Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 03 красавіка 2000 г.


Ігар Карней, Менск

У беларускай арміі надзвычайнае здарэньне. Загадам міністра абароны генэрал-палкоўніка Чумакова да шэрагоўца разжалаваны 49-гадовы палкоўнік Уладзімер Мялюшка. Былога палкоўніка абвінавачваюць у тым, што ён нібыта спрабаваў стварыць умовы для звальненьня міністра з Узброеных сілаў.

У лістападзе 1998 году на загад Аляксандра Лукашэнкі была створаная камісія ў справе асьведчаньня на годнасьць да вайсковае службы сілавых міністраў ды іхных намесьнікаў. Кіраўніком камісіі прызначылі начальніка мэдычнае службы галоўнага штабу палкоўніка Мялюшку.

Ужо ў студзені 99-га Лукашэнку былі паведамленыя першыя вынікі мэдычнага абсьледваньня. Сярод тых, хто з-за стану здароўя ня мог працягваць службу, быў названы й генэрал Чумакоў.

Аднак, міністар палічыў, што дыягназ сфабрыкаваны, і прыгразіў палкоўніку Мялюшку звальненьнем. Выратавала тое, што 18 студзеня 1999 году прэзыдэнт падпісаў загад, у адпаведнасьці зь якім кола паўнамоцтваў Мялюшкі йстотна пашыралася. Ён быў прызначаны старшынём міжведамаснае мэдычнае камісіі ў абсьледваньні ўсяго кіруючага складу, уключанага ў кадравы рэестар кіраўніка дзяржавы.

У студзені гэтага году 427 вышэйшых кіраўнікоў дзяржавы прайшлі чарговае абсьледваньне на базе лечкамісіі. Дыягназ, пастаўлены Чумакову раней, зноў пацьвердзіўся. Лукашэнку другі раз даклалі, што з такім захворваньнем Чумакову нельга займаць адказную пасаду. І тут пачало дзейнічаць тэлефоннае права.

Былы міністар абароны Павал Казлоўскі ў інтэрвію карэспандэнту "Радыё Свабода" паведаміў, што за свайго аднакурсьніка неаднаразова заступаўся міністар абароны Расеі Ігар Сяргееў. Ён нават прапаноўваў правесьці абсьледваньне Чумакова ў Маскве. Але бакі сыйшліся на тым, што "пад Чумакова" будзе створаная адмысловая камісія па-за кампэтэнцыяй камісіі Мялюшкі.

Сёлета ў лютым Чумакоў атрымаў жаданы дыягназ: "здаровы". Адначасова зьявілася магчымасьць пакараць незгаворлівых апанэнтаў.

На пачатку сакавіка Мялюшка, а таксама галоўны тэрапэўт Узброеных сілаў прафэсар Бова й старшыня Цэнтральнае ваенна-лякарнае камісіі Кірылаў былі выкліканыя на калегію, дзе Чумакоў заявіў: "за спробу зфальсыфікаваць вынікі мэдычнае праверкі будзеце разжалаваныя да шэрагоўцаў".

Сваё слова міністар стрымаў. 24 сакавіка ён выдаў загад: "…выкарыстаўшы службовае становішча, палкоўнік Мялюшка ў якасьці старшыні міжведамаснае камісіі зрабіў спробу стварыць умовы для звальненьня міністра абароны з Узброеных сілаў, зфальсыфікаваўшы ягоны дыягназ". І далей: "разжалаваць у шэраговыя".

Пачынаючы з гэтага дня, Мялюшка не атрымлівае заробку, а пэнсія, да якой заставалася ўсяго тры месяцы, будзе выплачвацца на агульных падставах толькі празь 10 гадоў. Пацярпелі й калегі былога палкоўніка. Прафэсар Бова пасьля шасьці гадзінаў жорсткае гутаркі зь міністрам перажыў клінічную сьмерць. Палкоўнік Кірылаў у стане глыбокай дыпрэсіі трапіў у псыханэўралягічны дыспансэр у Навінках пад Менскам.

Паводле Паўла Казлоўскага, для такіх паводзінаў міністра няма аніякіх падставаў. Нягледзячы на тое, што ў Беларусі дзейнічае часовы дысцыплінарны статут, згодна зь якім міністар мае права караць падначаленых, для гэтага неабходны шэраг умоваў. Найперш, хадайніцтва суду або паседжаньня афіцэрскага суду гонару. Аніводная з умоваў выкананая не была. Таму, на думку Казлоўскага, загад Чумакова можна расцэньваць як элемэнтарную помсту.

Заўтра разжалаваны палкоўнік Мялюшка зьбіраецца падаваць зыск на дзеяньні генэрал-палкоўніка Чумакова ў ваенны суд.

XS
SM
MD
LG