсара Гэрэмка, што той павінен быць найперш "добрым эўрапейцам".

"Чаму гэта эўрапейцы ня мелі б умацоўваць сваю сілу у адказ на дамінацыю з боку ЗША?" – заявіў адзін зь лідэраў нямецкіх хрысьціянскіх дэмакратаў Карль Лямэрс. Падобны ціск з боку сваіх заходніх саюзьнікаў адчулі таксама Вугоршчына і Чэхія. Паводле амэрыканскай газэты "Wall Street Journal", такое папярэджаньне ў адрас новых саюзьнікаў можа азначаць наступнае: калі Вугоршчына, Польшча і Чэхія ня будуць салідарныя із заходнеэўрапейскімі сталіцамі ў пытыньнях НАТО, тады ім будзе заблякаванае ўступленьне ў Эўразьвяз".

Дзярждэпартамэнт ЗША пацьвердзіў выразную тэндэнцыю да аддзяленьня Эўропы ад Амэрыкі і разнагалосьсі паміж старымі і новымі членамі альянсу. Мадлен Олбрайт заклікала заходнеэўрапейскія сталіцы не дыскрымінаваць кандадатаў на членства ў Эўразьвязе з прычыны іхнай самастойнай палітыкі.
Памочнік дзяржсакратара Марк Гросман заявіў, што "некаторыя палітыкі з заходняй Эўропы прымушаюць кандадатаў на членства ў Эўразьвязе выбіраць паміж Эўропай і трансатлянтычнымі адносінамі".

Незважаючы на ціск з боку заходніх эўрапейцаў, піша "Wall Street Journal", ня толькі тры новыя сябры НАТО, але й іншыя кандыдаты на членства ў альянсе і Эўразьвязе лічаць менавіта Злучаныя Штаты гарантам сваёй бясьпекі, ня бачаць альтэрнатывы для вядучай ролі ЗША ў альянсе і гатовыя хутчэй стаць на баку Вашынгтону, чым заходняй Эўропы.

Ім больш даспадобы бескампрамісная пазыцыя ЗША ў дачыненньні да агрэсараў і тыранаў, чымсі млявая і нерашучая пазыцыя Эўропы. Яны падтрымалі рэзалюцыю, ў якой асуджаліся парушэньні правоў чалавека на Кубе, і яны падтрымоўваюць Ізраіль у блізкаўсходнім, мірным працэсе. Яны надалей хочуць далучыцца да эўрапейскіх структураў, адзначае "Wall Street Journal", але не хацелі б быць удзельнікамі спаборніцтва паміж Эўропай і Амэрыкай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG