Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 03 красавіка 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

(эфір 1 красавіка)
Экс-міністар сельскае гаспадаркі Васіль Лявонаў завяршыў азнаямленьне з пратаколам судовага разгляду сваёй справы й прыступіў да напісаньня касацыйнае скаргі. Дэпутат Андрэй Клімаў яшчэ знаходзіцца ў ізалятары на Валадарскага ў Менску. Жонка зьніклага міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранкі заяўляе, што ня верыць у жаданьне ўладаў адшукаць ейнага мужа. У сям'і Васіля Старавойтава радасьць – з турмы вярнуўся муж ягонае дачкі Тацяны.

Васіль Лявонаў пачаў напісаньне скаргі на вынесены яму прысуд. Пра гэта паведаміла ягоная дачка Сьвятлана, якая днямі бачылася з Лявонавым у Варшанскай калёніі. Што такая скарга будзе пададзеная, экс-міністар сельскае гаспадаркі заявіў адразу пасьля суду, але спачатку трэба было азнаёміцца з пратаколам слуханьняў і параўнаць гэты пратакол з прысудам.

"На гэта пайшло больш за два тыдні, потым бацька хварэў – у яго была ангіна – і вось нарэшце бацька ўзяўся за скаргу", – паведаміла Сьвятлана Ўласава. Паводле ейных словаў, Лявонаў мала спадзяецца на станоўчы вынік скаргі, аднак упэўнены, што ўсе магчымасьці на абарону мусіць выкарыстаць да канца".

Складаньнем скаргі цяпер заняты і Андрэй Клімаў. Ён дагэтуль знаходзіцца ў Менску ў ізалятары на Валадарскага – і да разгляду справы калегіяй гарадзкога суду нікуды пераводзіцца ня будзе. Папярэдняя касацыйная скарга на вынесены Клімаву прысуд адвакаткаю Вольгай Біруляй пададзеная, у хуткім часе скарга атрымае і канчатковы выгляд.

Нагадаю, дэпутат Андрэй Клімаў атрымаў 6 гадоў турмы, зь якіх два ён ужо правёў у ізалятары на Валадарскага. Нядаўна як раз было два гады, як Клімава дакладна на вуліцы, у прысутнасьці жонкі й дзяцей арыштавалі ўзброеныя аўтаматамі спэцназаўцы.

Дарэчы, учора гадавіну гэткай жа падзеі адзначыў і Міхал Чыгір. Яго "алмазаўцы" затрымлівалі пры падобных абставінах дакладна год таму, 31 сакавіка 99-га. Пасля васьмі месяцаў знаходжаньня за кратамі й трох месяцаў суду Чыгір наступным чынам камэнтуе сваю справу…

(Чыгір: ) "Такога не павінна быць у нармальнай дзяржаве. Гэта яшчэ раз гаворыць аб тым, што ў нас дзяржава хворая, і хворае ў першуб чаргу кіраўніцтва дзяржавы".

Па-ранейшаму аніякіх новых зьвестак няма пра Юрыя Захаранку, Віктара Ганчара й прадпрымальніка Анатоля Красоўскага, які зьнік разам з Ганчаром. Звароты дэпутатаў Вярхоўнага Савету, вядомых дзеячоў Беларусі й сваякоў зьніклых да расейскага кіраўніцтва з просьбаю паспрыяць у пошуках да вынікаў пакуль не прыводзяць.

Па вялікаму рахунку, з Масквы анічога не паведамляюць і пра хоць нейкія намаганьні афіцыйных уладаў у гэтым кірунку. А вось з Украіны прыйшлі зьвесткі пра тое, што прэзыдэнт Леанід Кучма аддаў загад актывізаваць пошукі Юрыя Захаранкі на тэрыторыі Ўкраіны. Гэтак кіраўніцтва Украіны адказала на афіцыйную інфармацыю зь Беларусі пра тое, нібыта Захаранку бачылі ва Ўкраіне.

Між тым Вольга Захаранка, жонка зьніклага міністра, гэтай інфармацыі ад беларускіх афіцыйных крыніцаў ня верыць. "Уся гэтая інфармацыя сыходзіць з аднае крыніцы й вы яе ведаеце. Гэтай крыніцы давяраць нельга. Яна ведае, дзе Юра, але нікому ня скажа", – гэтак мяркуе Вольга Захаранка.

Тым часам у Мышкавічах, у сям'і Васіля Старавойтава радасная падзея. Пасьля адбыцьця пакараньня вярнуўся з турмы зяць Старавойтава Сяргей Жалабаеў, муж дачкі Тацяны. Старавойтавы прымаюць віншаваньні з тым, што жыцьцё іх уваходзіць у нармальную каляіну, парушанае гняздо адраджаецца. З гэтае нагоды я патэлефаніў Васілю Старавойтаву ў Мышкавічы…

(Старавойтаў: ) "Так, Сяргей у Мышкавічах. На "удо" яго адпусьцілі – "услоўна-дасрочна". Гэта значыць, ён сядзіць дома, строга справаздае, дзе ён знаходзіцца кожны дзень – раніцай і ўвечары павінен паведамляць у міліцыю".

(Карэспандэнт: ) "А чым гэта выклікана, што яго вызвалілі?"

(Старавойтаў: ) "А турмы перапоўненыя, няма куды іх дзець".

(Карэспандэнт: ) "Так і патлумачылі?"

(Старавойтаў: ) "Не, ён так не тлумачыць. Гэта я так тлумачу. А што ж рабіць? Я ж ведаю ў Воршы… Прыбывала ў месяц чалавек 200, а выпускалі – 70. Як жа жыць? Там усё забіта, няма куды падзець".

(Карэспандэнт: ) "А за што ён усё-ткі быў арыштаваны?"

(Старавойтаў: ) "За назаконнае перахоўваньне зброі. Стрэльба дробнакаліберная – нашто ён яе трымаў? Цяжка сказаць. Проста ён далёка езьдзіў да сваіх бацькоў, а яны жывуць у Краснадарскім краі. Ён езьдзіў туды зь дзеткамі часта, і, напэўна, вазіў з сабой дзеля аховы".

(Карэспандэнт: ) "Ён прывез адтуль яе?"

(Старавойтаў: ) "Я ня ведаю, дзе ён узяў, я зь ім на гэтую тэму не размаўляў. Усё ў сакрэце трымаў".

(Карэспандэнт: ) "Гэта стала вядома, калі Вас арыштавалі?"

(Старавойтаў: ) "Так, зь ператрусам зайшлі да іх і знайшлі".

(Карэспандэнт: ) "Віншуем Вас, што сям'я ўжо поўная…"

(Старавойтаў: ) "Дзякуй. А то мне было цяжка, нібыта празь мяне… А стрэльба проста ляжала, смазаная, ніколі не страляла, экспэртыза была…"

Гэта быў Васіль Старавойтаў. Нагадаю, пасьля ягонага арышту ў Мышкавічах было засуджана больш за трыццаць чалавек, у тым ліку абодва зяці старшыні ды адна з дачок. Калі не ўдавалася ўзбудзіць супраць іх справу, зьвязаную з гаспадарчай дзейнасьцю, знаходзілі што іншае. Вось у Сяргея Жалабаева, кіроўцы-дальнабойшчыка знайшлі "мялкашку", якую ён набыў дзеля самаабароны пад час дальніх рэйсаў, і за гэта пасадзілі на чатыры гады.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG