Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 03 красавіка 2000 г.


Валянціна Аксак, Менск

(эфір 31 сакавіка)
У Менску, ў тэатральнай залі Чырвонага касьцёлу, ўрачыста адчынілася адмысловая выстава Аляксея Марачкіна, прысьвечаная выбітным дзеячам гісторыі і культуры Беларусі. Удзельнікі імпрэзы змаглі ацаніць ня толькі партрэтны жывапіс слыннага мастака, але й ягоныя паэтычныя творы, якія прагучалі з вуснаў аўтара.

Высокія скляпеньні сакральных муроў бажніцы вымагаюць далікатнасьці ў аздобе ці мастацкіх імпрэзах, якія тут ужо сталі звыклымі з ласкі і падтрымкі пробашча касьцёлу, вялікага ахвярніка на ніве адраджэньня нацыянальнае духоўнасьці айца Ўладзіслава Завальнюка. І сёньняшняя вечарына, якую зладзіў гаспадар гэтае тэатральнае залі – беларускі паэтычны тэатр "Зьніч", толькі падкрэсьліла тую бясспрэчную ісьціну, што шлях да веры ляжыць праз культуру.

Жывапісныя партрэты слынных сучасьнікаў ды гістарычных дзеячаў з-пад пэндзля таленавітага мастака арганічна запоўнілі пространі касьцельных муроў. Рагнеда, Вітаўт Вялікі, Мікола Гусоўскі, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, намаляваныя Аляксеем Марачкіным ва ўсёй іхняй велічы, годнасьці і гордасьці, успрымаюцца ў гэтых сьценах сапраўднымі волатамі духу, што надало урачыстай імпрэзе адкрыцьця выставы атмасфэру ахаванасьці прысутных ад раз'ятранага навакольля.

Цені вялікіх продкаў міжволі праступаюць на абліччах сучасьнікаў мастака – сябры і паплечніка Яўгена Куліка, шматгадовага лідэра нацыянальнага руху Зянона Пазьняка, паэта-мніха Алега Бембеля, стваральніка шматлікіх мастацка-палітычных пэрфомансаў Алеся Пушкіна. Лучаць сучаснасьць з мінуўшчынай партрэты легендарнае паэткі Ларысы Геніюш і гісторыка Міколы Ермаловіча, вобраз якога ўспрымаць ў мінулым сьвядомасьць яшчэ не прывыкла.

Цень нядаўняе страты лунала над прысутнымі, і звыклая будзёнасьць прабівалася праз тоўшчу сьценаў. Барды сьпявалі пра змаганьне, а мастак загаварыў вершамі:

(Марачкін: )

"Дарога ідзе налева, дарога ідзе направа,
А побач – лугі, сенажаці,
Чужыя сьляды, патрава.
Дарога ідзе налева, дарога ідзе направа".

Чужаніца кіруе шмат гадоў ужо і лёсам гэтых партрэтаў, якім даўно мейсца ў акадэмічнай экспазыцыі галоўнага музэю краіны. Аднак нацыянальна-скіраванай эліты ў чынавенстве, якое вяршыць лёс культурных каштоўнасьцяў, не было ў часы стварэньня гэтых працаў. "А таму, - гаворыць Аляксей Марачкін, - гэтыя працы шмат гадоў параскіданыя па прыватных ды мастакоўскіх сховішчах. Лёс партрэтаў аказаўся ня лепшы за лёс асобаў.

Самы новы па часе стварэньня партрэт Ларысы Геніюш выказаў жаданьне набыць для музэя сучаснага мастацтва ягоны дырэктар Васіль Шаранговіч. Гэтую ініцыятыву афіцыйнае беларускае радыё пракамэнтавала даволі агрэсыўна.

(Марачкін: ) "Калі ішла гаворка пра закупку гэтага твора, то афіцыйнае, як я называю – лукашэнкаўскае радыё, – абвесьціла на ўсю Беларусь, што Марачкіну ня трэбпа даваць ганарары за гэты твор, таму што грошы пойдуць на апазыцыю. Я тады пажартаваў – у такім разе мне ня трэба наогул даваць грошы за тое, што я працую ў Беларускай Акадэміі Мастацтваў, бо грошы ідуць на апазыцыю. Жонка – апазыцыянэр, сын, нявестка і дзеці малыя – унукі".

І вось ужо год, як чыноўнікі спрабуюць давесьці дырэктару музэя сучаснага мастацтва свой абсурдны погляд на гэты твор Аляксея Марачкіна. Так што пасьпяшайцеся ўбачыць нацыянальных гістарычных і культурных асобаў ў выстаўленай сёньня экспазыцыі. Бо хутка зноў яны адправяцца не ў музэі, а ў нікому не даступныя сховы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG