Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 03 красавіка 2000 г.


Ганна Навумовіч, Менск

Распачалася апошняя сэсія гэтак званае "Палаты прадстаўнікоў".

Складваецца ўражаньне, што жыцьцё ў краіне аніяк не ўплывае на працу гэтак званае "Палаты прадстаўнікоў". Сёньня дэпутаты "палаты" працавалі як заўсёды. Пытаньні пра падзеі 25 сакавіка або пра Выбарчы кодэкс навогул не былі закранутыя.

Адзінае, што перашкодзіла заплянаванаму пачатку паседжаньня – ініцыятыва дэпутата Віктара Кучынскага правесьці слуханьні наконт працоўнае міграцыі. Але Кучынскага супакоілі, і дэпутаты перайшлі да заканатворчае дзейнасьці. Працавалі яны вельмі хутка. Як і заўсёды ў "Палаце прадстаўнікоў", за дзень амаль бяз спрэчак было прынята некалькі заканапраектаў. Толькі пад час разгляду Закону аб статусе судзьдзяў Васіль Хрол выказаўся за большую незалежнасьць судзьдзяў ад выканаўчае ўлады.

Усяго пад час апошняе сэсіі гэтак званая "Палата прадстаўнікоў" мае намер прыняць 78 праектаў законаў. У прыватнасьці, плянуецца разгледзець чарговыя папраўкі да закону аб мітынгах, вулічных шэсьцях ды іншых масавых акцыях.

Паводле новага праекту, рашэньне пра дазвол на акцыю будзе прымаць мясцовы кіраўнік з улікам вялікае колькасьці разнастайных абставінаў. Ён мусіць будзе ўлічваць час, дату й месца правядзеньня акцыі, выдаткі на мэдычнае абслугоўваньне, на прыбіраньне тэрыторыі, ахову грамадзкага парадку і – цытую – "іншыя абставіны, якія ўплываюць на забесьпячэньне грамадзкае бясьпекі".

Мясцовы кіраўнік, паводле праекту, будзе прымаць такое рашэньне па ўзгадненьні з рэспубліканскімі ворганамі дзяржаўнага кіраваньня. Калі ў акцыі бярэ удзел больш за 1,5 тысячы чалавек, дазвол на правядзеньне акцыі будзе даваць кіраўнік Менскага гарадзкога ці абласнога выканаўчага камітэту або ягоны намесьнік.

Паводле праекту, масавыя акцыі будзе забаронена праводзіць бліжэй за 200 мэтраў ад падземных пераходаў і станцыяў мэтро.

Яшчэ адзін цікавы праект тычыцца правядзеньня рэспубліканскіх і мясцовых сходаў кшалту Агульнабеларускага сходу, які праводзілі ўлады напярэдадні рэфэрэндуму 96-га году. На такіх сходах плянуецца абмяркоўваць разнастайныя пытаньні й рабіць прапановы кіраўніку краіны. Дарэчы, рэспубліканскія сходы будзе склікаць той самы кіраўнік краіны.

З 96-га году гэтак званая "Палата прадстаўнікоў" працавала без нечаканасьцяў, паслухмяна выконваючы пераважную бальшыню жаданьняў выканаўчае ўлады. Дарэчы, паводле папярэдніх падлікаў, каля паловы дэпутатаў гэтак званае "палаты" пойдуць на выбары гэтага году.

XS
SM
MD
LG