Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 03 красавіка 2000 г.


Аляксандар Лукашук

Мы папрасілі пракамэнтаваць сход акцыянэраў "Беларусьбанку" Тамару Віньнікаву, былую старшыню Нацыянальнага банку Беларусі, якая пасьля таямнічых уцёкаў з-пад хатняга арышту цяпер жыве за мяжой. Паводле Віньнікавай, сёньня Беларусь на 65% належыць алігархам Расеі, на 11% – краінам Балтыі і на 24% – краінам далёкага замежжа, сярод якіх 33 афрыканскіх і 32 азіяцкіх краіны. Тамара Віньнікава адказвае на пытаньні Аляксандра Лукашука.

(Віньнікава: ) "Сёньня нашая дзяржава – банкрут. Чыстая зьнешняя запазычанасьць нашай дзяржавы складае каля 1 мільярда 200 мільёнаў даляраў. Гэта калі перавесьці ў даляравы эквівалент. Гэта значыць, што Беларусь на такую суму павінна больш, чым пастаўшчыкі павінны ёй.

Калі крэдыторы ініцыююць працэдуру банкруцтва, дык на сёньня нашая рэспубліка на 65 адсоткаў належыць алігархам Расеі, на 11 адсоткаў – краінам Балтыі, і на 24 адсоткі належыць далёкаму замежжу, сярод якіх 33 афрыканскіх краіны і 32 азыяцкіх".

(Лукашук: ) "Тамара Дзьмітрыеўна, адкуль у Вас такія зьвесткі, адкуль гэтыя разьлікі?"

(Віньнікава: ) "Гэта статыстыка. Гэта афіцыйная статыстыка, гэта прафэсыйная праца са статыстыкай. Вы – прафэсыянал-журналіст, я – прафэсыянал-эканаміст".

(Лукашук: ) "Якімі крыніцамі Вы карысталіся?"

(Віньнікава: ) "Я карыстаюся статыстычнымі зборнікамі Рэспублікі Беларусь".

(Лукашук: ) "Я хацеў бы папрасіць Вас пракамэнтаваць канкрэстную заяву, якая сёньня прагучала пад час сходу акцыянэраў. Вось акцыянэр Скварцоў зь Віцебска сёньня заявіў, што калі ствараўся "Беларусьбанк", ён за акцыі заплаціў 4 тысячы даляраў, а сёньня гэтыя акцыі абясцэніліся ў 45 разоў, і зараз банк хоча іх купіць усяго за 90 даляраў. Што б Вы маглі адказаць акцыянэру Скварцову?"

(Віньнікава: ) "Я хацела б сказаць, што ўсё тое, што сёньня творыцца ў дзяржаве і, у прыватнасьці, у Ашчадным банку, гэта… можа быць… палітыка маўклівае згоды самога насельніцтва, самога народа. Проста насельніцтва, укладчыкі павінныя патрабаваць, каб ім у поўнай меры кампэнсоўвалі тое, што яны ўклалі. Сёньня заканадаўчая аснова гэта дазваляе.

Прэзыдэнт забараніў кантраляваць Ашчадны банк і, напрыклад, калі я ўзначальвала Нацыянальны Банк, было забаронена пісаць адмоўную інфармацыю аб Ашчадным Банку. Таму ніякага кантролю няма, таму ідзе абясцэньваньне. Таму што маўчыць народ. І той жа акцыянэр Скварцоў – пакуль ён будзе маўчаць, датуль у яго будуць выцягваць гэтыя грашовыя сродкі".

(Лукашук: ) "Спадарыня Ермакова заявіла, што "Беларусьбанк" мае малыя прыбыткі з тае прычыны, што ў 1995 годзе былі аб'яднаныя Ашчадны банк і камэрцыйны "Беларусьбанк", вось, маўляў, ад гэтага ідуць усе беды. Дарэчы, выступіў Уладзімер Хілько, былы старшыня Ашчаднага банку, які таксама заявіў, што праблема ў гэтым аб'яднаньні. Як Вы глядзіце на гэтую праблему?"

(Віньнікава: ) "Я гляджу так, што гэта ёсьць дзяржаўная мана – і выступ Хілько, і выступ Ермаковай. Таму што ўсе страты, якія былі ў Ашчадным банку – гэта ёсьць палітыка дзяржавы. Бо дзяржава дазволіла таму ж Хілько, які нядаўна ў сродках масавай інфармацыі заявіў, што супрацоўнікам банку выдаваліся крэдыты зусім без працэнтаў. Гэта рабілася апаратам Ашчаднага банку, без працэнтаў наогул!

Супрацоўнікі Ашчаднага банку і некаторых дзяржаўных установаў вывезьлі сваіх дзяцей у Чэхію і па шмат год утрымлівалі іх там, бо яны ўважалі, што дзеці не павінны, так бы мовіць, дыхаць чарнобыльскім паветрам. Гэта таксама было за кошт сродкаў укладчыкаў. Было патрачана шмат сродкаў на сумнеўнага кшталту удзел у акцыянаваньні шмат якіх прадпрыемстваў.

Хілько знаходзіўся пад сьледзтвам, і сьледзтва палічыла, што тут няма складу злачынства. Так будзе працягвацца і далей.

Тое самае робіць і Ермакова. Нядаўна яна склікала прэсавую канфэрэнцыю і сказала, што ёй вельмі трэба мець прыгожыя чаравікі, прыгожую сумачку і прыгожую сукенку – для гэтага яна атрымлівае ў банку крэдыт. Я Вам толькі што казала, што 80 адсоткаў зношваньня асноўных фондаў на прадпрыемствах – Ермакова за кошт укладаў купляе сабе сумачкі. Дык аб чым мы сёньня гаворым?"

(Лукашук: ) "Тамара Дзьмітрыеўна, сумачку добрую старшыні банку мець можа і ня грэх…"

(Віньнікава: ) "Ня грэх, але не за кошт укладаў. Пагадзіцеся".

(Лукашук: ) "Ну за кошт зарплаты. Але скажыце, што рабіць людзям? Ці могуць яны давяраць хоць аднаму банку ў Беларусі і ўкладаць туды грошы? Вашая ацэнка?"

(Віньнікава: ) "Я лічу, што сёньня сытуацыя ўскладнілася тым, што разглядаецца пытаньне аб аб'яднаньні дзьвюх грашовых сыстэмаў, аб увядзеньні расейскага рубля на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Калі гэтая апэрацыя будзе праведзеная, дык дзяржава і дзяржаўныя грошы, грошы ўкладчыкаў будуць цалкам належаць алігархам Расеі. Таму што сёньня банкаўская сыстэма Расеі – гэта 1350 банкаў, у Беларусі – 27 банкаў. Чыстыя ўнутраныя актывы расейскіх банкаў – 54 мільярды даляраў, чыстыя ўнутраныя актывы нашай сыстэмы – парадку 1 мільярда даляраў. Зразумела, што сыстэма будзе паглынутая. Яна будзе належаць алігархам. Пры тым, што мы вінныя паўтары мільярды даляраў, вы ж разумееце, каму будуць належаць уклады.

Таму сытуацыя на сёньня вельмі складаная, але ў народа ёсьць выйсьце, ёсьць выйсьце ва ўкладчыкаў – запатрабаваць ад прэзыдэнта навесьці парадак, запатрабаваць ад прэзыдэнта, каб ён пачынаў працаваць сам, і каб пачыналі працаваць яго людзі, пастаўленыя на адказныя пасады. Гэта значыць, што выйсьце ёсьць, і яно ў руках самога народа".

(Лукашук: ) "Гэта значыць, Тамара Дзьмітрыеўна, вы застаецеся аптымісткай і лічыце, што Аляксандру Лукашэнку па сілах правядзеньне рэформаў і зьмена курсу краіны?"

(Віньнікава: ) "Аляксандру Лукашэнку, перш за ўсё, трэба навесьці парадак у дзяржаве. Яму пара пачынаць працаваць, а не растаўляць непрафэсыяналаў на адказныя, ключавыя пасады. Калі ўжо ён іх паставіў, дык хаця б павінен кантраляваць іх. Я Вам назвала – 50% сродкаў сёньня працуе ў іншых дзяржавах.

Я магу Вам сёньня назваць яшчэ адну апэрацыю, якую Нацыянальны Банк пад вокнамі Камітэта Дзяржаўнае Бясьпекі праводзіць. Ён прадае ўвечары нікому не вядомым банкам не вядома па якім указе валюту нашмат дзешавей, чым прадае, скажам, у працягу цэлага дня. Няма абвестак, што ўвечары можна купіць валюту нашмат дзешавей, чым ёсьць на біржы…Гэта ёсьць крадзёж, разумееце?"

(Лукашук: ) "Тамар Дзьмітрыеўна, Вашая абазнанасьць тым, што адбываецца на менскіх вуліцах ,ня можа ня ўразіць. На жаль, час нашага знаходжаньня ў эфіры сканчаецца. Спадзяюся, мы зьвяжамся з Вамі пазьней".

XS
SM
MD
LG