Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 03 красавіка 2000 г.


Алесь Мікалайчанка, Маладэчна

У Маладэчне, Барысаве ды ў іншых буйных гарадах Менскае вобласьці шпаркімі тэмпамі пачаў разьвівацца дзяржаўны рытуальны бізнэс. Попыт на пахавальныя паслугі павялічыўся ва ўсёй краіне, бо за апошнія гады рэзка падвысілася сьмяротнасьць сярод жыхароў.

Сёньня маладэчанскі завод "Рамбыттэхніка" чыноўнікі называюць прыкладам для іншых. Дырэкцыя прадпрыемства знайшла сваю бізнэсовую нішу, бо ўдала скарыстала рэзка падрослы попыт на пахавальныя паслугі. Тут у 1998 годзе арганізаваўся адмысловы цэх, дзе пачалі вырабляць гранітныя і мармуровыя помнікі, дамавіны, саваны, вянкі ды іншую падобную прадукцыю. І вось такім чынам завод выйшаў з прарыву, бо рамонт побытавай тэхнікі стаўся стратным.

Работнікі прадпрыемства зараз стабільна атрымліваюць параўнаўча неблагі заробак. Заводзкае начальства распачало "эўрарамонт" адміністрацыйных памяшканьняў, перасялілася ў больш утульныя габінэты.

Некалькі дзён таму позна ўвечары я патрапіў у цэх рытуальных паслугаў, калі касірка заводу Натальля Кульбака толькі што падлічыла дзённую выручку. Яна адзначыла: "Добрая выручка…"

(Карэспандэнт: ) "Гэтая выручка больш чым плянавалася?"

(Кульбака: ) "Больш, канешне…"

Як высьветлілася, звычайная дзённая выручка цэху рытуальных паслугаў з пачатку году ўсталявалася на адзнацы 100 тысячаў рублёў. А ў той дзень, калі я там пабываў, было рэалізавана тавараў на 150 тысячаў.

Кіраўніца цэху Яніна Казановіч распавяла пра тое, што іхную рытуальную прадукцыю купляюць таксама ў заходняй частцы Меншчыны, а таксама ў Берасьцейскай і Гарадзенскай абласьцях. Але попыт на тавары цэху ў Маладэчне настолькі вялікі, што, паводле спадарыні Казановіч, ёсьць неблагія пэрспэктывы ў пашырэньні:

(Казановіч: ) "Плянуем, каб там быў агэнт у абслугоўваньні, які б мог усе закупкі зрабіць,.. каб б з пачатку да канца пахаваньне было зроблена на высокім роўні…"

(Карэспандэнт: ) "Ці задаволены вы гэтымі вытворчымі плошчамі? Ці трэба іх пашыраць?

(Казановіч: ) "Вытворчыя плошчы на сёньняшні дзень ужо малаватыя. На гэты год дырэктар заводу заплянаваў пашырыць значна салён рытуальных паслугаў… Недзе ўдвая…"

Гэта была Яніна Казановіч. Пасьля размовы зь ёю ў мяне адбылася гутарка з кіраўніком справаў Маладэчанскага гарадзкога выканаўчага камітіэту Валяр'янам Кавалевічам, які пацьвердзіў, што насамрэч фінансавы посьпех цэху рытуальных паслугаў грунтуецца на ўсплёску сьмяротнасьці жыхароў рэгіёну праз нізкі ровень жыцьця землякоў ды праз самыя розныя хваробы, якія цяжка лячыць. Найперш – сухоты.

Спадар Кавалевіч азнаёміў мяне з наступнай статыстыкаю: калі ў 1996 годзе колькасьць тых, хто нарадзіўся ў Маладэчне, перавышала колькасьць памерлых на 16 чалавек, то праз два гады колькасьць памерлых была большай за колькасьць немаўлятаў на 145. На вёсцы гэтае перавышэньне склала лічбу 521.

У адмысловай даведцы канстатуецца: "У сувязі з больш высокай сьмяротнасьцю мужчын, асабліва ў працаздолным веку, іх колькасьць зьменшылася, што пацягнула за сабою пагаршэньне полававекавай структуры".

У выніку колькасьць жанчынаў няпрацаздольнага пэнсійнага веку ў горадзе й рэгіёне болей чым удвая перавышае колькасьць мужчын. Так што насамрэч у цэху рытуальных паслугаў "Рамбыттэхнікі" наперадзе добрая бізнэсовая пэрспэктыва. І гэта ці не адзіная сфэра, якая прыносіць высокі стабільны прыбытак.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG